Вось ужо шосты Новы год супольнасць ДМХ «Адзіныя сэрцам» сустракае разам. І кожнае святкаванне імкнецца быць асаблівым, непаўторным. (Спойлер: так яно і атрымліваецца). У гэтым годзе, дзякуючы натхненню душпастыра ксяндза Уладзіміра Марушэўскага SChr, Новы год «Адзіныя сэрцам» сустрэлі ў гасцях у Маці Божай Тракельскай!

Добрым пачаткам стаўся прыпынак у бацькоўскім доме Алесі Стэцкай у Іўі. Далей распачалася падрыхтоўка да святкавання. Яна праходзіла як у сапраўдным навагоднім фільме. На кухні пад вясёлую музыку дзяўчаты гатавалі розныя стравы, размаўлялі і шмат жартавалі.

У тым часе другая частка моладзі стварала сапраўдную казку ў святочнай зале.

Шмат агеньчыкаў, прыгожа прыбраны стол, супольныя фотаздымкі, абраз заступніка супольнасці — Яна Паўла ІІ — усё гэта стварала пачуццё радасці і выклікала захопленыя воклічы.

«Для мяне гэта было першае святкаванне Новага года ў касцёльнай супольнасці (тым больш — па-за сямейным колам), і я ні разу не пашкадавала, што правяла навагоднюю ноч разам з такімі цудоўнымі людзьмі! Кожны складнік мы падрыхтавалі ўласнымі рукамі, кожны нёс за штосьці адказнасць, і таму ўсе адчувалі сябе не проста гасцямі, але гаспадарамі для саміх сябе! Бадай, таму ў нас атрымаўся самы багаты стол і самы прыгожы пакой з самай святочнай атмасферай — у кожнай дробязі былі мы самі. Разам з намі быў ксёндз Уладзімір, і менавіта ён стаў агеньчыкам, які запальваў наш настрой сваімі ўсмешкамі, жартамі і найсмачнейшымі аўтарскімі кактэйлямі (без алкаголю)!» — дзеліцца Ксенія Харук.

Напачатку святкавання ДМХ традыцыйна памалілася Нешпарамі. Потым іх сустрэў стол, поўны разнастайных страваў, і пачалася забаўляльная праграма, якую падрыхтавала зорка-вядучая Ангеліна Саковіч.

Першая гульня называлася «Гучнае пытанне». У выніку гульні было шмат усмешак, жартаў, а галоўнае – каманда «Кучка» змагла стаць «Магучай кучкай». Так яна паказала, што ўсе жаданні збываюцца, калі верыць і працаваць!

Апагеем святкавання стала Святая Імша, якая распачалася а 23:00, а скончылася апоўначы.

«Самай цудоўнай была сустрэча Новага года — мы ўкленчылі ля алтара, плячо да пляча, замест курантаў — звон гонгу, замест тэлевізара перад вачыма — абраз Маці Божай Тракельскай. Яна правяла нас у новы, 2023-і, год, і, шчыра кажучы, мне было цяжка стрымаць свае эмоцыі, бо я па-сапраўднаму адчула, што мы ўвайшлі ў яго з Богам», — працягвае Ксюша.


Далей моладзь далучылася да гасцінных жыхароў Тракеляў, каб перажыць першыя хвіліны новага года ў шумнай кампаніі.

«Гэта мой чацвёрты Новы год з ДМХ. Калі мы разам яго планавалі, я не сказала тое, чаго моцна хацела на Новы год, бо тады хтосьці не адпачываў і святкаваў бы, а служыў іншым. Кагосьці прымушаць, каб спаўняў мае мары, я не хацела. А марыла я аб Дзядулю Марозе, бо для мяне ён такі ж самы элемент гэтага свята, як ёлка, гірлянда, падарункі, аліўе, мандарыны ды шампанскае. Але сама не ведаю, чаму так моцна захацелася яго менавіта ў гэтым годзе. Вось 00:00. Пасля званочкаў спяваем Te Deum, атрымліваем благаслаўленне і вяртаемся ў наш домік. А проста перад домам стаіць Дзядуля Мароз са Снягуркай і з падарункам, які я таксама вельмі хацела, як і яго самога», — дзеліцца Ганна Кабышава.

Потым моладзь вярнулася ў святочную залу, дзе быў Just dance і гучныя спевы. Крыху стомленыя, усе вярнуліся да стала. Пасля цяжкай працы ежа і насамрэч становіцца смачнейшай. Пасля танцаў таксама.

Далей па праграме быў «Конкурс талентаў». У Яўгеніі Мядзведзевай адбыўся дэбют, бо яна першы раз падзялілася сваімі асабістымі вершамі з Адзінымі. Пасля таго, як яна скончыла чытаць, усю залу напоўнілі гучныя апладысменты. Потым Ангеліна Саковіч выступіла з музычным номерам. Дзякуючы ёй, нашая святочная зала на імгненне ператварылася ў канцэртную.

Яшчэ прыемным момантам навагодняй ночы было далучэнне да святкавання сястры Людмілы MChR (роднай сястры ксяндза Уладзіміра), што многіх вельмі здзівіла і абрадавала.

І якое ж свята без падарункаў! Напрыканцы святкавання для ўсіх былі падрыхтаваныя сюрпрызы разам з пажаданнямі на наступны год. Падарунак кожны атрымліваў пад сваім асабістым нумарам, які быў выцягнуты раней.

«Тая ноч падарыла нам мора агнёў і вясёлых імпрэзаў, танцаў, залівістага смеху і душэўных размоваў, а самае галоўнае – шэраг успамінаў, якія будуць цешыць нас увесь гэты год», — на заканчэнне дадае Ксюша.

А для Веранікі Бекус гэты Новы год запомніўся «сваёй шчырасцю і радасцю ў Хрысце».

«Знаходзіцца з людзьмі, у якіх галоўная мэта такая ж, як і ў цябе, — нешта неверагодна выдатнае. Гэта было максімальна класна, весела, смачна, а галоўнае, што па-хрысціянску. Лепшае, што мы можам даць чалавеку — гэта малітва і прысутнасць, а мы выканалі гэтыя два пункты на выдатна! Праслаўляю Бога за сустрэчу Новага года 2023 у такой выдатнай кампаніі», — дзеліцца Вераніка.

 
Фота: Вераніка Манкевіч

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.