Скончваецца вячэрняя святая Імша, і вернікі разыходзяцца, намагаючыся як найхутчэй вярнуцца ў свае дамы, да сем'яў, хатніх справаў, гарачай вячэры... Аднак па аўторках і пятніцах вернікі, якія выходзяць з капліцы, часта сустракаюць некалькі чалавек, якія спяшаюцца ў супрацьлеглым напрамку — ад жытла да капліцы. Гэта збіраецца на рэпетыцыі  хор Vox Cordis («Голас сэрца») парафіі св.Яна Евангеліста і Максімільяна Марыі Кольбе, што ў Кунцаўшчыне.

Хор невялічкі — найбольш тры чалавекі ў кожнай партыі. Спевакі амаль усе аматары, але працуюць з ахвотай, шчыра ўкладаючыся ў сваю справу. А вось кіраўнічка Ксенія Смірнова — малады, але вельмі таленавіты прафесіянал: твар, душа і сэрца нашага хору, якая сумела аб'яднаць у адной справе людзей рознага ўзросту, прафесій, сямейнага стану, прынесла лагодную і вясёлую атмасферу ў наш  калектыў. Як музыка, яна выдатна чуе нашыя памылкі пры спеве (а іх заўсёды — вельмі шмат!), а як педагог і рэгент можа цярпліва патлумачыць іх простай мовай, каб данесці сутнасць справы да непрафесіяналаў. Ну як не зразумець і не выканаць загад «засуньце горла ў рэзанатары!»?!... Спяваем мы таксама і яе ўласныя музычныя творы — шчырыя і вельмі прыгожыя.

Хор, можна сказаць, сямейны: удзельнічаюць у ім сямейныя пары, часам прыводзяць на рэпетыцыі дзяцей — можна спадзявацца, будучую нашу змену (некаторыя дзеткі ўжо зараз праяўляюць вельмі вялікія здольнасці!).

Асноўная задача хору — упрыгожваць спевам нядзельную літургію. Аднак на святы мы заўсёды намагаемся зладзіць невялікія канцэрты, якія выконваем пасля святой Імшы. Тыдзень таму адбыўся наш канцэрт у гонар святой Цэцыліі – патронкі касцёльнай музыкі. Мы заўсёды імкнёмся да таго, каб канцэрты сталі не проста музычным святам, але працягам малітвы. Тэмай апошняй імпрэзы стала «Марыя — маці нашай веры». Атрымалася музычнае і паэтычнае разважанне над асноўнымі падзеямі жыцця Маці Божай.

Трэба дадаць, што канцэрты хору Vox Cordis маюць яшчэ і таямнічую мэту: зацікавіць слухачоў нашай дзейнасцю. Гэта — своеасаблівае запрашэнне далучыцца да нас у нашай справе. Мы ўпэўненыя, што людзей, якія не ўмеюць спяваць, не бывае. Ёсць толькі тыя, хто яшчэ не адкрыў сваіх магчымасцяў! Таму усіх і кожнага шчыра запрашаем спяваць і праслаўляць Бога  разам з намі!

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.