Зімні выезд супольнасці ЭРМ з катэхетычный часткай і забавамі адбыўся 3-4 снежня ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску.

Як заўсёды, распачалі выезд з Эўхарыстыі – галоўнай часткі жыцця кожнага ўдзельніка гэтай супольнасці.

У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ксёндз Андрэй правёў для ўсіх катэхезу на тэму Літургіі. Пазнавалі, у якіх частках Святой Імшы і якім чынам мы сустракаемся з Езусам Хрыстом, а таксама разважалі пра тое, як лепш перажываць гэты час. Пасля была праца ў групах, падчас якой удзельнікі прадстаўлялі гэтыя моманты спаткання іншым у розных варыянтах: сцэнкі, пантамімы, малюнак.

Таксама важнай духоўнай часткай стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой ўдзельнікі выказвалі Езусу свае просьбы і падзякі.

Акрамя гэтага, таксама было шмат гульняў у памяшканні і на вуліцы, сумесны прагляд фільма, віншаванне з днём нараджэння аднаго з удзельнікаў і сумесныя смачныя пасілкі.

У нядзелю «Эўхарыстычны рух маладых» быў адказны за Літургію у капліцы цэнтра. Удзельнікі загадзя рыхтаваліся да чытанняў, малітвы верных і працэсіі з дарамі. Таксама варта адзначыць, што прымалі ўдзел дзве групы: тая, якая ўзнікла ў мінулым годзе, і новая. На гэтым выездзе дзеці з новай групы ўжо маглі браць прыклад са сваіх старэйшых сяброў і вучыцца ў іх актыўнаму ўдзелу ў Святой Імшы.

Кожны ўдзельнік падзяліўся добрымі перажываннямі гэтых дзён, падзякаваў ксяндзу Андрэю, сястры Назарыі і аніматарам.

Спадзяемся, што такія сумесныя выезды будуць дапамагаць дзецям больш уваходзіць у адносіны з Езусам Хрыстом.

Фота: С. Назарыя Міклаш CSFN, Вольга Саладкевіч, Вольга Басава

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.