Лістапад — месяц, асаблівым чынам прысвечаны малітве за памерлых. Таму напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых і Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, 30 кастрычніка, святары разам з дарослымі, моладдзю і дзецьмі нашай парафіі правялі набажэнства на могілках Масюкоўшчыны.

Падчас набажэнства разважалі Хвалебныя таямніцы святога Ружанца. Зрабілі пяць прыпынкаў на кожную таямніцу, каб узгадаць тых, за каго хацелі памаліцца: за ўсіх памерлых святароў, біскупаў, кансэкраваных асобаў; за памерлых бацькоў; за памерлых родных, блізкіх, дабрадзеяў, асабліва з нашай парафіі; за ахвяраў вайны і ўвогуле за ўсіх памерлых.

Скончылася набажэнства благаслаўленнем усіх прысутных.

Памяць пра сваіх памерлых павінна прысутнічаць у жыцці кожнага хрысціяніна. Душы, церпячыя ў чыстцы, заўсёды чакаюць нашай малітвы, асабліва святой Камуніі ў іх інтэнцыі. Таксама ў актаву (з 1 па 8 лістапада) можна атрымаць адпуст за памерлых. Дзякуем Добраму Богу за такую магчымасць.

Нагадваем, што ў нашай капліцы і надалей будуць адбывацца набажэнствы за памерлых і святыя Імшы ў іх інтэнцыі. Расклад можна паглядзець тут.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.