У нядзелю 11 верасня ўрачыстай святой Імшой распачаўся чарговы год фармацыі каталіцкай скаўцкай супольнасці, якая дзейнічае пры нашай парафіі.

Скаўты са сваімі душпастырамі дзякавалі за мінулы фармацыйны год, кульмінацыяй якога сталі летнікі. Летнікі праходзілі напрацягу ўсіх трох месяцаў канікул:

  • 19-25 чэрвеня ў «ваўчанятаў» (хлопчыкі 8-12 гадоў),
  • 10-20 ліпеня ў скаўтак (дзяўчынкі 13-16 гадоў),
  • 20-30 ліпеня ў скаўтаў (хлопцы 13-16 гадоў),
  • 14-20 жніўня ў «божых каровак» (дзяўчынкі 8-12 гадоў).

Як заўсёды, дзяўчынкі і хлопцы розных узростаў вучыліся практычным рэчам, узмацняліся фізічна, фармавалі свой характар, служылі адзін аднаму і, канешне ж, узрасталі ў сваіх адносінах з Богам.

Сваімі ўражаннямі дзеліцца Аня, якая адносіцца да зялёнага адгалінавання дзяўчат і далучылася да скаўтак у лістападзе мінулага года: «Гэта быў мой першы летнік. Падчас яго я навучылася шмат новаму: распальваць вогнішча і гатаваць на ім, рабіць піянерку, працаваць у камандзе. Таксама споўнілася маё жаданне пажыць у лесе, мела магчымасць схадзіць у лазню і паплаваць у рэчцы. Мне вельмі спадабалася, і я не шкадую, што паехала на яго, таму што ён дае фізічнае і духоўнае развіццё, вучыць сяброўству і самастойнаму жыццю. Я люблю Бога, лес і скаўтынг!»

Таксама скаўт Стас расказвае пра свае пачуцці і ўражанні: «Для мяне гэты скаўцкі летнік быў апошні, таму што пасля яго я пераходжу ў маладую каманду. І ўсёю душою жадаў, каб ён мне запомніўся на ўсё жыццё, таму хацелася больш прыгод, якіх не было дагэтуль. 
І я лічу, што гэты летнік атрымаўся на ўсе 100 адсоткаў. Дзякуй, сябра-звязовы і душпастыр! Было шмат розных прыгод: рэйды, экспла, начная ВСГ (вялікая скаўцкая гульня), вогнішчы па «Хроніках Нарніі», кулінарка, дождж, піянерка, падтрымка сяброў, розныя прыгоды ў кап’і. А на заканчэнне летніка я стаў скаўтам 1-ай ступені».

Супольнасць каталіцкіх скаўтаў актыўна дзейнічае ў парафіі з 2016 г. і на сённяшні дзень налічвае больш за 100 членаў на ўсіх узроўнях фармацыі. Варта адзначыць, што наш пробашч кс. Алег Шпець SChr ужо другі год з’яўляецца нацыянальным душпастырам каталіцкіх скаўтаў і скаўтак у Беларусі.

Тэкст: Кс. Андрэй Лысы SChr, Алеся Стэцкая
Фота: Удзельнікі скаўцкай супольнасці нашай парафіі

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.