З 5 па 8 ліпеня адзінаццаць дзяцей разам з сястрой Назарыяй Міклаш CSFN, ксяндзом Андрэем Лысым SChr і аніматарамі Наталляй Івашкевіч і Яўгеніяй Мядзведзевай адправіліся ў фармацыйны выезд, які праходзіў у доме сясцёр уршулянак у Мінску.

Месца правядзення фармацыйнага выезду было выбрана не выпадкова, бо менавіта св. Уршуля Ледухоўская, заснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага, у 1926 годзе заснавала першае кола Эўхарыстычнага Руху ў Польшчы. З таго часу рух пачаў распаўсюджвацца і на нашых землях.

Напачатку ўсе ўдзельнікі падзяліліся сваімі чаканнямі ад выезду і абмеркавалі намаганні, якія яны збіраюцца прыкладваць, каб дасягнуць сваёй мэты. Адны казалі, што ў гэты час хочуць болей пазнаць Бога, а ў іншых была таксама важная мэта – адпачыць.

Кожны дзень для моладзі праводзіліся катэхезы, дзе разам з ксяндзом Андрэем удзельнікі сустрэчы вучыліся больш свядома перажываць святую Імшу, разважалі над таямніцай Апошняй Вячэры, абмывыннем Езусам ног вучняў, і нават адказвалі на пытанне «У які соус Езус абмакнуў хлеб на апошняй вячэры, перш чым даць яго Юдзе». Апроч ежы для розуму, ЭРМаўцы таксама насычаліся ежай духоўнай праз удзел у святой Імшы, штодзённую адарацыю і малітвы, найбольш любімай з якіх была малітва перад пасілкам «ХРУМ ням-ням-ням…».

 

Памятаючы, што лета — гэта час канікулаў, моладзь вельмі хацела адпачыць, але спаць цэлы дзень не атрымлівалася, бо трэба было слухацца сястру Назарыю. А сястра прапаноўвала розныя гульні: ад гонак слімакоў да «фруктаў» да гульні «цік-так», якая спадабалася ўсім.

Па меркаванні ЭРМаўцаў, адной з самых запамінальных частак выезду стала гульня «Поле цудаў», дзе кожная каманда адгадвала па слову і даведвалася, што такое Септуагінта, Параклет і керыгма. Не менш удзельнікам спадабаўся выгул сабак у полі, дзе ўвесь Мінск бачны як на далоні, і паляванне на майскіх жукоў.

Фота: С. Назарыя Міклаш, Вольга Басава

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.