
Вялікая Субота – гэта дзень паміж болем з-за смерці Езуса і радасцю ад Яго ўваскрасення. На працягу дня ў касцёлах не праводзіцца літургія, пануе цішыня, засяроджанасць, разважанне і чаканне.
Вялікая Субота – гэта дзень своеасаблівага “крызісу” Божага Слова: тэксты Евангелляў нічога пра яго не апавядаюць; можам толькі ўявіць, што ў гэты дзень цела Езуса заставалася ў магіле, а Апосталы, з улікам таго, што для яўрэяў гэта быў дзень адпачынку, прабывалі ў няведанні адносна таго, што будзе далей.
У пэўным сэнсе, Вялікую Суботу як дзень цішыні і чакання аднавіла літургічная рэформа папы Пія XII. З тых часоў Касцёл заахвочвае кожнага хрысціяніна прысвяціць гэты дзень асабліваму разважанню над смерцю Езуса і немінучасцю ўласнай смерці. Гэта час, калі нашая вера падвяргаецца выпрабаванню: Збаўца памёр, і невядома, чаго чакаць далей, – застаецца толькі жыць з надзеяй, што пустэча, якую адчуваем, будзе нанова запоўненая.
Тым не менш, нават калі ўсё навокал прабывае ў цішыні, Езус дзейнічае. Згодна з старажытнай традыцыяй, у гэты дзень Ён сыходзіць да адхлані, дзе сустракае Адама – сімвал усяго чалавецтва, абуджае яго і абвяшчае збаўленне, з якога ніхто не выключаны. Тым самым Божы Сын нібы пракладвае мост паміж магілай і Божым Валадарствам. Сваёй смерцю на крыжы Ён перамог смерць.