З 28 па 30 студзеня моладзевы хор Anima Una на чале з Алёнай Кот і кс. Алегам адправіўся на фармацыйны выезд у Пружаны.

Удзельнікаў гасцінна прыняў у рэкалекцыйны дом кс. Павел Ярашэвіч, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах. Увесь час адпачынку быў вельмі насычаны, напоўнены творчасцю і спевамі.

Асабліва ўразілі майстар-класы ад Паўліны Гардзіенка, аўтара песен, удзельніцы музычнага праекту «Рыбы». Падчас сустрэч з Паўлінай харысты не толькі дэманстравалі свае таленты, але і адкрывалі новыя, бо адным з асноўных накірункаў, якім былі прысвечаны майстар-класы, стала напісанне песняў! На сустрэчах удзельнікі абмеркавалі асноўныя спосабы і «лайфхакі» складання хрысціянскіх хітоў, а таксама самі паспрабавалі выявіць асабісты творчы патэнцыял і напісаць песню. Вынік не прымусіў сябе чакаць, і ўжо праз паўгадзіны на стале ляжалі чатыры аўтарскія песні!

Акрамя творчай часткі, на фармацыйным выездзе таксама быў час, прысвечаны духоўнаму развіццю. Падчас канферэнцый кс. Алега ўдзельнікі разважалі над тэмамі служэння Пану Богу праз спеў і паглыблення ўласнай веры. Канферэнцыі дазволілі прыйсці да высновы, як важна ў жыцці быць «тэрмастатам» і самому кіраваць абставінамі ўласнага жыцця, а не падстройвацца пад іх падобна тэрмометру. Каб падтрымаць духоўны элемент выезду, адбылася і малітва праслаўлення, на якой моладзь «заспявала Пану новыя песні», якія вывучыла падчас сустрэч, і мела магчымасць выказаць ўсё, што мае на сэрцы. Кульмінацыяй усяго дня, безумоўна, стала святая Імша ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Апроч гэтага выезд быў напоўнены іншымі дробнымі, але не менш вартымі справамі, такімі як супольныя гульні, шпацыр па Пружанах у цудоўнае надвор’е, гатаванне ежы і, супольныя пасілкі. У апошні дзень па дарозе назад хор заехаў у Ружанскі палац, пабудаваны напрыканцы 18 стагоддзя, які з’яўляўся рэзідэнцый князёў Сапегаў.

Фармацыйны выезд стаў для ўдзельнікаў вельмі класным і каштоўным досведам: падчас такіх сустрэчаў можна лепш пазнаць адно аднаго і выявіць свае схаваныя таленты.

 

Фота: Яна Сямёнава

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.