Гэтая гісторыя здарылася ў першы год, як я, дзякуючы бязмежнай ласцы Айца, стала часцінкай Касцёла і сустрэла свае першыя ў жыцці Каляды ў каталіцкай супольнасці. Усё для мяне было новае, незвычайнае і чароўнае. Хаця, шчыра кажучы, і зараз Пан праз Касцёл не перастае мяне здзіўляць і натхняць.

Але менавіта той першы год быў асабліва багаты на Божыя дары. Столькі неверагодных момантаў і сустрэч! Адна з іх адбылася, калі я паступіла ў катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. Там я пазнаёмілася з на дзіва сонечнымі дзяўчатамі — Палінай Ручан і Аняй Кабышавай, якія з такім запалам і любоўю распавядалі пра сваю парафію Св. Яна Евангеліста ў Мінску, што я адразу падпісалася на яе ютуб-канал.

У тыя часы я хоць і жыла ў Наваградку, але працавала журналістам у раённай газеце у гарадскім пасёлку па суседству — у Карэлічах. І штодня ездзіла туды на аўтобусе. Вяртацца часам даводзілася даволі позна, калі аўтастанцыя ўжо была зачынена. Летам гэта нічога, а вось зімой халаднавата.

У адзін з такіх сцюдзёных вечароў я прыйшла на аўтастанцыю, але аўтобус на Наваградак, відаць, вырашыў паехаць на хвілін пяць раней без мяне. І каб час на свежым зімовым карэліцкім паветры да наступнага аўтобуса мінуў весялей, я зайшла на ютуб, а там мяне чакала проста ласка і ўсмешка нашага Пана — такое файнае анлайн-калядаванне ад парафіі Св. Яна Евангеліста, ды яшчэ сонечныя родныя твары маіх дзяўчат з катэхетычнага каледжа.

Гадзіна праляцела незаўважна. І я літаральна была сагрэта анёльскімі спевамі, прыгожымі вершамі і добрымі сэрцамі святароў і парафіянаў, а найперш сямейнай атмасферай вашай супольнасці. Адным словам, я ніколі не была такая шчаслівая ад таго, што спазнілася на аўтобус. Сапраўды, шляхі Бога нязведаныя.

І яшчэ адна маленькая, але вельмі важная для мяне, гісторыя пра цуд на Каляды. Бо з Нараджэння Божага пачалося маё нараджэнне ў Касцёле. У той перыяд жыцця я хадзіла духоўнымі шляхамі ўсходніх рэлігій і была вельмі далёкая ад хрысціянства. Я нават уявіць сабе не магла, што аднойчы стану часткай каталіцкай сям’і. Але ўсё змянілася ў адзін момант, калі даўнія сябры маёй сям’і — любыя пані Альбэрта і Клара — запрасілі мяне да сябе ў госці.

Візіт выпаў на 24 снежня. Так я апынулася на вігілійнай вячэры. Яна пачалася з малітвы і дзялення аплаткамі. І вось тут… Гэта мне і зараз немагчыма зразумець, але ў той момант, калі мы разламалі аплатку, штосьці перавярнулася ў маім сэрцы. Яно навярнулася. І напоўнілася такой моцнай любоўю, як ніколі дагэтуль. Больш за тое, неспадзявана для самой сябе, я папрасіла ўзяць у той вечар мяне ў касцёл. Там было багата народу. Мы сядзелі дзесьці ў кутку збоку за калонамі, я нічога практычна не бачыла, што адбывалася на алтары, усё для мяне было незразумелае. Чула толькі па-бацькоўску ласкавы голас майго будучага пробашча. Але галоўнае ўнутры была непарушная ўпэўненасць: «Усё, Марына, ты дома».

З таго святога вечара мяне проста цягнула ў касцёл. І я ішла. Спачатку з панямі Кларай і Альбэртай. Потым пасмялела, раздрукавала сабе тэксты імшаў на польскай і беларускай мовах і пачала хадзіць сама. Прайшла «Альфа-курс», катэхетычныя заняткі, сдала экзамен і, нарэшце, ўвайшла ў лона Касцёла як каталік. Дарэчы, на першай іконе, якая з’явілася ў маёй кватэры, намаляваны вельмі кранальны сюжэт, дзе Езус у вобразе Добрага Пастыра пяшчотна трымае ў руках знойдзенае ягнятка. Сапраўды, так і мяне Бог знайшоў на Каляды.

Марына Казловіч

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.