Вось і надышоў час для нашых калядных гісторый. У гэтай гісторыі Алена Шымак распавядае як часам бывае нялёгка будаваць адносіны і пра тое, як Бог цудоўным чынам паказвае сябе праз зусім нечаканых для нас людзей.

Шмат гадоў таму нас з сястрой у нашай роднай парафіі ў Бабруйску папрасілі стаць арганісткамі. На той момант я толькі скончыла вучобу і ўладкавалася на працу ў адну з музычных школ Бабруйска, а мая сястра працягвала вучобу ў музычнай вучэльні Магілёва. Мы падзялілі абавязкі — сястра грала, я спявала.

Час быў вельмі цікавы. Многаму прыйшлося вучыцца самім: прыручаць сапраўдны арган, разбірацца з рэгістрамі, падбіраць мелодыі і гарманізаваць песні, так як сваіх нот у нас не было. Мы абедзве не вакалісткі. Таму адчувалі мы сябе нейкі час вельмі няўпэўнена. Але парафіяне падбадзёрвалі нас сваёй падзякай. Бо даволі працяглы час у нашым касцёле музыка не гучала зусім.

Сярод касцёльных бабуль, якія ў асноўным прыходзілі на польскую Імшу, была адна, з якой адносіны ў нас зусім не складаліся. Пані Яня! Яна паводзіла сябе заўсёды асабліва, і ніколі нельга было прадбачыць, што яна выкіне на гэты раз. Яна магла раптам заспяваць сваю песню на Камунію, адна, на ўвесь касцёл. Магла на ўваход, калі мы рабілі невялікую паўзу, перад пачаткам Імшы. Прытым нават калі ёй падпявалі, яна рэдка злівалася з агульным спевам — то апярэджвала, то зацягвала канцоўкі.

Мы не адважваліся зайграць і перабіць пані Яню з павагі да яе шаноўнага ўзросту. Але перад пачаткам кожнай песні адчувалася спаборніцтва — хто паспее першы пачаць сваё. Мы ўспрымалі такія паводзіны пані Яні, як яе непрыязнасць да нас і імкненне паказаць нам, як і што трэба спяваць. Разумелі, што яна нас недалюблівае, і адказвалі ёй узаемнасцю.

І вось аднойчы 24 снежня мы адыгралі Імшу Пастэрку і ўжо сыходзілі дадому. І бачым, што ўнізе лесвіцы стаіць пані Яня. Мы пераглянуліся, зрабілі ветлівы выраз твару і павіталіся. Аказваецца, пані Яня нас тут чакала. Яна адвяла нас у бок і стала дзякаваць за добрыя песні, за тое, што мы сталі граць і г.д. І дастае з пакета вязаную зімовую шапку — яна звязала сама для адной з нас, каму падыдзе. Вось ужо не чакалі! Мы расплыліся ва ўсмешцы, недзе ў сэрцы рухнулі стэрэатыпы і непрыязнасць, і стала так радасна, так добра. Прыйшло сапраўднае Божае Нараджэнне.

Мы пагаварылі яшчэ і зразумелі — пані Яня вельмі дрэнна чуе. Гэта шмат што тлумачыла. Ужо потым зверху мы сталі заўважаць, як іншыя бабулі яе папраўляюць, паказваюць ёй у спеўніку словы, якія зараз спяваюцца.

Некалькі гадоў таму пані Яня памерла. Мы з сястрой успаміналі яе з цеплынёй, а асабліва тое Божае Нараджэнне, калі Бог паказаў нам яе зусім з іншага боку.

Алена Шымак

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.