Сёння 27 снежня Касцёл адзначае свята святога Яна – нябеснага заступніка нашай парафіі. У гэтым матэрыяле прапануем разглядзець некалькі пытанняў, якія дапамогуць яшчэ бліжэй пазнаёміцца з постаццю любімага вучня Езуса Хрыста.

1. Як не блытаць Яна Хрысціцеля і Яна Евангеліста?

Ян Хрысціцель нарадзіўся раней за Яна Евангеліста. Па некаторым звесткам, якія дайшлі да нашых часоў, Ян Евангеліст нарадзіўся у 10 годзе нашай эры ў Галілеі, хутчэй за ўсё ў Бэтсаідзе. У маладым узросце (да 20 гадоў) Ян Евангеліст разам са старэйшым братам Якубам стаў вучнем Яна Хрысціцеля, які і прывёў іх да сустрэчы з Хрыстом.

Аднолькавае імя аб’ядноўвае прарока і апостала, з-за чаго іх часта блытаюць. Па-габрэйску імя Ян («Йоханан») азначае «Бог літасцівы». Яно было прынята спачатку грэцкай мовай, а потым лацінскай. Зараз гэта імя, якое паходзіць з Бібліі, распаўсюджана ва ўсіх хрысціянскіх краінах.

Гістарычная Латэранская базіліка, усіх храмаў горада і свету маці і глава, носіць тытул св. Яна Хрысціцеля і св. Яна Апостала, што падкрэслівае культ гэтых святых з часоў ранняга хрысціянства.

2. Якія адметныя рысы меў Ян Евангеліст?

Прыклады руплівасці Яна, а таксама яго імпэтнасці можна знайсці ў Евангеллі: разам з братам Якубам яны хацелі кінуць агонь з неба на самаранаў, якія не прынялі Езуса (Лк 9, 51-54). Паводле звестак, у познім узросце, сустрэўшы ў лазні ерэтыка Цэрынту, ён усклікнуў: «Хадзем адсюль, каб не паваліліся на нас сцены, бо тут вораг Праўды».

Ян вылучаўся любоўю і адданасцю Хрысту з чыстым сэрцам. Менавіта яму Езус дазволіў спачываць на сваіх грудзях падчас Апошняй Вячэры. Ён адзіны з Апосталаў стаяў ля падножжа крыжа Збаўцы. Паводле аб’яўленняў св. Анэлі з Фаліньё, боль Яна, які стаіць пад Крыжам, гледзячы на боль свайго любімага Настаўніка і Яго Маці, быў настолькі вялікі, што яго можна было назваць больш, чым мучанікам. Менавіта яму Збаўца давярае апеку сваёй Маці.

Калі Марыя Магдалена паведаміла вучням Хрыста, што магіла Пана пустая, менавіта Ян першым прыйшоў на гэтае месца. Але ў пакоры ён дачакаўся Пятра і толькі пасля яго ўвайшоў у магілу. Ян пісаў пра сябе ў Евангеллі: бачыў і верыў (Ян 20, 8), а іншыя апосталы сумняваліся, пакуль ім не з'явіўся ўваскрослы Збаўца. Ян і Пётр адважна здзейснілі першы цуд, калі ў імя ўкрыжаванага Езуса вылечылі кульгавага ад нараджэння.

У сваім Лісце да Галатаў (Гал 2, 9) Павел вызначае Яна і яго брата Якуба як апоры Касцёла. У Евангеллі ад Марка Ян разам з братам празваны Езусам «сынам грому» (Мк 3, 17).

Такім чынам, будучы гарачым і экспрэсіўным у маладосці, Ян на працягу свайго жыцця быў верны вучэнню Хрыста, узрастаў у веры праз выпрабаванні, праз якія праходзіў, несучы ў сэрцы любоў да Збаўцы. Ян не дазваляў сабе ісці на кампраміс з няпраўдай, у выніку чаго шмат гадоў правёў у вязніцах за свае выказванні.

3. Ці была сям’я ў Яна Евангеліста?

Айцы Касцёла і хрысціянскія пісьменнікі аднадушныя адносна нежаніцьбы гэтага Апостала.

4. Колькі кнігаў напісаў святы Ян?

Апосталу традыцыйна прыпісваецца аўтарства пяці кніг Новага Запавету: Евангелля ад Яна, 1-га, 2-га і 3-га паслання Яна і Апакаліпсіса.

Пішучы сваё Евангелле, Ян ведаў змест Евангелля сіноптыкаў (Мацвея, Марка і Лукі), таму яго апісанні не паўтараюць ужо напісанага, а дапаўняюць падзеі больш падрабязнымі дэталямі і падаюць факты, ад якіх сіноптыкі адмовіліся. Ян звяртаецца са сваім Евангеллем да хрысціян у Малой Азіі і паказвае, што Езус з’яўляецца гістарычнай асобай і сапраўды Сынам Божым.

5. Чаму традыцыя прыпісвае Яну сімбаль арла?

Тэтраморф — крылатая істота з бачання прарока Іезекііля (VI стагоддзе да н. э.) з чатырма асобамі - анёла (чалавека), ільва, быка і арла. У Апакаліпсісе тэтраморф прадстаўлены ў вобразе асобных чатырох апакаліптычных істот — вартавых чатырох кутоў Трона Госпада і чатырох меж раю.

Святы Геранім у сваім каментарыі да Іезекііля паспрабаваў абгрунтаваць гэтыя атрыбуты. Ён кажа, што Мацею быў дадзены анёл, бо ён прадставіў чалавечую прыроду Збавіцеля; Марку - леў, бо ён аб'явіў пра каралеўскую годнасць Хрыста; Луку - бык, эмблема ахвярнасці, бо ён паказаў святарскую сутнасць Хрыста; Яну ж арол - за ўзвышаны палёт яго веры. Таксама Геранім тлумачыў, што жывёл чатыры ў асацыяцыі з часамі года ці цнотамі.

Святы Рыгор Вялікі лічыў, што істоты выступаюць сімбалямі Езуса Хрыста ў розныя перыяды Яго зямнога жыцця: нарадзіўся ён як чалавек (incarnatio), смерць прыняў як ахвярны бык (passio), пры ўваскрэсенні быў ільвом (resurrectio), а ўзнёсся як арол (ascensio). Таксама тэтраморф атрымаў трактоўку як сімвал адзінага Евангелля (Слова Божага), запісанага чатырма евангелістамі.

6. Як памёр Ян Евангеліст?

Пасля Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Ян адправіўся ў Малую Азію, каб распаўсюджваць Добрую Навіну. Ян – адзіны з апосталаў, які памёр натуральнай смерцю. Пахваны ў Эфесе (сучасная Турцыя).

7. Чаму на ўспамін Яна Евангеліста асвячаюць менавіта вінаграднае віно?

У часы праўлення імператара Даміцыяна (81-96 н.э.) Ян быў арыштаваны і адпраўлены ў Рым. Каля варот, якія вядуць у Лацыё, вядомых як Porta Latina, яго кінулі ў кацёл з кіпячым алеем. Паводле летапісцаў тых часоў (св. Іераніма і св. Тэртуліяна) Ян цудам пазбег смерці, і з гэтай падзеі ён выйшаў хутчэй і мацней, чым раней. Імператар спрабаваў атруціць Яна, але келіх з атручаным віном разбіўся, калі Апостал зрабіў над ім знак крыжа. Узрушаны Даміцыян загадаў адправіць Яна на востраў Патмос. На гэтым скалістым і бязлюдным востраве ён павінен быў памерці павольнай смерцю. Паводле звестак, менавіта на Патмасе было напісана Евангелле св. Яна, а таксама Адкрыцьцё - адзіная прарочая кніга Новага Запавету.

Менавіта з-за цуда, калі святы Ян выжыў пасля спробы атруціць яго віном, вернікі на яго ўспамін асвячаюць гэты напой.

Падрыхтавала Паліна Ручан

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.