Нават у звычайных рэчах і падзеях можна ўбачыць дзеянне Бога калі мы глядзім на свет вачыма веры. Гэтую гісторыю распавяла Дар’я Еўсікава. Яна не сумневаецца: у тым што адбылося ёсць Божы знак.

Аднойчы перад Калядамі мы ўзялі ў касцёле знічку з Бэтлеемскім агнём. Арцём урачыста нёс яе запаленую дадому пад погляды мінакоў. Мы запальвалі яе на святы, часам за вячэрай. А калі свечка стала занадта малая, я вырашыла ставіць яе толькі падчас малітвы.

Я малілася на кухні, у цемры. Знічку ставіла на стале каля яселек з Езусам. І вось адным вечарам агеньчык стаў такім маленькім, што ледзь тлеў. Полымя было ўжо сінім і амаль не бачным праз чырвонае шкло знічкі. Я вырашыла, што буду маліцца, пакуль яно не патухне. Я малілася амаль гадзіну. Кнот не гас. Я пачытала яшчэ паўгадзіны — сіненькі агеньчык яшчэ змагаўся за жыццё!

Было ўжо занадта позна, трэба было ісці спаць. Тады я сабралася з сіламі і яшчэ крыху памалілася. Але агенчык не тух. Я падумала, што калі задую знічку, то не змагу потым запаліць такі маленькі кноцік, які амаль патануў у воску. І, пакінуўшы яе дагараць на стале, сышла.

Гэта было дзіўна, практычна немагчыма, каб так доўга дагарала такая маленькая свечка! Бог паказаў мне, што мая малітва не павінна спыняцца. І што гэта мы часам пакідаем Яго, але Ён не пакідае нас...

Раніцай я прачнулася рана, з дзіўным, дзіцячым, амаль калядным прадчуваннем цуду. Басанож падышла да кухні і з хваляваннем прыадчыніла дзверы... Прайшло шэсць гадзін, але на стале, раскінуўшы далёка вакол ярка-пунсовыя водбліскі, у знічцы ўпэўнена свяціла высокае полымя агню! Езус чакаў мяне на малітву! Ён не пакінуў мяне!

Полымя гэтага ўспаміну сагравае мяне ў цяжкія хвіліны. Бог аб'яўляе сябе ў такіх маленькіх знаках, ледзь адчувальных асабістых дакрананнях, але пакідае магутнае трывалае пачуццё, што я любімая зусім выключным чынам! Ён побач!

Дар’я Еўсікава

Дарагія сябры! Калі ў нейкі год святкаванне Божага Нараджэння было для вас чымсьці асаблівым — зкантактуйцеся з рэдакцыей, распавядзіце вашую гісторыю. Не абавязкова каб у гэтай гісторыі былі цуды і надзвычайныя рэчы. Магчыма на Каляды вы здавалі экзамен ва ўніверсітэце, памірыліся з сябрам ці зрабілі сваёй каханай прапанову? У кожнага знойдуцца прынамсі тры сказы для матэрыяла, які мы рыхтуем для вас.

Кантакты для сувязі з рэдакцыей:

  • Instagram @jan.by.minsk
  • Telegram-бот @janby_editor_bot
  • E-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.