
29 мая адбыўся выезд хору малодшых дзетак “Божыя ягняткі”. Яго, на заканчэнне катэхэтычнага году, маленькім спевакам арганізавалі нашыя святары разам з кіраўніком хора Аленай Шымак. Распавядае маці аднаго з “ягнятак” і ўдзельніца выезду — Кацярына Дзятловіч.
Распачаўся выезд святой Імшой у капліцы на Матусевіча. Дзяўчаты праславілі Пана Бога малітвамі і песнямі, якія вывучылі на працягу года. Пасля расселіся па машынах і ад’ехалі ў Івянец, дзе і праходзіў выезд.
На месцы мы ўбачылі вялікі і прыгожы касцёл святога Міхала Арханёла.
Нас павялі на экскурсію да жывёл, дзе мы ўбачылі прыгожых трусаў, вавёрак і розных птушак. На полі пасвілася кабыла Марта, але сустрэча з ёй была запланавана на пазнейшы час.

Пакуль старэйшыя гатавалі чай, дзяўчынкі весела правялі час на пляцоўцы каля касцёла: пазнаеміліся з мясцовымі дзецьмі і пабавіліся разам.
Пасля сняданка ўсе сабраліся ў скаўцкім доме. “Ягняткі” паразважалі пра абавязкі і правілы хора, пажартавалі, паспявалі, а таксама атрымалі прыгожыя падарункі. Крыху пазней, калі наведвалі касцёл, мы заспявалі літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі і на заканчэнне нам падарылі абразкі Найсвяцейшай Маці Карміліцы.

Пасля мы пашпацыравалі да вадаёма. Там дзяўчаткі прыдумалі для свайго хора дэвіз: “Мы не проста дзіцяткі, мы Божыя ягняткі — радасна спяваем, Бога праслаўляем!”.

А яшчэ нам давялося пабываць у музычным пакоі-студыі. Там мы ўбачылі мноства розных музычных інструментаў. Кожная дзяўчынка паспрабавала сябе ў ролі музыканта.
А калі надышоў час наведаць Марту, дзяўчаткі шчаслівыя пабеглі да агароджы. Яны з задавальненнем кармілі і гладзілі жывёлу.

На абед нас паклікала ў госці сям’я Яновіч. Дзяўчаты частаваліся смачнымі блінамі, пірагамі і марозівам і самастойна смажылі на вогнішчы сардэлькі. Бавіліся, спявалі песні, прыгалі на батуце, каталіся на арэлях і дзякавалі Пану Богу за гэты сонечны дзень.
Важным пунктам нашага выезда было падсумаванне вынікаў года. Кожны меў магчымасць выказацца, што спадабалася, што далося лёгка, а што было складана. Прыемна было пачуць, што “ягняткам” падабаецца спяваць у хоры, ім добра разам і, канешне ж, хочацца больш такіх выездаў.

Аказалася, што галоўнай цяжкасцю для дзяўчынак было ўставаць рана па суботах на рэпетыцыю. У адказ на гэта ксёндз Уладзімір патлумачыў усім нам, што ў кожнага чалавека ёсць сумленне, якое падзяляе ўсё на добрае і злое. А ёсць эгаізм, які падзяляе на прыемнае і непрыемнае. Таму так складана ўстаць раніцай, хоць мы і разумеем, што гэта важна і трэба. Напрыканцы ўвесь хор прыняў пастанову ў наступным годзе слухаць голас свайго сумлення, а не эгаізм.
На гэтым выездзе ўсе мы цудоўна правялі час, а дзяўчаты яшчэ больш зблізіліся паміж сабой.
Наш хор “Божыя ягняткі” вельмі цудоўны!



























































































