Езус уязджае ў Ерузалем. Людзі даведаліся аб гэтым і вялікім натоўпам выходзяць Яму насустрач. «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана, Кароль Ізраэля!» — чуваць з аднаго боку. «Ён накарміў пяць тысяч чалавек двумя хлябамі і пяццю рыбамі!» — чуваць з другога. «Ён вяртаў сляпым зрок! Славім Яго!» – крычыць хтосьці яшчэ. Людзі зрываюць аліўныя і пальмавыя галіны і кладуць пад ногі Хрысту, сваім адзеннем выкладваюць дарогу. Трыўмфальны ўезд у Ерузалем!..
І толькі Езус ведае, дзеля чаго прыйшоў сюды. Ведае, што праз некалькі дзён гэтыя натхнёныя, хвалебныя воклічы «Гасанна!» ператворацца ў не менш гучныя «Укрыжуй Яго!». Ведае і прымае да канца. Ён глядзіць на натоўп з любоўю і супакоем. А праз некаторы час скажа: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».
Сёння адзначаем Пальмовую нядзелю — успамін урачыстага ўезда Езуса ў Ерузалем. Гэтую падзею ў сваіх тэкстах узгадваюць усе чатыры Евангелісты.
«Прывялі да Езуса асляня і паклалі на яго свае плашчы, а Ён сеў на яго. І многія слалі плашчы свае на дарозе, а іншыя — зялёныя галінкі, зрэзаныя на палях» (Мк 11, 7-8).
«Не бойся, дачка Сіёна. Вось Кароль твой ідзе, седзячы на асляняці» (Ян 12, 15).
«Калі ж Ён наблізіўся да падножжа гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных пачало ў радасці гучным голасам праслаўляць Бога за ўсе цуды, якія яны бачылі» (Лк 19, 37).
«Калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: „Хто гэта?“ А народ адказваў: „Гэта прарок Езус з Назарэта Галілейскага“» (Мц 21, 10-11).
Мы прыносім у святыню вербы, каб асвяціць і прайсці з імі ва ўрачыстай працэсіі на ўспамін уезда Езуса ў Ерузалем. Будзем спяваць радасныя, хвалебныя песні. Літургічнае адзенне святара чырвонага колеру. Але ўжо сёння, падчас святой Імшы пачуем, з падзелам на ролі, апісанне Мукі Хрыста. Таму другая назва Пальмовай нядзелі — нядзеля Мукі Пана.
У гэты дзень прыходзім у Касцёл аддаць пашану, хвалу і падзяку нашаму Пану за дар збаўлення і любові. А пасля, разам з Езусам, увойдзем у Вялікі тыдзень, пройдзем разам з Ім праз муку ўкрыжавання, побач з Янам і Марыяй станем пад крыжам, а потым з Марыяй Магдаленай убачым адсунуты ад магілы камень.
Вербная нядзеля
На свята людзі ў храм ідуць,
І ўражліва перад сабою
Букеты вербныя нясуць
З усмешкай радаснай такою.
То “кветкі” першыя вясны –
Іх шмат расце па ўсіх дарогах,
Таму й абраныя яны
Для шанавання ўсімі Бога.
Мне кроплі “коцікаў” заўжды –
Як слёзы светлыя спаткання…
А мо то слёзы – ад бяды?
Галгофы лютай прадчуванне?
Сяргей Законнікаў