5-7 сакавіка каталіцкія скаўты вандроўнікі FSE з розных куткоў Беларусі, таксама і з нашай парафіі, сустрэліся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем'яў у Тракелях Гродзенскай дыяцэзіі на велікапосныя рэкалекцыі.

Вандроўнікі — адно з адгалінаванняў скаўтынга для дарослых. Вандроўнікамі могуць быць хлопцы і мужчыны, старэйшыя за 17 гадоў, іх галоўная задача заключаецца ў служэнні.

Рэкалекцыі праходзілі пад дэвізам Ite ad Ioseph (лац. — Ідзіце да Юзафа).

Асноўным тэкстам для разважанняў і канферэнцый стаў Апостальскі ліст Папы Францішка Patris Corde, які прысвечаны постаці святога Юзафа і выдадзены з нагоды абвяшчэння ў Касцёле Года святога Юзафа.

Аказалася, што ніводзін з удзельнікаў рэкалекцый яшчэ не чытаў гэтага лісту Пантыфіка. Але на тое і дадзены нам Вялікі пост, каб пастарацца выправіць свае недахопы і змяніць сваё жыццё.

Падчас рэкалекцый мужчыны ўдзельнічалі ў святой Імшы, маліліся літургіяй гадзінаў, на ружанцы, чыталі вяночкі, разважалі, прымалі ўдзел у канферэнцыях, прысвечаных асобе святога Юзафа і тэме скаўтынгу.

Прымаючы ўдзел у канферэнцыях, падрыхтаваных ксяндзом Уладзімірам Марушэўскім SChr, вандроўнікі вучыліся ад святога Юзафа мужнасці і адначасова пяшчотнасці, паслухмянасці Богу, творчай адвазе, адказнасці, сапраўднаму айцоўству, сумленнасці ў працы і многаму іншаму.

У вольным часе некаторыя з удзельнікаў дзяліліся ўласным сямейным досведам.

Адметнасцю рэкалекцый стала 16-цікіламетровая пешая пілігрымка да каплічкі св. Юзафа ў Геранёнах. Па дарозе да каплічкі вандроўнікі зрабілі 5-цімятровы бярозавы крыж, які неслі на плячах больш за кіламетр падчас набажэнства Крыжовага шляху. Згодна з мясцовай традыцыяй у канцы набажэнства крыж усталявалі пры дарозе, і цяпер кожны, хто ідзе ці едзе па дарозе паміж Тракелямі і Геранёнамі, можа яго ўбачыць і затрымацца на малітву.

Рэкалекцыі былі напоўнены сапраўдным скаўцкім духам. Былі руханкі, шыхтаванне, гадзіна вандроўніка, вандроўка, спевы, актыўныя гульні, sacrum silentium на заканчэнне дня. Дзякуючы зімоваму надвор'ю ў апошні дзень удалося нават пагуляць у снежкі.

На апошняй радзе кожны ўдзельнік павінен быў адказаць на пытанне: што мне далі гэтыя рэкалекцыі. Мужчыны выказалі жаданне развіваць сваю скаўцкую фармацыю і рухацца наперад, шукаць сваё месца ў жыцці Касцёла і грамадства, несучы паслугу іншым.

 
Тэкст: Павел Бельскі, Валерый Шымак
Фота: Мацвей Рэўт, Максім Фоціеў

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.