25 лютага ў касцёле Маці Божай Будслаўскай у Мінску адбылася адарацыя і супольная малітва для моладзі Мінска, у якой прынялі ўдзел таксама юнакі і дзяўчаты з нашай парафіі.
Такая сустрэча на пачатку Вялікага посту адбывалася ў сталіцы ўжо ў трэці раз. Яе мэта — дапамагчы маладым вернікам глыбей перажыць Вялікі пост і добра падрыхтавацца да галоўнага хрысціянскага свята — Вялікадня.
У гэтым годзе ў Адарацыі ўзялі ўдзел каля 60 юнакоў і дзяўчат з розных парафій Мінска. Адарацыя была прысвечана разважанням над годнасцю кожнага чалавека і яго пакліканнем быць сведкам Хрыста, якім Бог яго адарыў.
Сваім цудоўным музычным суправаджэннем і спевам адарацыю аздобіла моладзь з мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ.
Кожнае стварэнне паклікана да благаслаўлення Бога, бо Ён — Творца ўсяго свету. Усвядоміць гэта моладзі дапамаглі чытанне і малітва словамі Святога Пісання, з Кнігі Даніэля. Кожны ўдзельнік меў магчымасць падысці бліжэй да алтара, запаліць свечку — сімвал святла — і прачытаць гэтую малітву.
Каб засвоіць праўду пра тое, што місіяй кожнага чалавека з’яўляецца благаслаўляць іншых, і што рабіць гэта можна як словам, так і жэстам, на заканчэнне сустрэчы яе ўдзельнікі падыходзілі адзін да аднаго і знакам маленькага крыжа благаслаўлялі свайго бліжняга.