З 5 па 7 лютага адбылася зімовая вандроўка скаўцкіх шэфаў Першай мінскай дружыны. У гэтым годзе яе вырашылі правесці на Палессі, а менавіта на балоце, якое знаходзіцца ў заказніку «Падвялікі мох».

Пачалося ўсё з таго, што познім пятнічным вечарам мы завіталі на начлег да ксяндза Яна Саламона, пробашча парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ганцавічах. Дарэчы, гэтая парафія — былое месца служэння ксяндза Алега, які таксама вандраваў разам з намі.

Раніцай, распачаўшы дзень святой Імшой, мы вырушылі ў напрамку хутара Гута. Недалёка ад яго знаходзіцца невялічкая каплічка святога Губерта, пабудаваная мясцовымі паляўнічымі. Гэтае месца выбралі мэтаю нашай вандроўкі невыпадкова, бо святы Губерт з'яўляецца апекуном паляўнічых, леснікоў і ўсіх тых, хто шануе і аберагае прыроду, а значыць і скаўтаў.

Наш шлях пралягаў праз сапраўднае балота, гушчары, паваленыя дрэвы і снежныя сумёты.

Аказваецца, нават у 15-ціградусны мароз балота не замярзае. Таму ўсім прыйшлося апрануць высокія гумавыя боты. Месцамі ісці было настолькі складана, што прыходзілася кожныя 10-15 хвілін спыняцца, каб адпачыць. На адным з такіх прыпынкаў нас чакаў сюрпрыз: ксёндз Алег пачаставаў нас каўбаскай, зробленай з лася, упаляванага якраз на гэтым балоце.

Компас мы дасталі толькі праз пару гадзін хады, калі зразумелі што ўвесь час кружылі на адным месцы. Так з-за нашай саманадзейнасці шлях расцягнуўся на некалькі дадатковых гадзін і некалькі дадатковых кіламетраў.

Час ад часу нашы ногі правальваліся ў балота так, што без дапамогі сяброў выбрацца было вельмі складана.

Нягледзячы на ўсе перашкоды, з Божай дапамогай нашая дружная каманда дабралася да каплічкі святога Губерта, дзе мы распалілі вогнішча і смачна паабедалі, хаця час ужо быў на вячэру. Пасля адпачынка мы рушылі далей. Астатнія тры кіламетры па цвёрдай зямлі ў параўнанні са шляхам па балоце паказаліся нам лёгкім шпацырам. Усяго ж мы прайшлі каля 16 кіламетраў.

Асабіста я зразумеў некалькі важных рэчаў падчас нашай вандроўкі, гэта:

  • Значная роля чалавека, які ідзе першым. Часта чуў фразу «ісці па пратаптанай дарозе», але толькі там, на балоце, у снежных гурбах вышэй калена зразумеў, што гэта азначае.
  • Каб не збіцца з правільнага шляху, трэба мець добры арыенцір. Здаецца так бывае і ў нашым штодзённым жыцці: калі мы не маем правільнага арыенціру,     нягледзячы     на прыкладзеныя намаганні і стомленасць, можа аказацца, што топчамся на адным месцы.
  • Каштоўнасць сяброўскай падтрымкі. Боты з балота выцягвалі, як у казцы пра рэпку.
  • Бог заўсёды клапоціцца пра нас і нас падтрымлівае.          
  • Трэба цаніць простыя рэчы. Ніколі раней я не атрымліваў такога задавальнення ад гарачай гарбаты.

Акрамя вандроўкі па балоце, мы мелі дзве канферэнцыі, падрыхтаваныя шэфам зялёнай галіны нашай дружыны — звязовым і адначасова генеральным камісарам скаўтаў ФЕС у Беларусі Паўлам Бельскім. Таксама адбылася сустрэча з сапраўдным егерам, вельмі дасведчаным паляўнічым, добрым апавядальнікам, Казімірам. Пра звычкі якіх звяроў мы толькі не пачулі — пра ваўкоў, ласёў, глухароў, баброў і нават пра пчол. Таксама атрымалі запрашэнне паўдзельнічаць у сапраўдным паляванні.

Значнай падзеяй выезду стала цырымонія складання Прырачэння трыма дапаможнымі шэфамі жоўтай галіны дружыны: Алегам Дудко, Раманам Рамановічам і Сяргеем Трыпуцем.

Вечарам у нядзелю стомленыя, але ўдзячныя Богу, святому Губерту і ўсім, хто дапамагаў нам у гэтай прыгодзе, мы шчасліва вярнуліся дамоў.

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.