— Мне 19 год, родам я з Мінску. Маю малодшага брата Аляксандра. Вучуся на трэцім курсе ў Інстытуце менеджменту спорту і турызму, цікаўлюся гісторыяй.

Усё сваё жыццё хаджу ў касцёл. Спачатку гэта быў касцёл святых Сымона і Алены, так званы Чырвоны (там, дарэчы, пазнаёміліся мае бацькі), а пасля пачаў наведваць і нашу парафію, часам бываю ў кс. Францішка і кс. Аўгуста на Каменнай горцы, мне вельмі падабаюцца іх казанні. У нашай парафіі служыць мая цёця — сястра Агнешка. Гэта і паспрыяла таму, што я прыйшоў сюды. Уз'яднанне сям'і, так сказаць. І ёй, спадзяюся, таксама прыемна, што я прыходжу.

— Раскажы пра сваё служэнне ў парафіі, або пра суполкі, да якіх ты далучыўся.

— ДМХ у маім сэрцы! Хачу таксама стаць часткай ЛСА, ужо рыхтуюся да іспыту. З цягам часу хацеў бы далучыцца да суполкі Jan.by.

— Чым цябе зацікавіла Літургічная служба алтара?

— Мяне заўседы гэта прыцягвала, але я трохі саромеюся, а Чырвоны касцёл надта вялікі... Падчас першага наведвання ДМХ Вова Лукомскі паказваў мне альбом душпастырства моладзі і мы загаварылі пра міністрантаў. Вова даведаўся, што я ніколі не служыў каля алтара і запрасіў мяне, сказаў, што яшчэ не позна, маеш шанец — паспрабуй. Я насіў гэтую думку ў сэрцы і ў пэўны час зразумеў, што хачу гэтага. Мне далі кніжку, па якой я распачаў падрыхтоўку да іспыту!

— Што уваходзіць у сферу тваіх інтарэсаў па-за Касцёлам?

— Вельмі люблю шпацыраваць, а таксама падарожнічаць. Чытаю кнігі гістарычнай тэматыкі, цікаўлюся архітэктурай, пераважна архітэктурай касцёлаў, нават напісаў на гэтую тэму курсавую працу. Выкладчыца сама не каталічка, але ведала, что я католік, таму і прапанавала мне гэтую тэму, і я з радасцю пагадзіўся. Да дыпломнай працы планую зрабіць агульную базу дадзеных ўсіх касцёлаў Беларусі. Хочацца, каб было ўсё прыгожа апісана, адзначаны адметнасці стыляў. Але трэба яшчэ шмат працаваць!

— Раскажы, калі ласка, пра сваё паступленне ва ўніверсітэт?

— Калі я паступаў, на маім факультэце прапанавалі 5 бюджэтных месцаў, а платных – 65. Мы з маці пайшлі на дзень адчыненых дзвярэй, мне правялі экскурсію, сказалі: “Вось, маем 5 бюджэтных месцаў!”. Адразу стала сумна, што прыйдзецца плаціць за навучанне. Але я сказаў: “А чаму гэта я буду аддаваць сваё месца камусьці?”. З гэтага дня я пачаў больш адказна рыхтавацца. На цэнтралізаваным тэсціраванні я здаваў рускую мову, матэматыку, геаграфію. Па матэматыцы вынік быў 63 балы. Рускую мову я не вучыў прынцыпова, па ёй вынік ЦТ — 54 балы. І тут я разумею, што “праляцеў” мой бюджэт, бо ў мінулым годзе прахадны бал быў 285.

Заставаўся тыдзень да ЦТ па геаграфіі, і я заўзята рыхтаваўся. Здаваў яго ў БДУ, гэта каля Чырвонага касцёла. Калі ішоў на тэсціраванне, то зайшоў у касцёл, памаліўся пры Найсвяцейшым Сакрамэнце, каля копіі Турынскай плашчаніцы і праз заступніцтва Эдварда Вайніловіча папрасіў аб добрым выніку тэсціравання. Выцягнуў картку са сваім месцам у аўдыторыі, яно аказалася каля акна, а ў ім віднеўся той самы Чырвоны касцёл, у якім я толькі што быў.

Напісаў тэст, пайшоў дадому, праз 2 тыдні гартаю старонку сайта з вынікамі і бачу — 100 балаў! Я — другі ў гісторыі сучаснай Беларусі, хто мае такі бал па гэтым прадмеце. І 310 — самы высокі бал з 5-ці бюджэтных месцаў. Лічу, што малітва зрабіла сваю справу, і сапраўды сталася так, што сваё месца я нікому не аддаў.

Гэты вынік даў добры старт у інстытуце. Але выкладчыкі, калі бачылі мае балы, былі больш патрабавальнымі. Як у Бібліі напісана: “Каму шмат дадзена, ад таго і будзе шмат патрабавана!”.

— Раскажы, які ты насамрэч?

—  Не люблю сябе хваліць, але… (смяецца) я люблю “старыну”, маю мабільны тэлефон, якому 7 год. Люблю магнітафоны і старыя малітоўнікі.

Я арганізаваны. Амаль заўсёды спакойны і стараюся дзяліцца гэтым спакоем з ншымі. Я ж хаджу ў касцёл і падчас святой Імшы свой супакой перадаю камусьці і забіраю чыйсці – таму я і спакойны. Люблю размаўляць і слухаць іншых людзей. Лічу сябе адказным.

Я, як кактус, — магу шмат да чаго прызвычаіцца. Напрыклад, працаваць у абмежаваных умовах. Я мэтанакіраваны і ведаю слова “трэба”. А яшчэ вельмі люблю малако!

— Якая прафесія цябе цікавіць?

— Калі разважаю пра тое, кім хацеў бы стаць, то думаю, што можа кіроўцам аўтобуса?! У нашай сям'і ніколі не было машыны (да 2020 г., пакуль я не атрымаў правы кіроўцы), таму мы карысталіся грамадскім транспартам. Больш за ўсё я любіў аўтобусы і тралейбусы. Мае дзяды былі кіроўцамі, хоць ні аднога з іх я не застаў, але магчыма “з малаком маці” перадалося гэтае прагненне. Я цікаўлюся транспартам і маю асабістую трэніроўку памяці: запісваю кожны аўтобус, на якім я праехаў, і дадаю яго ў базу дадзеных. Калі сустракаю яго зноў, то радуюся, быццам бы сустрэў сябра. Памятаю, размаўлялі з сябрам па тэлефоне, а ён тым часам ехаў у аўтобусе, дык я змог яму распавесці шмат інфармацыі пра той аўтобус, у якім ён знаходзіўся. Гэта было здорава!

— Ці здараліся з табой нейкія цікавыя здарэнні?

— Калі я быў яшчэ малы, маці прынесла мне кнігу-даведнік па Мінску “Кантакт”. Там былі розныя прадпрыемствы гандлю і шмат картаў. Адна з іх — схема транспарту г. Мінска (можа, таму я і цікаўлюся грамадскім транспартам). Калі я вучыўся ў 4-м класе, адбылася смешная гісторыя: дзяўчынка ў мяне запыталася, ці я ёсць у “У Кантакце”. А для мяне паняцце “Кантакт” — гэта той справачнік з рознымі картамі. Я і адказаў: “Ну, неее, а ты?”. А яна кажа, што ёсць. А я і пытаюся: “А на якой старонцы?”. Потым мне расказалі, што гэта такое — “У кантакце”.

Жыццё Андрэя Рамашкі напоўнена радасцю ад кожнага пражытага дня, якой ён стараецца дзяліцца з іншымі. І ў кожным сваім дні ён бачыць бязмежную любоў Бога і дзякуе Яму за атрыманыя ласкі.

Размаўляла Паліна Івашкевіч

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.