Кожнаму чалавеку часам бывае складана адказаць на пытанне: кім я ёсць? Кожны з нас час ад часу задумваецца: «Які я? Ці такі, якім я сам сябе ўяўляю, ці такі, якім мяне бачаць іншыя? Дзе я сапраўдны — такі, якім мяне задумаў Пан Бог?»

Вытокі

Мой жыццёвы шлях распачаўся ў вёсцы Кульшычы Валожынскага раёна Мінскай вобласці, але жылі мы пазней у вёсцы Раднікі, дзе знаходзіцца дом маіх бацькоў.

Там зусім інакш адчуваецца прысутнасць Пана Бога і адзінства з Касцёлам, часткай якога з’яўляюцца твае сябры, суседзі, родныя і блізкія. Праз удзел у самых галоўных каталіцкіх святах — Вялікадні, Калядах уся мясцовая супольнасць яднаецца ў сапраўдную Божую сям’ю. Там кожная падзея штодзённасці звязана з Богам: вяселле, пахаванне, адведзіны, хрост, і г.д. Але былі і такія часы ў дзяцінстве, калі родныя казалі, каб нікому не распавядала, што я хрысціянка, бо з-за гэтага ў бацькоў на працы могуць быць непрыемнасці, таму што тады не дазвалялася нават хрысціць дзяцей.

Імя

Нарадзілася я на «Тры Каралі» — на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, таму спачатку мяне хацелі назваць Каралінай, але потым усё ж вырашылі інакш, і я атрымала сваё імя — Таццяна. А праз хрост маёй апякункай стала святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса.

Вучоба. Сям’я. Праца

У дзяцінстве ўсе, напэўна, гулялі ў школу?! Мне заўсёды хацелася вучыцца, і так склалася, што асабліва прывабнай для мяне здавалася геаграфія. Пасля школы была вучоба на геафаку — вельмі цікавы час, які навучыў сябраваць і дапамог раскрыць асабістыя таленты. Наш курс называлі «сямейным», бо ўсе мы вельмі цесна сябравалі, і ўжо падчас вучобы ў нас з'явілася каля шасці пар. Нягледзячы на гады і абставіны, з многімі мы і зараз падтрымліваем сяброўскія, прыяцельскія адносіны і нават хрысцілі разам дзяцей. Мы з мужам былі аднакурснікамі, добра ведалі адно аднаго, жылі ў адным інтэрнаце, мелі агульных сяброў і таксама сябравалі. Пасля чацвёртага курса ажаніліся, разам скончылі ўніверсітэт.

Зараз я працую настаўнікам геаграфіі ў 39 гімназіі г. Мінска. Да гэтага паспрабавала сябе ў якасці намесніка дырэктара, але пасля засумавала па жывой працы з дзецьмі. Заўсёды прыемна бачыць свой поспех, але калі бачыш поспехі вучняў — прыемна ўдвая, хоць сама па сабе праца настаўніка няпростая.

Дзеці

Калі ў нашай сям’і нарадзіліся дзеці, жыццё стала іншым. Мы з мужам хадзілі ў касцёл і маліліся дома. Калі з'явіліся дзеці, духоўнае жыццё пачало змяняцца. Так, праз падрыхтоўку дзяцей да Святой Камуніі атрымалася, што і я сама паглыбіла веды і адчула асабістае ўзрастанне ў веры. Мы маліліся разам з дзецьмі, і я бачыла, як перажываюць гэта мае дзеці і зноўку перажывала ўсё сама. Таксама разумела адказнасць за тое, якім будзе іх шлях. Думаеш часцей цяпер не пра сябе, але пра дзяцей.

Цяпер, калі дзеці ўжо дарослыя, нашыя адносіны больш нагадваюць сяброўскія. Мы раімся пры вырашэнні пэўных справаў — гэта мяне вельмі цешыць. Сапраўды цікава назіраць, як яны растуць: як хрысціяне, як свецкія людзі, як развіваюцца ў правільным кірунку. Мае дзеці заўсёды былі цэнтрам увагі з боку сям'і і родных, таму я і зараз вучу іх быць удзячнымі і адкрытымі ў адказ. Рабіць дабро тым, хто побач. Напрыклад, заўсёды знаходзіць час, каб патэлефанаваць бабулі.

Сакрэты выхавання

Трэба вучыць дзяцей сябраваць. Для мяне заўсёды было важна, каб сям'я была адзіным цэлым. Вельмі каштоўным з’яўляецца для нас усіх той час, які мы праводзім разам, хоць, можа, яго і не надта многа. У свой час мы з мужам вырашылі, што дзеці павінны выхоўвацца ў адной веры. Абралі каталіцтва. Шлюб мы таксама бралі ў касцёле. Муж, можа, не заўсёды нас разумее як практыкуючых католікаў, і ставіцца своеасабліва, але і я разумею, што ў кожнага свой шлях да Пана. Тым больш, што бачу: муж радуецца, калі дзеці ўзрастаюць у веры і напаўняюцца гэтым.

Дзецей я старалася выхоўваць так, каб яны былі адзін для аднаго самымі галоўнымі людзьмі па жыцці, сябравалі і падтрымлівалі адно аднаго. Памятаю, як Арцёму трэба было напісаць сачыненне пра лепшага сябра. Я спытала, пра каго ён збіраецца пісаць, а ён з упэўненасцю адказаў: пра Вераніку. Вераніка заўсёды ганарылася Арцёмам. Зараз я бачу, што яны вельмі часта размаўляюць аб чым-небудзь, можа, нават часцей, чым са мной, і я гэтаму вельмі рада.

Выбар

Мая Веранічка паступіла адначасова ў тры ўніверсітэты: у Варшаву, у Люблін і ў Мінск (на бюджэт). Паўстала пытанне: што выбраць? Я жартавала, што зараз універсітэты павінны спрачацца паміж сабой — чыёй студэнткай стане Вераніка.

Нарэшце вырашылі абраць Варшаву. Хоць у той час нам шмат чаго негатыўнага казалі, я зразумела, што не трэба гэтага баяцца. Трэба карыстацца з магчымасці, якая нам прапанавана. Калі адвозілі Веранічку на вучобу, мне было цяжка пакінуць яе там і паехаць дадому, але праз месяц стала спакайней. Так, гэта няпростае рашэнне для бацькоў, але апека Пана Бога заўсёды атуляе нас.

Спевы на хвалу Пана

Да выезда на вучобу ў Польшчу мая дачка спявала ў хоры. Калі Вераніка паехала, я зразумела, што мне трэба прыдумаць сабе нейкі занятак, бо з ёю мы праводзілі шмат часу, а зараз гэты час вольны. А цікавасць да спеваў я мела заўсёды, тым больш, што нашыя святары шчыра запрашалі нас далучыцца да парафіяльнага хору. І я вырашыла паспрабаваць. Алёна Кот прыняла мяне ў хор, за што я вельмі ёй ўдзячная! Яна вельмі дапамагла мне таксама і ў тым, каб бліжэй пазнаёміцца з людзьмі нашай парафіі.

Калі я шла ў хор, то думала, што гэта складана: спяваць, маліцца і адначасова яднацца з Богам. Адразу так і было, але цяпер адчуваю, што Пан благаслаўляе нас на гэтую справу.

5 фактаў

  • Таццяна мае мужа і двух дзяцей.
  • 9 гадоў працавала намеснікам дырэктара, зараз працуе настаўніцай геаграфіі.
  • Любіць ездзіць на вёску да таты, бо там заўсёды ёсць час пабыць з кветкамі, дапамагчы бацьку.
  • «Змена дзейнасці гэта добра, але заўсёды трэба разважліва да яе падыходзіць. Колькі б часу не займала праца, сям’я заўсёды на першым месцы».
  • Крэда «Любі тое, што ты робіш, і рабі тое, што любіш».
Падрыхтавала Паліна Івашкевіч

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.