7 кастрычніка ў Каталіцкім Касцёле адзначалася свята Маці Божай Ружанцовай. Каля 20 вернікаў нашай парафіі падрыхтавалі Найсвяцейшай Панне Марыі найлепшы падарунак. Яны даручылі саміх сябе Найлепшай Маці і, праз Яе рукі, Богу.

Да гэтага ўрачыстага прысвячэння група парафіянаў разам з іншымі вернікамі з Беларусі і Расіі рыхтавалася на працягу 33-х дзён праз штодзённую малітву і разважанні, якія грунтуюцца на практыцы, прапанаванай св. Людовікам дэ Манфорам.

Напрыканцы святой Імшы ў гэты дзень вернікі зачыталі «Акт прысвячэння жыцця Езусу Хрысту праз служэнне Найсвяцейшай Панне Марыі», у якім аднавілі абяцанні святога хросту і даручылі сябе цалкам Найсвяцейшай Панне Марыі. Сімвалам паслухмянасці і ўшанавання сталі кветкі, якія вернікі склалі да фігуры Маці Божай разам са сваімі абяцаннямі.

Такая малітоўная практыка існуе з 1853 г., калі Папа Пій ІХ прызнаў чыстасць і праўдзівасць «Трактату аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі» Людовіка дэ Манфора. З таго часу шмат людзей з розных краінаў праз малітоўныя разважанні, відэа-рэкалекцыі штогод аднаўляюць свае прысвячэнні ці складаюць іх упершыню падчас Марыйных святаў.

Панна Марыя мае тытул Каралевы Беларусі. Нашая краіна была ўрачыста прысвечана Маці Божай у 2013 годзе падчас святкавання юбілею 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў. Але таксама трэба, каб беларусы асабіста далучыліся да гэтага прысвячэння дзеля поўнага трыўмфу Беззаганнай на нашай зямлі.

Адным з ініцыятараў гэтага руху ў Беларусі, з’яўляецца Уладзімір Вайцяховіч. Як ён засведчыў, падчас пілігрымкі да труны святога Яна Паўла ІІ з пытаннем, што трэба зрабіць, каб Бог благаславіў нашую краіну і народ, ён атрымаў адказ: «Калі будзе ў Беларусі дастаткова душаў, дарэшты адданых і прысвечаных Беззаганнаму Сэрцу Марыі, сатана назаўсёды пакіне гэтыя землі».

Пасля ўрачыстага прысвячэння нашыя парафіяне распавялі:

«Было вельмі адказна і радасна стаяць у алтара і складаць абяцанні», — напісала Алена Нашчынец.

«Я была вельмі ўзрушана. У нейкі момант эмоцыі былі як на шлюбе: святар, ціхі мілагучны спеў, ты чытаеш акт прысвячэння, так усё таямніча...», — дзялілася перажываннямі Любоў Пукіта.

Яшчэ адна з удзельніц кажа: «Праз гэты час я ўсвядоміла, што Панна Марыя — таксама і мая клапатлівая Маці, што далікатна накіроўвае, натхняе і дае магчымасці служыць Богу. Што такая малітоўная падрыхтоўка, мэта якой ахвяраваць сябе, сваю штодзённую працу, пост, малітву, цярпенні, усё, што маю, Найсвяцейшай Маці і праз Яе Хрысту спрыяе абуджэнню большага прагнення Бога і спазнання Яго волі».

Наступную падрыхтоўку да прысвячэння можна будзе распачаць у пачатку лістапада, за 33 дні да свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. За больш падрабязнай інфармацыяй звяртайцеся да святароў парафіі.

Тэкст i Фота: Дар’я Еўсікава

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.