
2 кастрычніка прайшла 18-я Сусветная Эўхарыстычная Святая Гадзіна Дзяцей, якая яднае маленькіх католікаў па ўсім свеце. Яднае перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у ружанцовай малітве аб міры і супакоі на зямлі.
Нашыя маленькія парафіяне ўжо шосты год далучаюцца да гэтай ініцыятывы. Сёлета яны асабліва маліліся за нашу краіну і народ, які пакутуе ад несправядлівасці і насілля.
На пачатку набажэнства дзеці запалілі свечку на знак духоўнай лучнасці з тымі, хто яднаецца ў малітве разам з імі па ўсім свеце. А потым ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr звярнуўся да маленькіх вернікаў цытуючы словы Марыі:
«Маліцеся аб навяртанні свету, каб не было войнаў. Маліцеся аб міры і справядлівасці...»
Такі запавет пакінула нам Маці Божая падчас Фацімскіх аб'яўленняў. Гэты запавет выконвалі і нашы дзеці, узносячы малітву аб міры і супакоі ва ўсім свеце, а асабліва ў нашай Радзіме. Яны неслі запаленыя свечкі да алтара, разважалі таямніцы Ружанца, спявалі песні.
Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ксёндз Уладзімір цэлебраваў святую Імшу.































