24 верасня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў незвычайным фармаце адбылася штогадовая сустрэча моладзі. Яна прайшла пад назвай «Выйдзі на сувязь з Касцёлам».

Нярэдка малалыя людзі, прыязджаючы ў сталіцу на вучобу ці працу, пакідаючы свае родныя парафіі, губляюць з Касцёлам сувязь. Каб дапамагчы ім знайсці сваё месца ў Касцёле ў Мінску, была арганізавана сустрэча, на якой удзельнікі пазнаёміліся з дзейнасцю моладзевых парафіяльных супольнасцяў нашай сталіцы.

У сустрэчы ўзялі ўдзел каля 80 чалавек. Адказнасць за арганізацыю мерапрыемства ўзяла на сябе сама моладзь.

Сустрэча распачалася святой Імшой, падчас якой адбылося благаслаўленне заліковак.

У гаміліі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі асабліва падкрэсліў важнасць моладзевых сустрэч, дзякуючы якім новае пакаленне можа адчуць прыналежнасць да ўсяго Божага Касцёла, а не только да асобнай парафіі.

Удзельніца сустрэчы Паліна Івашкевіч распавядае: «Вельмі добра, што сустрэча пачалася са святой Імшы, бо мы змаглі прыняць Цела Езуса. Гэта заўсёды мяне ўмацоўвае як духоўна, так і фізічна. Падчас выступлення іншых парафій, так званага „запрашэння да сябе“, мне вельмі падабалася іх падтрымліваць. Праз гэта адчувалася лучнасць усіх суполак і людзей адно з адным. Паколькі тры гады таму я ўжо выбрала сабе супольнасць, то магу засведчыць, як важна быць з аднадумцамі і разам спазнаваць Хрыста. Напэўна, таму мне хочацца, каб кожны меў такую супольнасць, дзе мог бы служыць іншым і праслаўляць Бога».

Пасля прэзентацыі парафіяльных супольнасцяў моладзь цікава правяла час разам: маладыя вернікі маглі бліжэй пазнаёміцца праз вясёлыя інтэрактыўныя гульні, танцы і песні, арганізаваныя суполкай ДМХ «Адзіныя сэрцам» з парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна М. Кольбэ. Між іншым, на сустрэчы спявалася і на адной з афрыканскіх моў.

«Узнёсласць, радасць, усмешка, надзея на лепшае, адчуванне, што ўсе мы — Касцёл, — вось такія думкі і эмоцыі напаўняюць пасля сустрэчы. У гэты няпросты час па запаленых вачах моладзі было зразумела: кожны сумуе па сустрэчах, размовах, супольным часе. Кожны гатовы дзяліцца з бліжнім сабой і Езусам, які напаўняе нашыя сэрцы. Мы на сувязі з Касцёлам!» — падзялілася думкамі Маргарыта Капуста.

Напрыканцы маладыя людзі памаліліся і падзякавалі Богу за магчымасць паяднання з Ім праз Касцёл і за надзею, якую Езус улівае ў сэрцы.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.