З 20 па 23 жніўня пад дэвiзам «Мой родны кут, як ты мне мілы...» адбыўся летнiк ваўчанятаў. Сёлета ён праходзіў ў аколiцах маляўнічых мясцiнаў, апiсаных у паэме «Новая зямля» Якуба Коласа, а менавiта ў Стаўбцоўскім раёне ў в. Арцюхi, што недалёка ад засценка Акiнчыцы — месца нараджэння аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай лiтаратуры і літаратурнай мовы, народнага паэта Беларусі.

Дзень першы

Летнiк ваўчанятаў распачаўся ў чацвер, 20 жнiўня, вечаровай святой Iмшой у каплiцы на вул. Матусевiча. Мы вырушылi ў дарогу на машынах, на месца прыехалi ўжо ўпоцемку, але нiхто i не думаў адразу класцiся спаць — наперадзе яшчэ быў перакус бутэрбродамi, кожны спяшыў падзяліцца з сябрамi сваiмi ўражаннямi аб летнiм адпачынку, i, канешне ж, гэта ўсё адбывалася ў прадчуванні неверагодных прыгод у ваўчаняцкай зграi. Так што спаць клалicя ўжо глыбока за поўнач.

Дзень другi

Нягледзячы на познi адыход да сну, пабудку а 7-й гадзiне ранiцы нiхто не адмяняў!

Падмацаваўшыся духоўна (малiтвай) i фізічна (кашай, прыгатаванай на вогнiшчы), пасля кароткага апавядання пра жыццё i дзейнасць Якуба Коласа, ваўчаняты вырушылi ў дарогу да першай леснiчоўкi Мiхася Міцкевіча, бацькi Кастуся Міцкевіча — будучага народнага паэта Якуба Коласа. Вельмi хвалююча было адчуваць, што мы iдзем па тых самых сцяжынках, па якiх калiсьцi хадзiў наш знакамiты суайчыннiк.

Увесь наш шлях пралягаў праз маляўнiчы сасновы бор. Не прайшло i дзвюх гадзін, як мы адолелi каля 4-х кіламетраў дарогi i апынулiся на парозе дома-музею ў Акiнчыцах, дзе нас ужо чакаў экскурсавод. Было вельмi прыемна бачыць, як нашыя хлопцы жвава i без памылак адказвалi на пытаннi экскурсавода не толькi адносна жыцця Якуба Коласа, але i гiсторыi нашай краiны. Пад канец экскурсii iмёны некаторых нашых ваўчанят панi-экскурсавод ужо ведала на памяць!

Наведванне музею доўжылася больш за паўтары гадзiны. Мы атрымалi магчымасць дакрануцца да калыскi (у прамым i пераносным сэнсе), з якой пачала зараждацца сучасная беларуская мова, убачылi, якiмi прыладамi карысталiся вясковыя людзi, як яны апраналіся. Таксама мы пачулi гiсторыi пра Радзiвiлаў, Сапегаў i iншых знакамiтых гістарычных асобаў.

Падзякаваўшы экскурсаводу, мы без замiнак вырушылi ў зваротны шлях. I не дзiўна, на лецiшчы нас чакаў абед. У дарозе ваўчаняты так згаладалiся, што за дзесяць хвiлiн ад вялiкага рондалю гарохавага супа нiчога не засталося. Тое самае адбылося з каструляй макарон з сырам, бутэрбродамі з варэннем i з пячэннем.

Падмацаваўшыся i трохi ачуняўшы, ваўчаняты былi гатовыя зноў «кiнуцца ў бой». I яны атрымалі такую магчымасць! Больш за 20 вадамётаў сустрэлiся неўзабаве на полі вадзяной бойкi. Такой залевы Арцюхi яшчэ не бачылi! I шэфы, i ваўчаняты, мокрыя з галавы да ног, не хацелi спыняцца.

Але, як кажуць, на ўсё свой час. Наперадзе нас чакалi яшчэ заняткi, дыжуры, падрыхтоўка сцэнкi, рэпетыцыя цырымонii складання Абяцанняў, вячэра з бульбачкай «у мундзiрах», вогнiшча, вечаровая малiтва i шмат iншага. Гэтым вечарам стомленыя, але задаволеныя, ваўчаняты пайшлi спаць у 22:00 без усялякiх забастовак!

Дзень трэцi

Самай значнай і чаканай падзеяй летнiку стала цырымонiя складання Абяцанняў «далiкатных лапак», падчас якой сем хлопчыкаў, атрымаўшы благаслаўленне ксяндза Алега, па чарзе склалi свае Абяцанні быць вернымi Богу, сваiм бацькам i сваёй Радзiме, а таксама законам зграi i ваўчаняцi. Кожнае ваўчанё, якое склала Абяцанне, атрымоўвае берэт з нашыўкай ваўчаняці — сiмвалам прыналежнасцi да вялiкай сям’i скаўтаў i скаўтак Еўропы (FSE). Па традыцыi, цырымонiя скончылася салютам берэтаў пад крыкi: «Ура, ура, ура». Пасля ксёндз Алег цэлебраваў урачыстую святую Iмшу з навукай для хлопцаў.

Падсiлкаваўшыся ўрачыстым салодкiм перакусам у гонар былых «далiкатных лапак», ваўчаняты разам з шэфамi адправiлiся ў гістарычнае падарожжа на брукаваны ўчастак тракту «Новы Свержань — Мiр» XVI ст. З двух бакоў старажытнага тракту растуць велiзарныя таполi. Каб абняць адно з такіх дрэваў, спатрэбiлася аж пяць ваўчанят! Зрабiўшы замеры дрэва, вылiчылi яго прыкладны ўзрост — атрымалася больш за дзве сотні гадоў.

Недалёка ад тракту працякае знакамiты Нёман. Канешне ж, мы не маглi прайсцi мiма i не акунуцца ў рэчку. Выцягваць адтуль ваўчанят прыйшлося сiлком! Трохi перарабiўшы ўрывак з паэмы «Новая зямля», можна напiсаць пра нашых ваўчанят:

Ніхто з дарослых не згадае,
Чым рэчка ваўчанят займае,
Якая іх звязала сіла
І чым яна так хлопцам міла.

Вярнуўшыся ў лагер i ачысцiўшы да дна чарговую партыю каструль з супам, макаронамi «па-флоцку» i яблычным кампотам з бутэрбродамi, ваўчаняты развiталiся з ксяндзом Алегам i прыступiлi да спаўнення сваiх абавязкаў (вядома, з перапынкамi на гульнi).

Калi сцямнела, мы ўсе разам шукалi сузор’i на небе i Паўночную зорку, смажылi каўбаскi i сала на вогнiшчы. Шукаючы Венеру, узгадалi верш Максіма Багдановiча «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…». На заканчэнне падзякавалi Богу за гэты дзень гiмнам «Магутны Божа».

Дзень чацвёрты

З увагi на нядзелю было вырашана зрабiць пабудку на паўгадзiны пазней - у 7:30. I як звычайна — размiнка, прабежка, ранiшняя малiтва, сняданак. А вось далей нас чакаў паход у лес «на мурашнiкi». Ведаючы, дзе i як мурашнiкi размяшчаюцца, ваўчаняты могуць з лёгкасцю вызначыць напрамкi бакоў свету. Недалёка ад лагеру нас напаткаў моцны цёплы дожджык, таму, вярнуўшыся, нам давялося цалкам пераапранацца.

На нядзельную святую Iмшу да нас завiтаў ксёндз Уладзiмiр. Ваўчаняты сустрэлi яго адмыслова — салютам з 18-цi вадамётаў!

Пасля Iмшы i сытнага абеду, падзякаваўшы ўсiм шэфам i гаспадарам лецiшча, ваўчаняты з сумам, што летнiк скончыўся, i адначасова з радасцю ад прадчування сустрэчы з бацькамi, расселiся па машынах i ўжо праз гадзiну-паўтары апынулiся ў сваiх дамах. А ў Арцюхах наступiла незвычайная цiшыня...

 
Тэкст: Валерый Шымак
Фота: Алег Дудко, Павел Чаган

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.