Мяне завуць Багдан, мне 13 гадоў, і я вучуся ў 7 класе гімназіі №43. Люблю гуляць у футбол, баскетбол і рухомыя гульні, таксама я скаўт. Люблю быць у цэнтры ўвагі.

Вялікі дзякуй маёй сям'і!

Мая сям'я — гэта сястра, мама і тата. Я вельмі люблю кожнага члена маё сям'і, люблю сваіх бабулю і дзядулю і вельмі ганаруся, што яны ў мяне ёсць. Я бачу іх такімі рэлігійнымі, тымі, хто побач з Богам, тымі, якія не адышлі ад Яго.

Яны мяне заўсёды падтрымліваюць у цяжкіх сітуацыях і наогул вельмі мне дапамагаюць — вельмі дзякую ім за гэта. Я ім настолькі давяраю, што магу адкрыць ім свае самыя складаныя сітуацыі.

Люблю праводзіць час з сям'ёй. З татам мы гуляем у шахматы, з мамай — у інтэлектуальныя гульні, з сястрой і наогул разам — у настольныя гульні.

Мы ходзім разам у кафэ, гуляем на свежым паветры.

Я вельмі люблю сваю сястру, калі б я ні папрасіў, яна заўсёды дапамагае. Бываюць моманты, калі сварымся, аднойчы мы не размаўлялі з ёй дзве гадзіны, але мы разумелі, што гэта бессэнсоўна, і таму памірыліся. Мы заўсёды просім адно у аднаго прабачэння.

Вера ў Бога

Калі я быў малы, то не вельмі хацеў хадзіць у касцёл. Мог сказаць, што мне баліць галава і не ісці нікуды.

Памятаю, калі мы ўпершыню прыйшлі да нас у парафію. Перад гэтым мы вельмі доўга шукалі касцёл. Там у той дзень быў кс. Уладзімір, у касцёле была вельмі сямейная абстаноўка. Да гэтага мы хадзілі ў касцёл св. Троіцы ў Радашковічах, ён вельмі вялікі, і там мала людзей, таму ён здаваўся мне страшным. У нашай маленькай капліцы мне было вельмі прыемна знаходзіцца. І тады пачалося маё рэлігійнае жыццё, у якім мяне зноў жа падтрымалі мае бацькі.

Літургічная Служба Алтара — гэта палова майго жыцця

Мне было 7 год, калі я падыйшоў да кс. Уладзіміра і сказаў яму аб тым, што хачу быць міністрантам. Зараз, калі я іду ў касцёл, у мяне заўсёды ёсць думкі аб тым, як мне трэба перажыць Святую Камунію і Імшу. Гэта складана.

Нашыя святары таксама заўсёды былі побач. Ужо зараз я зразумеў, чаму гэта так ганарова і так важна. Калі я бачу, што прыходзяць новыя міністранты — я шчаслівы ад таго, што яны таксама зразумелі гэты прыгожы шлях ЛСА, прайшлі падрыхтоўку кандыдатаў і зараз могуць служыць ля алтара.

ЛСА + выезд = хутчэй за ўсё Жодзіна

Мы бываем у Жодзіна. Я там быў 3 разы. Першы раз было трохі страшна, я тады быў яшчэ кандыдатам і не ведаў, чаго чакаць. Мы не ведалі, як там будзе. Рыхтаваліся, і час падрыхтоўкі мне падабаўся. Настольны футбол, каток, конкурс літургічных ведаў і шмат іншага. Першы раз — 2-е места.

Наступны год мы прапусцілі і яшчэ праз год, едучы ў Жодзіна, мы адчувалі тое, што мы вельмі падрыхтаваныя да гэтага. І мы занялі першае месца ў агульным заліку, хоць і не занялі ніводнага першага месца ні ў адной класіфікацыі. Гэта было крута.

Апошні выезд мне спадабаўся больш за ўсе ранейшыя. Гэта была найбольшая з падрыхтовак. Рыхтаваліся па Евангеллю, літургічным ведам і наогул па ўсяму, чаму было можна і нельга. І калі быў конкурс літургічных ведаў — гэта галоўны конкурс, бо міністранты павінны ўсё гэта ведаць - я разумеў, што ў мяне атрымліваецца даваць правільныя адказы ўсё часцей і часцей. Калі мы атрымлівалі кубак за першае месца, то кс. Канстанцін пазваў мяне забіраць гэты кубак, і гэта было вельмі ганарова для мяне.

Сябры

Калі я прыйшоў у ЛСА, то пазнаёміўся з многімі людзьмі, але найбліжэйшымі для мяне сталі Стас Селівоха і Арцём Каплун. Гэтыя людзі заўсёды побач, мы разам збіраемся на розныя святы. Мне з імі вельмі прыемна быць, і я іх вельмі шаную, бо калі б іх не было, мне было б у жыцці вельмі складана. Так я пазнаёміўся не толькі з Богам, але і з новымі людзьмі.

Якім я бачу Бога

Кс. Валянцін, які служыў у Радашковічах, хрысціў мяне, а пазней ён адкрыў мне вочы, што Бог — гэта мой Айцец. Аднойчы на Божае нараджэнне ён прыйшоў да маёй бабулі (ён вельмі паважаў нашую сям'ю). Калі ён прыходзіў, то шмат размаўляў са мной пра розныя рэчы, зваў мяне ў касцёл і да міністрантаў. Але мне тады гэтага не хацелася, і я адносіўся да гэтага несур'ёзна. Быў момант, калі я вельмі доўга не хадзіў у касцёл, я страціў тую Божую ласку і благаслаўленне, і мне на душы было сорамна, я быў вельмі сумны. І бацькі вырашылі знайсці касцёл у Мінску. І калі я прыйшоў у касцёл, я зразумеў, што стаў адчуваць сябе намнога лягчэй.

Калі мы апошні раз бачыліся з кс. Валянцінам, ён быў вельмі рады таму, што я навярнуўся да Бога. Я вельмі ўдзячны гэтаму святару за тое, што ён прывёў мяне да Бога, а нашым святарам-хрыстусоўцам — што яны мяне суправаджаць зараз на гэтым шляху.

Жыццё — ЛСА = другая палова жыцця

Я стараюся старанна вучыцца. Ёсць прыяцелі ў школе, яны вельмі добрыя. Некаторыя веруючыя, а некаторыя нават католікі. Мне з імі прыемна размаўляць, бо яны не ругаюцца брыдкімі словамі, я такіх людзей вельмі паважаю. Быў момант, калі мне была патрэбная падтрымка не бацькоў, а менавіта тых людзей, якія 7 гадзін у дзень знаходзяцца побач са мной, і ў той час яны былі побач. Гэтыя людзі спакойна адносяцца да таго, што я веру ў Бога, не пужаюцца таго, што перад кантрольнай на перапынку я магу памаліцца. Яны не глядзяць на мяне ў гэты момант нейкімі вялікімі вачыма, а спакойна да гэтага ставяцца. Яны пытаюцца: «Чаму ты не саромеешся сваёй веры?». Адказваю ім тым, што гэта мае жыццё, і я прызвычаіўся да яго, і няма тут чаго саромецца. Бываюць моманты, калі я раблю знак крыжа, калі іду каля касцёла, і на мяне некаторыя глядзяць здзіўлена, але я не разумею гэтых людзей.

Самым цяжкім у маім жыцці быў 5 клас. Гэты год паказаў мне, што трэба давяраць Богу ўсё сваё жыццё і цярпенне. Мяне вельмі крыўдзілі, але гэта прайшло. Бог быў побач.

Што мяне цікавіць у жыцці

Я вельмі люблю спазнаваць новае: хаджу на заняткі польскай і ангельскай моваў, на спартыўныя секцыі ў школе. Няма чагосьці таго, чым я займаўся б рэгулярна, але па жыцці я актыўны і з задавальненнем пайшоў бы зараз гуляць у футбол, калі б мне прапанавалі.

Якім я бачу жыццё

Цяперашні чалавек вельмі закрыты. Я хацеў бы, каб людзі былі больш адкрытыя да свету і каб больш давяралі іншым людзям. Каб людзі не хацелі рабіць нешта самі, але рабілі справы разам.

Было б добра, каб людзі былі больш лаяльным да веры і прымалі выбар іншага чалавека. Часам бывае цяжка, калі ты настрайваеш сябе на тое, што пойдзеш у касцёл, а нехта кажа: «Навошта ты туды ідзеш, там жа забіваюць?» Але яны проста не разумеюць, што там здараецца.

У рэлігіі няма галоўных. Ёсць адзін Бог, і мы разам ідзем да Яго.

Мая мэта ў жыцці — давесці больш людзей да Бога. Каб людзі пазнавалі нешта новае. Каб людзі не баяліся новага.

Хто ёсць для мяне прыкладам

Бацькі, нашыя святары, старэйшая моладзь і нашыя парафіяне. Яны разам з Богам і даюць мне прыклад сваім жыццём.

Лектары з залатымі крыжамі вучаць цярплівасці і дысцыплінаванасці. З некаторымі мы ішлі разам у пілігрымцы. Калі было цяжка ісці — я глядзеў на іх і зразумеў, што калі ты не будзеш думаць аб болі, то будзе лягчэй ісці . Ты будзеш заняты праслаўненнем Бога, а не сваімі думкамі.

Я дзякую свайму апекуну — ужо святару Яўгенію. Я з ім хадзіў,і мы шмат размаўлялі, і мне было прасцей ісці, калі мы молімся. Гэта дае моц фізічную і духоўную.

Бацькі даюць прыклад ва ўсім. Як нешта прыгатаваць, вымыць падлогу, як навучыцца прымаць рашэнні ў сваім жыцці. Зараз я сталею, бацькі могуць сказаць: «Багдан, тут ты ўжо сам можаш прыняць рашэнне». Тое, з чым я сустракаюся ўпершыню, так, яны мне, канешне, дапамогуць, каб я мог выбраць нешта добрае.

Бывае ў мяне так, што бацькі раяць зрабіць урокі загаддзя, бо ведаюць, што я захачу куды-небудзь пайсці. Але я разумею, што я хачу адпачыць і адкладваю іх на потым. А калі прыходзіць час іх рабіць, я разумею, што бацькі мне добра раілі. І ў гэтыя моманты я разумею, што праз іх я пачынаю вучыцца думаць наперад, а не толькі аб тым, чым зараз хачу заняцца. Яны вучаць мяне планаваць мой час. І мне не трэба пасля перажываць, што я штосьці не паспею. Бацькі навучылі мяне класціся спаць у адзін і той жа час. Гэты прыклад вельмі карысны. Я ўсім раю.

Дзякуй маім бацькам, што навучылі мяне думаць так, каб потым было нашмат лягчэй.

Вялікі Пост

На час посту я вырашыў вырасціць лук, каб потым можна было яго з'есці, таксама адказаўся ад мясных страў.

Я чакаў Вялікдзень і вельмі хацеў перажыць пост глыбока і разважліва. Я заўсёды думаю аб тым, як моцна мянялася жыццё Хрыста ў часе Вялікага Тыдня. Радаснае прывітанне, вячэра з вучнямі, Езус у цямніцы, пасля бічаванне, крыж, смерць і уваскрашэнне!

Бліц-апытанка

  1. Шчасце гэта…
    — гэтае тое, што вельмі патрэбна кожнаму чалавеку.
  2. Месца, куды табе хочацця вярнуцца
    — катэдральны касцёл у Познані
  3. Самае смачнае з ежы гэта…
    — курачка з KFC
  4. Любімы святы
    — Тарцызій — заступнік міністрантаў. Ён не баяўся аддаць сваё     жыццё і стаў святым у маім узросце.
  5. Ноўтбук ці кніга?
    — Ноўтбук, але таму, што я магу знайсці там шмат рознай інфармацыі.
  6. Смажаная бульба ці вараная?
    — Вараная, бо з яе можна зрабіць пюрэ.

Багдан сам прапанаваў супрацоўнікам Jan.by узяць у яго інтэрв'ю. Вось, што ён пра гэта кажа: «Каб ведаць чалавека, трэба некаторая інфармацыя пра яго. Самому цяжка зрабіць так, каб шмат людзей даведаліся пра цябе. Калі людзі цябе ведаюць, яны могуць быць упэўненымі, што у цябе можна штосьці папрасіць, або наадварот, чагосьці рабіць не трэба».

Размаўляла Паліна Івашкевіч

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.