— Гэта ўсё мне нагадвае фільм «Інтэрв’ю з Богам», — пачаў гаворку Даніэль.
— Чаму?
— «Усё будзе запісвацца на дыктафон, таму ніякай няпраўды», — падобная фраза была на пачатку фільма, ну і можа таму, што я ніколі не даваў інтэрв’ю.
Завуць нашага героя Даніэль Лазараў. Яму 17 гадоў і зараз ён вучыцца ў Каледжы хлебапячэння.
— Табе падабаецца там вучыцца? Што ты ўжо можаш прыгатаваць?
— Так, вучыцца падабаецца. Але, на маю думку, шмат тэорыі, якая не вельмі патрэбная. Вось практыка сапраўды цікавая. Прыгатаваць магу розныя булачкі, пірагі…
— Раскажы нам пра сваю сям’ю.
— Маці завуць Таццяна, бацьку Максім. Бацькі працуюць у школе: маці - намеснікам дырэктара, а бацька — рэжысёрам. Таксама я маю двух братоў: Стаса і Багдана. Яны ў ЛСА (міністранты), але Багдан толькі нядаўна стаў кандыдатам. Абодва ходзяць у музычную школу.
— У вас ёсць якія-небудзь традыцыі ў сям’і ? Што вы любіце рабіць разам?
— Любім разам глядзець фільмы. Нядаўна ў нас з’явілася традыцыя сумеснага абмеркавання нашага дня і ўвогуле розных тэм. Адна з самых запамінальных сумесных «вандровак» для мяне была пілігрымка ў Будслаў гэтым летам. Я не чакаў, што ва ўсіх нас атрымаецца ў ёй паўдзельнічаць, але сталася так, что ў бацькоў быў адпачынак. І мы вырашылі, чаму ж не пайсці. Мы перажылі гэта ўсё разам. І напрыканцы ўсёй сям’ёй дзякавалі Богу за гэтую магчымасць.
— Якія рысы характару ты шануеш?
— Я ўвогуле шаную ў людзях сумленнасць. Мне падабаецца, калі мая сям’я ў адносінах да мяне сумленна.
— Чым ты любіш займацца?
— Я люблю пець. Пяю ў хоры «Маладыя галасы». Песні пяем розныя, пачынаючы ад народных і заканчваючы лацінскімі. Не так даўно мы занялі першае месца ў Рэспубліканскім конкурсе.
Таксама я пішу вершы дзеля душы. Часам сядзіш, думаеш аб нечым, а словы самі прыходзяць.
— Можа нам скора чакаць твой дэбют у якасці паэта?
— Пакуль толькі для сябе і блізкіх.
— А што наконт любімай кнігі?
— Я люблю чытаць. Мой любімы пісьменнік Бруно Ферреро, — адказаў Даніэль і дастаў маленькую кніжачку са свайго заплечніка.
Мне падабаееца гэты пісьменнік тым, што ён піша займальныя гісторыі, а часам дае маленькую перадгісторыю аб тым, як гэта прадстаўляецца ў Бібліі.
— А чаму б ты хацеў навучыцца? Можа не зараз, а праз гадоў так 20.
— Добрае пытанне. Калісьці я хацеў пайсці ў семінарыю, так. Я больш хацеў пазнаць Бога. І калі чытаў Біблію, там было шмат таго, што я не разумеў, і тое, што я ўсё яшчэ хачу спазнаць.
Зараз маю планы аб паступленні ва ўніверсітэт, каб стаць настаўнікам біялогіі і геаграфіі.
— Падабаецца працаваць з дзецьмі? Можа, у цябе ўжо быў такі досвед у жыцці?
— Для нікога не сакрэт, што я быў памочнікам аніматара ў лагеры. Першая сапраўднае жаданне стаць аніматарам узнікла яшчэ ў дзяцінстве, а менавіта ў парафіі на Серабранцы. Там я быў у лагеры і мяне вельмі ўразіла праца аніматараў з дзецьмі.
І тады ў мяне з’явілася такая мара: апынуцца на іх месцы. Адным разам так здарылася, што з’явілася невялікая суполка Дамініка Савіа, дзе нас крыху навучалі таму, як працаваць з дзецьмі.
А вось сапраўдным памочнікам аніматара я ўжо стаў пасля прапановы ксяндза Уладзіміра паўдзельнічаць у «Канікулах з Богам».
— Можа ў цябе ёсць нейкія асаблівыя «хітрыкі» ў камунікацыі з дзецьмі?
— Ведаеш, гэта гучыць неяк па-філасофску, але трэба жыць як гэта дзіцё, спрабаваць зразумець яго.
Быў у мяне такі выпадак у жыцці. Ішлі мы ў пілігрымцы ад Смаргоні, спыніліся каля вёскі, там былі малыя дзеці, якія хадзілі тудэма-сюдэма. І хтосьці мяне папрасіў з імі пагуляць. Нарэшце, калі мы ўжо збіраліся ісці далей, яны падышлі да мяне і шчыра падзякавалі, нават бонсцікаў (маленькія цацкі) падаравалі.
— Ёсць такія асаблівыя месцы, якія б ты жадаў наведаць?
— У мяне ёсць жаданне з’ездзіць у тур па Еўропе. Мару аб тым, каб наведаць Парыж.
— А чаму менавіта Парыж?
— Горад рамантыкі, горад кахання, — з усмешкай адказвае Даніэль.
— Якія асацыяцыі ў цябе са словам “скаўтынг”?
— Прыгоды, адказнасць і дружына, ну і яшчэ — Павел Бельскі.
— Раскажы нам пра свой досвед у ім.
— На самай справе, зараз я ўжо не скаўт, але гісторый розных шмат памятаю. Асенні цыкл быў самы запамінальны. Гэта быў мой апошні раз у ролі кап’явога, таму да падрыхтоўкі я падышоў сур’ёзна. Мы з хлопцамі шмат рыхтаваліся. Кожную сустрэчу прыдумвалі крычалкі, якіх у нас потым было 12 штук (у астатніх 3-4). Адзін раз нават запрасілі ксяндза Алега на нашу самаробленую вячэру. І ў гэтым плане, калі мы прыехалі на асеннік, у нас усё было падрыхтавана. Скаўтынг робіць з хлопца мужчыну, навучае адказнасці.
— У цябе ёсць «жывы прыклад» у жыцці?
— Святы Ян Павел ІІ. Падчас бежмавання я ўзяў яго імя. Яго я сапраўды паважаю. Ён для мяне прыклад чалавека, які ў Бібліі мог знайсці выйсце з праблемы або канфлікту. Мне падабаецца жыццёвы шлях Караля Вайтылы, які прывёў яго да таго, што ён стаў Папам.
— Якімі прынцыпамі ты жывеш зараз? Твой дэвіз?
— «Хто не паспеў, той спазніўся». Ты выкарыстоўваеш свае магчымасці, ідзеш наперад, каб дасягнуць сваёй мэты. І калі ты паддаешся спакусе, каб крыху перадыхнуць або чамусьці зварочваеш са свайго шляху, гэтая магчымасць знікае.
— Некаторыя лічаць, што вера ў Бога — перажытак часу. Што б ты адказаў такім людзям?
— Як мне сказаў ксёндз Караль на выездзе: «Бог заўсёды ёсць, быў і будзе». Верце ў Бога, Ён наша першая і апошняя надзея.



