Сёння, у чарговы панядзелак, мы бліжэй пазнаёмімся з асобай, якую бясспрэчна можна назваць сапраўдным творцам, натхняльнікам і скарбніцай iдэй. Гэта — Любоў Пукіта.

Нашая сённяшняя гераіня нарадзілася ў вёсцы Налібакі, Стаўбцоўскага раёна. Усё яе жыццё — гэта  прыклад таго, як Бог вядзе сваіх дзяцей, не даючы ім збочыць са шляху. Але не будзем забягаць наперад і зазірнём ў дзяцінства маленькай Любы.

Бацькі нашай гераіні былі веруючымі, але не практыкуючымі хрысціянамі. Дзяцінства яе праходзіла ў савецкі час, таму касцёл у іх вёсцы быў зачынены і нават парос бярозамі. Калі нашай гераіне споўнілася 7 год, яе разам са старэйшым братам вырашылі таемна хрысціць. Вось што захавалася ў памяці Любові пра той дзень: «Мама суседкі дамовілася з бацюшкам, які служыў ў суседняй вёсцы за 50 км. Выехалі ўвечары пасля працы. Дарога была жахлівая: цёмны лес пасля дажджу, дарогу размыла, машына збочыла і здавалася, што мы тут застанемся, аднак, дзякуючы Богу, даехалі. Пахрысцілі».

Далейшым хрысціянскім выхаваннем дзяўчынкі займалася бабуля. Да сённяшняга дня Любоў памятае, як яна прыходзіла да бабулі, каб разам памаліцца на ружанцы і пачытаць Слова Божае. З 12 гадоў дзяўчынка пачала наведваць катэхезы і Імшы ў мясцовым касцёле, але як цяпер кажа жанчына: «Тады я рабіла гэта ўсё з-пад палкі і кожную нядзельную раніцу спадзявалася, што Імша мяне абміне».

Сапраўднае навяртанне пачалося толькі пасля паступлення ва ўніверсітэт. Тады Любоў разам з моладдзю пачала аднаўляць беларускую мову ў касцёле: спрабавалі давесці парафіянам, што Iмша павінна быць на беларускай мове, у хоры таксама спявалі па-беларуску. Таксама Любоў у той час пачала прымаць удзел у рэкалекцыях і розных сустрэчах моладзі. Падчас адной з такіх паездак Любоў пазнаёмілася з сястрой Чаславай Навіцкай. Сустрэча, як паказала жыццё, не была выпадковай – праз пэўны час у складанай жыццёвай сітуацыі менавіта сястра Часлава вельмі падтрымала і дапамагла Любові. «Я ніколі не забуду яе словы: Даверся Богу — Ён павядзе так, як трэба» — цяпер успамінае жанчына.

Нажаль, нават тады яе вера не была моцнай і пастаяннай. Але Бог не даў Любові сыйсці з добрага шляху.

Ва ўніверсітэце маладая дзяўчына пазнаёмілася з будучым мужам. Цяпер прыпамінаючы той перыяд, Любоў з усмешкай кажа: «Гэта не было каханне з першага погляду. Яно прыйшло праз некаторы час, але засталося на ўсё жыццё».

У хуткім часе ў маладых сужонкаў нарадзілася дзяўчынка Марыя, а потым яшчэ і два хлопчыкі: Ягор і Юра. Аднак, калі дзеці пачалі расці, з'явіліся праблемы звязаныя з выхаваннем, а асабліва з верай.

Як раз у той час у нашай парафіі пачалі сваю службу хрыстусоўцы. Сталася так, што менавіта дзякуючы іх падтрымцы, прыкладу веры і шматлікім размовам, праблемы звязаныя з верай зніклі як у дзяцей, так і ў самой Любові, якая адчула, што нарэшце стала сапраўднай хрысціянкай.

Самым галоўным сваім дасягненнем і адначасова тым, за што яна больш за ўсё ўдзячна Пану Богу, Любоў лічыць сваю сям'ю.

На сённяшні дзень акрамя ксяндзоў і сясцёр, жанчыну натхняюць нашыя парафіяне: у першую чаргу сваёй адкрытасцю, шчырасцю і ахвярным служэннем.

Натхнёная рознымі асобамі, Любоў знайшла  сваё парафіяльнае служэнне, вялікай часткай якога з'яўляецца стварэнне спектакляў на Балі ўсіх Святых. Нягледзячы на сваю мастацкую адукацыю і пастаянны ўдзел у тэатральным жыцці, для Любові пастаноўка сцэнкі заўсёды складаны і напружаны працэс.

Акрамя гэтага акторка прымае ўдзел у парафіяльных выездах у ролі аніматара. Пра гэта кажа так: «Служэнне аніматарам заўсёды прыносіць мне толькі асалоду, шмат радасці і натхнення, таму заўсёды з радасцю адклікаюся на запрашэнне паўдзельнічаць у такіх выездах».

Размаўляла Мілана Міхейкіна