Давайце знаёміцца: Кацярына Ваяводская — наша парафіянка, маці двух дзетак, юрысконсульт, разам з мужам належыць да руху ЭНД і , як яна сама кажа, шчаслівы ў сваёй сям'і чалавек.

Мая маленькая Радзіма

Кацярына нарадзілася ў горадзе Астравец Гродзенскай вобласці, на той момант, пасёлак гарадскога тыпу. Было гэта ў 1985 годзе. У сям’і з чатырох чалавек. «Тата, мама, я і малодшая сястра. Усё дзяцінства прайшло там, аж да 2003 года», — успамінае яна.

Потым паехала ў Мінск атрымоўваць вышэйшую адукацыю. Паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзе атрымала адукацыю юрыста.

— Назад, у Астравец, ужо не вярнулася. З таго часу жыву ў Мінску. На сённяшні дзень у сталіцы жывуць і ўсе астатнія члены нашай сям’і. Апошнімі, у пачатку лютага гэтага года, пераехалі мае бацькі. З аднаго боку, гэта добра, а з другога — трошкі сумна, бо няма куды вяртацца. Калі бацькі жылі ў Астраўцы, на ўсе святы, рэлігійныя і свецкія, мы збіраліся там. Гэта быў як астравок, куды мы ўсе з’язджаліся. І абавязкова заязджалі да бабулі, якая ў Смаргоні жыве, — апавядае Кацярына.

Мой шлях да Бога

— Сям’я хрысціянская, каталіцкая. Тут мне, можна так сказаць, пашанцавала, таму што падмурак веры быў закладзены ў дзяцінстве. На канікулы нас адпраўлялі да бабуль у Астравецкі раён. І хоць і адна, і другая жылі далёка ад святыняў, але дзядуля нас, малых дзяцей, стараўся на ўсе вялікія святы вазіць у Касцёл. З бабулямі вечарамі маліліся. Малітвы былі простыя. Маліцца нас вучылі на польскай мове. І гэта зараз вельмі дапамагае. Калі едзем у падарожжа, і ў нядзелю шукаем касцёл, каб трапіць на Імшу, амаль заўсёды знаходзіцца Імша на польскай мове. І мы заўсёды ўсё разумеем.

Такім чынам, падмурак веры быў закладзены бабулямі. Бацькі потым падтрымоўвалі на гэтым узроўні, як маглі. Дзякуй ім за гэта. Зазвычай, два разы на год была споведзь, да касцёла ездзілі па вялікім святам. А так, каб кожную нядзелю — не было такога. Ужо цяпер, са словаў маці, мае бацькі праз нас з мужам сталі бліжэй Бога, і мы ўжо для іх з’яўляемся прыкладам веры.

Ахрысцілі мяне ў горадзе Шумску ў Літве. Хрысцілі без бацькоў, паехалі толькі хросныя і я, каб усё было таемна.

Да першай споведзі і Першай Камуніі я прыступіла ў 11 гадоў. І, фактычна, Першай Камуніяй у мяне ўсё і скончылася. Мы прынялі Эўхарыстыю, адхадзілі «Белы тыдзень» і далей не было ніякага суправаджэння, як ёсць зараз у дзяцей нашай парафіі. А чаму не было, таму што кс. Казімір, які ўдзяліў нам Першую Камунію, хутка выехаў, і доўгі час у парафіі не было сталага ксяндза пробашча. І атрымоўваецца, што я згубілася ў гэты перыяд.

Калi мы прыехалі ў Мінск на вучобу, нас з сястрой усё вабіў да сябе Чырвоны касцёл. І мы пачалі хадзіць туды рэгулярна, кожную нядзелю, і на споведзь атрымоўвалася хадзіць часцей. Вось тут і пачаўся этап духоўнага ўсведамлення і развіцця. Бог быццам клікаў да сябе.

Духоўны дарадчык сям’і і знаёмства з будучым мужам

— Ёсць у нашай сям’і духоўны дарадчык, мы так яго з мужам успрымаем, гэта ксёндз Андрэй Санько. Ён паляк, з Сакулкі з-пад Беластоку. Калі мы з Артурам (муж Кацярыны — заўв. рэд.) пазнаёміліся, гэты ксёндз працаваў у Чырвоным касцёле.

Нашаму знаёмству паспрыяў адзін камічны выпадак. Мы прыйшлі на нядзельную святую Імшу ў Чырвоны касцёл і Артур пры ўваходзе не дастаў жвачку. Мы там дзесьці пасяродку сталі. А яна ў яго за шчакой засталася. І час ад часу ён яе жаваў. А ксёндз гэты вельмі прамалінейны. Ён спыніў Імшу. «Выплёўвай жвачку, што ты там жуеш», — кажа. Падышоў да нас, падставіў руку (смяецца). А пасля Імшы паклікаў да сябе ў закрыстыю. І мы пайшлі за ім, хоць, па-сутнасці, маглі і адмовіцца. Але пайшлі. Гэта быў Божы Провід. Адтуль ўсё і пачалося. Ён запрашаў нас на сустрэчы, мы да канца не разумелі куды ідзём, але, даверыўшыся, заплюшчыўшы вочы, ішлі. Ён нас з моладдзю знаёміў, на біблійныя сустрэчы запрашаў. Калі першы раз ішлі, было трошкі дзіўна, яны там Біблію абмяркоўваюць, а мы на той момант гэтую Біблію ў руках не трымалі. Так пачала паглыбляцца і сталець наша вера.

Шлюб
Шлюб

Але на гэтым «цуды» не скончыліся

— Мы з Артурам 4,5 гады сустракаліся да таго як ажаніліся, і амаль 3 гады з гэтага часу ксёндз Андрэй нас суправаджаў. Калі вырашылі ажаніцца, было вялікае жаданне, каб сакрамэнт шлюбу благаславіў менавіта гэты ксёндз. А ён у той час ўжо не працаваў у Беларусі. Думалі тады, як яго знайсці. Вырашылі, калі прыедзем у Мінск, пойдзем да ксяндза Уладзіслава Завальнюка (пробашч парафіі Св. Сымона і Алены — заўв. рэд.) пытацца.

І вось у нядзелю мы вяртаемся ад бацькоў з Астраўца ў Мінск, на цягніку «Вільнюс–Мінск». Заходзім у цягнік, а гэта студэнцкі час, і, як заўсёды, месцаў няма, вольная пасадка. Ідзём па цягніку, шукаем месца. Зайшлі менавіта ў гэты вагон, хоць можна было і ў любы іншы. Даходзім да канца вагона і чуем: «Вось, вось, месца ёсць. Сядайце сюды». Чуем — голас нейкі знаёмы, паднімаем вочы, а на верхняй паліцы — наш ксёндз Андрэй! Едзе ў Мінск, вязе дзяўчат-полек знаёміць з беларускай моладдзю, кантактаваць. І мы зразумелі, што Божыя шляхі непрадказальныя. Мы ехалі яго шукаць, а ён сам нас знайшоў. Мы яму ўсё распавялі, што хачам ажаніцца, а яго тут няма, і не ведаем, што рабіць. Ён адказаў: «Не хвалюйцеся. Мяне кс. Уладзіслаў Завальнюк часова да сябе запрасіў дапамагчы, папрацаваць». Вось ён як раз туды і ехаў. Сказаў, што калі нават ён на момант шлюбу ўжо не будзе працаваць у Беларусі, што-небудзь прыдумаем.

Да шлюбу мы рыхтаваліся, хадзілі на падрыхтоўчыя заняткі ў Чырвоны касцёл, а паралельна гэтым летам з намі быў кс. Андрэй. Ён праводзіў з намі міні-сустрэчы, мы ездзілі ў парк «Сонечная даліна» у Курасоўшчыне. Выпрабоўваў нас у розных сітуацыях, глядзеў на колькі ў нас усё сур’ёзна, свядома. Бог нас быццам вёў праз яго сваёй нябачнай рукой, нібы атуляў нейкім коканам клопату, бяспекі. Шлюб мы бралі ў Чырвоным касцёле і благаслаўляў яго ксёндз Андрэй Санько.

Ён і да гэтага часу нас суправаджае. Два гады таму мы ездзілі да яго ў Беласток сустракаць Новы год, ён запрасіў. Нашы зносіны працягваюцца, ён нас вядзе, Бог праз яго вядзе.

— А як з мужам пазнаёміліся? — пытаемся.

— Мы абодва з Астраўца, але пазнаёміліся толькі калі я скончыла першы курс акадэміі. У горадзе дзьве школы было ў той час, і мы вучыліся ў розных, у нас былі розныя кампаніі, розныя інтарэсы. Я яго ніколі не бачыла, а ён мяне толькі некалькі разоў. Падчас сесіі, пасля першага курса, я прыехала да бацькоў. Пайшла на танцы з дзяўчатамі, а ён з хлопцамі прыйшоў. Так і пазнаёміліся. Праз Жэню, Артуравага аднакласніка, а майго, на той момант, добрага знаёмага. Пасля танцаў пайшоў правесці да дому. Запытаўся аб нумары тэлефону, выцягнуў свой, каб запісаць, і аказалася, што тэлефоны ў нас аднолькавай мадэлі Nokia. Для нас гэта быў знак (смяецца). Наступны дзень я чакала: пазвоніць ці не, пазваніў (усміхаецца). Так усё і пачалося. Усё лета сустракаліся ў Астраўцы. Потым Артур таксама паступіў у Мінск, толькі на завочнае навучанне, і мы бачыліся ўжо і ў Мінску падчас яго сесій. У гэты перыяд мы і пазнаёміліся з кс. Андрэем. А праз год, будучы муж знайшоў працу ў Мінску і пераехаў. Мне здаецца, што гэта Бог нас вёў і прывёў да ксяндза Андрэя, каб ён узяў над намі нейкае “шэфства”, каб мы не згубіліся на гэтай дарозе жыцця.

З чаго складаецца маё шчасце, што выклікае ўсмешку

— Мая сям’я... Я адчуваю сябе шчаслівай у сваёй сям’і (усміхаецца). Канешне, бываюць, як і ва ўсіх, нейкія цяжкасці. Але ўвогуле я магу сказаць, што я — шчаслівы чалавек, я шчаслівая ў сваёй сям’і.

Праца працай, яна мне падабаецца (Кацярына працуе юрысконсультам у РУП “Белмытсэрвіс” — заўв. рэд.), але перадусім — сям’я. Гэта з дзяцінства яшчэ. У маіх бацькоў асабліва блізкіх сяброў не было. Мы былі не то, што замкнутыя на сваёй сям’і, але нам было добра разам. Мы знаходзілі, як праводзіць час адно з адным. Мы ездзілі на рыбалку, мы прыдумлялі розныя пікнікі. У нас быў сабака вялікі, Маскоўскі вартавы, так мы на ім каталіся зімой з горкі, сабака быў у запрэжцы. Плюс ездзілі ў Мінск у парк Чалюскінцаў, у Макдональдс. Яшчэ мы ездзілі часта да бабуляў і дзядуляў, праз выходныя. Калі ехалі да адных, то адразу ж і да другіх, яны 15 кіламетраў адны ад адных жылі. Пагасціць, дапамагчы ў гаспадарцы. На сённяшні дзень я разумею, што гэта вельмі яднала. І зараз у сваёй сям’і імкнуся ствараць і знаходзіць такія ж самыя магчымасці — нейкія сямейныя прыгоды. Прычым у гэтым годзе было першае далёкае падарожжа на машыне. Гэта быў Чарнаморск ва Украіне. Вельмі хваляваліся, як усё атрымаецца, як дзеці вытрымаюць. Усё атрымалася выдатна. У нашай сям’і я планую падарожжы, ажыццяўляю падрыхтоўку да іх, а муж рэалізуе. Мне гэта вельмі падабаецца.

Мае хоббі

— Мае хоббі — гэта кулінарыя (выпечка) і псіхалогія. Шмат чытаю па гэтай тэме. Муж нават кажа, што зашмат (смяецца).

А яшчэ падарожжы. Я заўсёды вельмі рыхтуюся, чакаю нават маленькае падарожжа па Беларусі. І абавязкова раблю фатаграфіі ў альбом, таму што гэта потым сагравае душу. І зараз мы рыхтуемся да падарожжа, і я ўжо жыву гэтым. Падарожжы мяне натхняюць, сілкуюць. А яшчэ гэта час, праведзены з сям’ёй. Ты абстрагуешся ад усіх праблем, ад усяго.

Якія мясціны для адпачынку з дзецьмі я магу параіць

— Калі Мінск, то гэта парк імя Горкага. Мы яго вельмі любім. Можам спантанна ўвечары пасля працы паехаць. Селі на метро і паехалі. І дзецям крута: і на метро пракаціліся, і на каруселях пакаталіся, не абавязкова шмат, і марожанае з’елі. Некалькі фота на памяць — і вось маленькая прыгода.

Калі куды-небудзь далей, то ў нас быў добры досвед з Балгарыі. Усё — для дзетак. Арганізацыя адпачынку цалкам уся для дзяцей. На кожным кроку розныя дзяцячыя цэнтры, пляцоўкі, забавы. Мы былі на Сонечным беразе.

Яшчэ Чарнаморск. Таксама вельмі класна. Мы праз сяброў жыллё здымалі. Не супер камфортныя ўмовы, але ўсё неабходнае для жыцця ёсць, без празмернасці. А яшчэ там ёсць каталіцкі касцёл. Паездкі ў Ільічоўск (зараз Чарнаморск) — гэта сямейная традыцыя яшчэ з майго дзяцінства, а ў гэтым годзе мы вырашылі з мужам паспрабаваць ужо сваёй сям’ёй. І нам вельмі спадабалася. Гэта недалёка ад Адэсы. Усе едуць у Адэсу, а мы — у Чарнаморск. Гэта месца смела можна раіць. І яно не патрабуе шмат грошаў.

Дзеці

— Я вельмі радая, што ў нас хлопчык і дзяўчынка. Сын старэйшы Даніла, яму зараз 6 гадоў. І Аліна, малодшая дачка, ёй 3 гады.

Калі Данік нарадзіўся, мы, канешне, былі вельмі задаволеныя. Гэта быў першы сын, першы ўнук, першы праўнук. Ён быў ахутаны каханнем. Гэта была такая эйфарыя. Я памятаю, як я нарадзіла, як яго паклалі мне на грудзі, да гэтага часу памятаю гэтыя вочы, такія глыбокія, як мора. Я была такая шчаслівая. А яшчэ ў той момант я адчула вялікую ўдзячнасць да сваёй мамы. Я цяпер інакш яе успрымаць стала.

З Алінай усё было трошкі спакайней, але таксама шмат шчасця. Што хачу сказаць, ёсць розніца паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Данік, хоць і ласкавы быў і пяшчотны, але дзяўчынка, усё ж такі дзяўчынка. Усе паводзіны дзявочыя. Мне здаецца, што праз дачку я адкрылася яшчэ па-іншаму: мабыць, ува мне больш ласкі, пяшчоты адкрылася. Я лічу, што з кожным з іх я ўзрасла сама над сабой і працягваю ўзрастаць.

Ёсць у нас такая асаблівасць: калі нарадзіліся нашыя дзеці, мы не абмяжоўвалі іх хатай, не сцераглі ад Касцёла. Практычна з першага дня мы хадзілі з імі ў святыню. У Артура ёсць такая ўстаноўка, і гэтым вельмі задаволена, мы ходзім у касцёл сям’ёй. Выключэнне толькі, калі хтосьці з дзяцей хварэе.

Суполка Equipes Notre-Dame і наша каплічка

— Новым вітком развіцця нашай духоўнасці стала членства ў суполцы Equipes Notre-Dame. Там мы апынуліся таксама па волі Божай. Я прыйшла на чарговую споведзь у нашу каплічку, пра якую, дарэчы, даведалася зусім выпадкова, гуляючы з каляскай вакол яе. Бачылі нейкую хатку, але лічылі, што гэта нейкая іншая рэлігійная супольнасць, не католікі. А потым нам Данікаў хросны бацька падказаў, што гэта каталіцкая каплічка. І мы пачалі сюды хадзіць, з каляскай блізка і вельмі зручна было. Так вось напрыканцы споведзі кс. Алег запытаў, ці мы з мужам жадаем удзельнічаць у сямейным руху. А за тыдзень да гэтага, пасля чарговай нядзельнай Імшы, у маёй галаве прамільгнула думка, што хацелася б мне духоўнага развіцця. І тут вось.

Я была гатовая ісці на гэтую сустрэчу, цалкам давяраючы кс. Алегу. Але была ў мяне і другая думка: як адрэагуе мой муж? Я жадаю, а ён? Я ўсё думала, як у яго запытацца. Баялася, што адмовіцца. А ён сказаў: «Хочаш, пойдзем?» Я так зразумела, што гэта дзеля мяне ён вырашыў пайсці, паспрабаваць. Вось так пайшлі і засталіся. І зараз ЭНД для нас — як другая сям’я. За 5 гадоў мы сталі вельмі блізкія. Хтосьці ўжо ў кагосьці і дзетак хрысціў.

Для мяне гэтая суполка, як глыток свежага паветра сярод будніх дзён, працы і іншых рэчаў. Таму што на працы людзей веруючых мала, католікаў, так і ўвогуле чалавека 2, апроч мяне. Гэта значыць падзяліцца, камусьці нешта расказаць, складана. А тутака прыходзіш да аднадумцаў і адчуваеш сябе цалкам вольна.

І яшчэ плюс: з дапамогаю гэтых людзей я зразумела, што ва ўсіх сем’ях ёсць цяжкасці, ва ўсіх сем’ях рознае бывала ў жыцці. Я зразумела, што гэта сямейнае жыццё, і гэта нармальна.

Хрост Аліны
Хрост Аліны

І яшчэ адзін момант: праз нашу суполку я для сябе адкрыла Слова Божае, Біблію. Да сустрэч у ЭНД я яе ніколі не чытала, а цяпер чытаю рэгулярна,  і разважанні таксама, якія сястра Марыанна ў Парафіяльную групу дасылае. Я ёй за гэта вельмі ўдзячная. Зараз не ўяўляю свайго жыцця без Бібліі. Там прапісаны ўсе мудрасці, мараль, па якой жыве ўся планета, але ніхто аб гэтым не здагадваецца.

Сведчанне веры ў маім жыцці

— Было ў маім жыцці яскравае сведчанне дзеяння малітвы «Вяночак да Божай міласэрнасці». Некалькі гадоў таму мой дзядуля (які ў гэтым годзе ўжо памёр) быў практычна пры смерці. Ён ужо з усімі развітаўся, у шпіталі ляжаў абсалютна ніякі. А ў мяне была нейкая ўпэўненасць: “Не, ён жа яшчэ… ён павінен жыць!” Дзед у нас такі: працаваў да апошняга. Вось яму ў гэтым годзе павінна было 80 гадоў споўніцца, а ён усё працаваў. Ён быў вельмі моцны. І я вырашыла, буду каляску з Данікам катаць і маліцца вяночак у інтэнцыі дзядулі. Я малілася вяночак, мама Імшу замаўляла. Усе нейкую духоўную падтрымку ажыццяўлялі. І дзядуля ачуняў. А ўрачы казалі, што ўжо нічога не будзе. Я не стаўлю гэта сабе ў заслугу, але разумею, што моц малітвы велізарная. Шмат асабістых сведчанняў па жыцці было.

Што для мяне вера, Бог

— Для мяне гэта аснова, без яе нікуды. Гэта апора, неабходнасць. Тое, на чым усё будуецца і трымаецца. Мы заўсёды молімся аб умацаванні нашай веры. У мяне, канешне, вялікае жаданне, мара, каб дзеці перанялі вось гэтую любоў да веры, любоў да Бога.

Некалькі фактаў пра нас:

  • Нядзеля — дзень для Бога і сям’і;
  • Мы абавязкова благаслаўляем адно аднаго і дзяцей, малюючы крыжык на чале, калі развітваемся, выходзім з хаты;
  • Мой муж навучыў нас і маіх бацькоў часцей абдымацца. Праз гэта мы адкрыліся адно для аднаго па-іншаму.
  • Усе святы праводзім у сям’і, разам з бацькамі.
Падрыхтавала Ірына Шаўструк