Сёння адбудзецца знаёмства з Наталляй Івашкевіч. Гэта чалавек, для якога словы “рух - гэта жыццё“ не пусты гук. А што можа быць лепш, чым рух разам з Богам?

Пра сям'ю

— Мая сям’я складаецца з пяці чалавек: мужа Віталія, сыноў Іллі і Івана, дачушкі Яны.

З мужам я пазнаёмілася ў Налібоках на дыскатэцы. Нягледзячы на тое, што ён сам быў з Мінску, гэта не вельмі перешкаджала нашым адносінам. Так мы пачалі сустракацца (у гэты час я ўжо вучылася ў Мінску). Потым мы разышліся, а пазней ізноў сышліся (у нашых адносінах гэта здаралася некалькі разоў). Але каханне перамагло, і ў 2003 годзе ў нас адбылося вяселле. Шлюб мы бралі ў Налібоках. Звычайна людзі спачатку ішлі да ЗАГСа, а потым да Касцёла. Мне хацелася зрабіць наадварот. Для мяне было важна распачаць нашае сямейнае жыццё разам з Богам.

— Зараз вашыя дзеці з’яўляюцца членамі Скаўцкага руху, а сыны, між іншым, міністрантамі. Што, на вашую думку, ім гэта дае?

— Я вельмі цешуся, што ўсе мае дзеці блізкія да Бога і могуць быць з Ім у розныя спосабы. Так, напрыклад, паход на Імшу — гэта ўжо не іх абавязак, а асабістае прагненне. У любым выпадку, усе тыя веды і навыкі, якія яны набываюць падчас служэння каля алтара або на скаўцкім выездзе, абавязкова спатрэбяцца ім у жыцці.

Пра дзяцінства

— Нарадзілася я ў вёсцы Налібокі Мінскай вобласцi Стаўбцоўскага раёна. З дзяцінства мы жылі разам з бабуляй і дзядулем. Менавіта яны і заклалі ў мяне фундамент веры. А мой дзядуля, якому зараз 105 гадоў, асаблівы прыклад веры для мяне амаль з дзяцінства.

Першую Камунію я прыняла ў роднай вёсцы. Тады да нас прыехалі сёстры і ксёндз з Польшчы і дапамаглі ў падрыхтоўцы да прыняцця Святога сакраманту. У той час Касцёл пачаў адраджацца на тэрыторыі Беларусі, і наш касцёл, які стаяў «з бярозамі на даху», таксама ажыў.

— Дзе вам больш падабаецца: у вёсцы альбо ў горадзе?

— Я больш вясковы чалавек. У мяне ёсць такое пачуццё, што зараз я не на сваім месцы. Так, у горадзе больш магчымасцей і шмат зручней. Але, як толькі наступае лета, я лячу ў веску хутчэй, чым хтосьці. Я вельмі люблю займацца рознымі справамі на агародзе. У дзяцінстве гэта быў абавязак, а цяпер гэта занятак дзеля задавальнення.

Асабліва прыемна любавацца цудоўнымі кветкамі і сваім агародам. У горадзе мне гэтага не хапае. Таму я спадзяюся, мабыць у старасці, перабрацца ўсё ж такі жыць у вёску.

Пра прыход у парафію

Як і ў многіх парафіянаў, гісторыя прыхода нашай гераіні звязана з пераездам.

— Мой старэйшы сын Ілля рыхтаваўся да Першай Камуніі ў Чырвоным Касцёле, таму мы працягвалі ўсе разам хадзіць туды.

Вось настаў час Белага тыдня. Сумяшчэнне дарогі да касцёла і школы адбывалася складана.

І я ўспомніла, як аднойчы мая дваюрадная сястра Таццяна Мазун, паведаміла пра капліцу. Мы вырашылі прыйсці туды. Памятаю, як у першы дзень нас сустрэў ксёндз Уладзімір. Ён быў прыемна ўражаны, што дзеткі (Ілля і мая пляменніца) прыйшлі ў белым адзенні, так як у іх парафіі Першай Камуніі яшчэ не было.

Далей мы пазнаёміліся, сустрэча з ксяндзом Уладзімірам адбылася яскравая і запамінальная. І з таго моманту мы пачалі хадзіць у нашую капліцу.

Пра ўдзел у жыцці Каталіцкага Касцёла

— Калі я пачала хадзіць у капліцу, то мне вельмі спадабалася атмасфера: утульная і цёплая. А жаданне пазнаваць Бога таксама ўзрасло. У дзяцінстве на катахезе я пазнала няшмат, толькі малітвы на польскай мове.Таму новыя веды я пачала набываць разам са сваімі дзецьмі, якія хадзілі на катэхезу (бацькам можна было прысутнічаць). Нават малітвы на беларускай мове я вывучыла з імі!

Жаданне пазнаваць у Наталлі ўсё ўзрастала, але яшчэ нічога не змянялася. Вырашальнай стала паездка на Сусветныя Дні Моладзі ў Кракаў, якая сама па сабе была падарункам ад Бога.

— Пасля паездкі я вярнулася іншым чалавекам. Гэта быў нейкі пералом у маім сэрцы.

І так у мяне з’явілася думка, адказ на маё даўняе жаданне пазнаваць, а менавіта паступіць у катэхетычны каледж. Навучальны год ужо распачаўся, таму я вырашыла паспрабаваць у наступным годзе . Але з дапамогаю ксяндза Уладзіміра атрымалася пачаць навучанне ўжо зараз.

Мне падабалася атрымліваць новыя веды, заводзіць новых знаёмых, размаўляць на тэмы, якія аднолькава блізкія і важныя для кожнага з нас.

Як гэта і мае быць, Наталля скончыла каледж. А жаданне пазнаваць далей нікуды не знікла. І праз некаторы час яна далучылася да парафіяльнай дабрачыннай арганізацыі Caritas, у склад якой яна ўваходзіць і па сённяшні дзень.

— Таксама я з’яўляюся валанцёрам “Эўхарыстычнага руху маладых“. Рух гэта новы, таму мы развіваемся разам з ім.

Падчас нашых сустрэчаў адным з адкрыццяў для мяне была колькасць Эўхарыстычных цудаў. Былі такія, пра якія я нават нічога не ведала. Вось гэта і ёсць узрастанне разам!

Пра пілігрымкі

— Паехала я з сяброўкай у Будслаў на аўтобусе. Тады я ўжо чакала дзіцятка. Прыехалі мы туды, і памятаю, як паўзучы на каленях, прасіла ў Маці Божай аб дачушцы. У мяне былі ўжо два сыны, але так хацелася дачушку. Пасля прыезду дадому, на УГД я даведалася, што ў мяне сапраўды будзе дачка. І я ўпэўнена, што гэта ўсё дзякуючы Маці Божай!

І памятаю, як матуля мне сказала: калі інтэнцыя, з якой ты ішла да Маці Божай, збылася, тады патрэбна вярнуцца і падзякаваць Ёй!

І так у наступным годзе ў Будслаў мы паехалі ўсёй сям’ёй.

А вось у першую пешую пілігрымку я пайшла ўжо разам з нашай парафіяй. Ілля прапанаваў пайсці разам, таму што было патрэбна суправаджэнне дарослых, і я згадзілася.

Зараз я ўжо жыву пілігрымкамі. Памятаю, як усё балела, як дождж бясконцы ішоў… Але калі я ехала дадому, не было ніводнай думкі, што больш не пайду. Пройдзеная пілігрымка выклікае тыя пачуцці, якія застаюцца да канца жыцця.

Пра парафіяльную супольнасць

— Мне падабаецца ў нашай парафіі. Ты прыходзіш сюды як у сямейны дом. Прыходзіш і кожнаму кажаш «Хвала Хрысту!», потым з адным абдымаешся, з іншым аб чымсьці размаўляеш. Ты бачыш, як растуць чужыя дзеткі, прыходзяць новыя людзі...

Усё змяняецца на тваіх вачах! Гэта неверагодна!

Новы сябар, сабака па мянушцы Цім, з’явіўся таксама дзякуючы парафіі. А менавіта ў групе ў сацыяльнай сетцы шукалі добраахвотніка, які меў бы магчымасць прыняць яго да сябе. Мы згадзіліся!

Дзякую Богу за тое, што ўсё так склалася!

Калі ў вашым жыцці Бог на першым месцы, то ўсё будзе ісці як трэба, сваёй чаргой! Я вельмі цешуся што Бог ёсць у жыцці маім і маёй сям’і.

Размаўляла Паліна Капуста

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.