у Траццякоўцы з легендарнымі волатамі
у Траццякоўцы з легендарнымі волатамі

Дзяўчына, якую шмат хто ведае ў твар і ведае яе імя — Паліна. Паліна Ручан — адна з больш чым шасці Палін парафіі, і сёння гаворка пра яе.

— Паліна, цябе шмат хто ведае, але пра цябе мала ведаюць. Хочам пазнаёміць сёння з табой нашую парафію і кожнага, хто будзе чытаць гэты матэрыял.

— Мне 21 год. Я студэнтка апошняга курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта механіка-матэматычнага факультэту. Яшчэ я вучуся ў катэхетычным каледжы ім. Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах на 1 курсе.

Я нарадзілася ў сям'і, у якой кожную нядзелю хадзілі ў касцёл. У дзяцінстве я вельмі любіла праводзіць час з бабуляй, мы разам з ёй ездзілі на дачу, гэта былі вельмі класныя паездкі ў электрычцы, калі мы разам сядалі і рашалі матэматыку.

Дзякуючы таму, што бабуля любіла матэматыку, я яе таксама палюбіла. Я ведала, што маляваць, спяваць і танцаваць у мяне не атрымліваецца і таму я перастала за гэта брацца, а вось вучыць табліцу множання ў 5 год для мяне было класна. У мяне гэта атрымлівалася і гэта мне падабалася, таму я рашала задачы.

— Касманаўт ці бібліятэкар? Кім ты марыла стаць у дзяцінстве?

— У школьныя гады я займалася шмат чым і хадзіла ў розныя гурткі. Я не ведаю, чаму так было, можа я хацела шмат чаго спрабаваць. Я памятаю, што хадзіла і на бадмінтон, і на харэаграфію, і на маляванне, і на ангельскі. У мяне было зазвычай шмат спраў, і маці заўсёды казала, што трэба штосьці выбраць, бо нельга займацца ўсім і адразу. І так сапраўды ёсць.

Мне хацелася ўсё спрабаваць, і таму ў розныя перыяды жыцця я хацела мець розныя прафесіі. Напрыклад, я хацела быць ветэрынарам у той момант, калі мне вельмі быў патрэбны сабака, пасля я хацела стаць урачом, але калі пачала вывучаць біялогію, зразумела, што нічога не атрымаецца. І яшчэ я хацела стаць настаўніцай, астрафізікам і выратавальнікам.

Мой выбар прафесіі ніколі не быў звязаны з заробкамі, умовамі працы. Для мяне заўсёды было важным, каб тое, што я буду рабіць, мне падабалася. Калі сваім хобі я змагла б сябе пракарміць, то гэта быў бы мой ідэальны выбар.

— Матэматыка ў галаве, ці ў сэрцы? Чым ёсць матэматычныя тоеснасці ў тваім жыцці?

— Матэматыка ў маім жыцці ўжо даўно з’яўляецца не толькі вучобай, але і маёй працай. Я працую чацвёрты год з дзецьмі, выкладаю матэматыку, таму матэматыка для мяне — гэта такі інструмент для таго, каб знайсці кантакт з гэтымі маленькімі людзьмі.

У мяне ёсць група дзяцей, якая прыходзіць займацца, і гледзячы на іх я разумею, што матэматыка іх цікавіць, але не ўсе яны стануць інжэнерамі ці праграмістамі. Кожны пойдзе сваім шляхам, я разумею, што для іх матэматыка — гэта тое, што надае нейкую цікавасць жыццю зараз, інтарэс да навучання, які я і стараюся падтрымліваць.

На занятках для мяне важна ўсталяваць кантакт з дзецьмі, каб растлумачыць ім нешта больш важнае, чым праграмны матэрыял.

— Я + капліца = …?

— У маёй сям'і па пэўным абставінам сталася так, што ў нас няма нейкай канкрэтнай парафіі, у якую б мы заўсёды хадзілі і адчувалі сваю адказнасць за яе. Былі сітуацыі, калі падчас з’езда моладзі казалі: «ты Паліна з Мінску, а з якой парафіі?» І я ніколі не магла сфармуляваць адказ на гэтае пытанне.

Не магу сказаць, што я нешта шукала, проста быў момант, калі я зайшла ў нашу капліцу, як і ў іншыя святыні Мінска, зайшла і «ужо не выйшла», гэта было нешта роднае, сваё, пры тым, што я там нікога не ведала. Я зразумела, што гэта месца, дзе я хачу быць у супольнасці, парафіі, якую ўжо называю сям'ёй, напаўняцца тым, чым жывуць гэтыя людзі, раздзяляць з імі свой час. Быць парафіянкай — гэта гонар для мяне.

Зараз у парафіі я з'яўляюся адказнай за наш парафіяльны Caritas, валанцёрам сайта Jan.by.

Летам я вельмі люблю быць на Канікулах з Богам. У мінулым годзе была аніматарам на Канікулах з Богам у Мінску і два тыдні служыла на выяздных.

Кожную сераду я хаджу на катэхэзу.

— Чаму ты выбіраеш тое, што выбіраеш?

— Гэта кантакт з Богам праз тое, што ты робіш. Я адчуваю, што маю тое, чым магу падзяліцца з іншымі.

Шмат чым з гэтага я ніколі не займалася ў жыцці. Ніколі не пісала артыкулы на сайт, але пачаўшы гэта рабіць, зразумела, што гэта класная сфера дзейнасці. Напэўна ва ўсім гэтым ёсць нейкі азарт.

Я не адчуваю, што гэта мая праца, сапраўды, мне няцяжка гэта рабіць, я атрымліваю радасць, калі бачу, што іншым гэта патрэбна. Я адчуваю, што ў нейкай ступені мяне гэта набліжае да Бога.

— Ці бываюць крызісы і спады тваёй актыўнасці?

— Шчыра кажучы, у такім спадзе я жыла раней 3 гады назад. Да пачатку маёй актыўнай дзейнасці быў спад, і я адчувала, што магу спаць і не высыпацца, цэлы дзень рабіць нейкія справы і да канца дня нічога не зрабіць, у гэтым я бачу спад. Зараз Бог дае мне нейкую энергію і сілы. Гэта Божая ласка, што я магу шмат усяго рабіць. Вельмі важна правільна ўсё арганізаваць.

За апошнія гады магу ўспомніць пару дзён, калі я была стомленая і гэта таксама крута, бо ты адчуваеш, што ты жывеш. Дастаткова выспацца, і ты зноў гатовы шмат рабіць.

— Ці не пужае цябе адказнасць за тыя справы, якія табе даручаюць?

— У адносінах з усімі членамі парафіі (сапраўды магу так «гучна» сказаць) у мяне ёсць давер. Я не ведаю, адкуль ён. Я адчуваю сябе часткай сям'і, дзе кожны выконвае нейкія ролі.

Калі ксёндз дае нейкае заданне мне, я думаю як мне апраўдаць яго чаканні. Я не буду пытаць, чаму менавіта я буду рабіць гэта, я задам сабе пытанне, як гэта зрабіць найбольш якасна.

Разумею ўсю сур'ёзнасць сваіх дзеянняў, але калі мне нешта даручаюць, то думаю аб тым, што я змагу з гэтым справіцца.

— Падарункі ад Бога «проста так», бывае?

— Канешне, я кожны дзень гэта бачу і дзякую за тое, што Ён так шмат дае. Парафія — для мяне вялікі Дар. Я нават не прасіла і можа шмат не думала аб гэтым, але Бог даў мне яе.

Бог падарыў вялікі клопат ад людзей, якія побач. Бог так пра мяне клапоціцца, і я магу шмат з гэтага пераймаць. Нават калі было так, што нехта некалі зрабіў мне дрэннае, Бог дае ласку не памятаць гэта і не пераносіць зло ў адносіны з іншымі людзьмі, а заўсёды быць адкрытай і прынімаць людзей. Клопат маіх сяброў, якіх мне таксама падарыў Бог, вельмі адчувальны. Гэта вельмі прыемна, калі ў адносінах заўважаюць дробязі і клапоцяцца пра цябе, пачынаючы ад «ці ты галодная?» і заканчваючы малітвай за цябе, што безумоўна вельмі важна! Як жа гэта неверагодна!

— Чым ёсць для цябе Божая любоў?

— Тэма Божай любові такая шырокая, хоць раней я так не думала. Зараз разумею, што ва ўсім ёсць любоў Бога. Ты прачынаешся раніцай — і гэта любоў Бога, свеціць сонца — гэта праяўленне ўсё той жа Вялікай Любові. Кожны механізм, які працуе ў маім арганізме — гэта любоў Бога. І гэта акіян невычэрпнай любові, а ты гліняны сасуд. Ты не можаш сабраць у сабе увесь акіян, але ты можаш напаўняцца, можаш пераліваць тое, што маеш, у іншыя сасуды. І зноў напаўняцца... Гэта бясконца.

Шмат рэчаў, якія Бог змяняе ўва мне.

Самае простае — гэта прага матэрыяльных рэчаў. Раней на выезд мне хацелася браць вялікую торбу рэчаў, зараз мне хопіць заплечніка. Рэчы — не самае галоўнае ў жыцці. Прайшло жаданне мець нешта лепшае і кожны раз купляць больш новы тэлефон. Я разумею, што грошы — гэта важна, і без іх мы не можам існаваць. Банальна, бачачы будоўлю касцёла, я разумею: так, грошы гэта важна, але гэта толькі інструмент. Я магу выкарыстоўваць сродкі з карысцю, а магу марнаваць. Маючы выбар, я выбіраю разумны падыход да грошаў і іх траты.

У духоўным плане змяніўся падыход да малітвы. Я пачала падыходзіць да малітвы як да асабістых адносін з Богам. Прыйшло разуменне глыбіні Святой Імшы. Гэта спрыяе таму, што я стараюся штодня быць на Эўхарыстыі, бо бачу патрэбу ў аздараўленні маёй душы і дзякаванні за ўсё Богу.

— Паліна, ты шмат дзе бываеш, гэта геаграфія ці штосьці большае?

— Любоў да падарожжаў — гэта з дзяцінства. На цяперашні момант я наведала каля 20 краін свету.

Любові да падарожжаў я ўдзячная сваёй маці, якая заўсёды старалася паказаць сваім дзецям гэты свет, культуру іншых народаў, каб пашырыць кругагляд, даць новыя эмоцыі і перажыванні. Зараз для мяне выезды — частка майго жыцця, якая мне падабаецца. Кожнае падарожжа мае сваю мэту. Некаторыя паездкі маюць глыбока духоўны характар, я магла б назваць іх сваёй пілігрымкай. Можа будуць людзі, якія скажуць, што для перамены жыцця ці аднаўлення сябе дастаткова пайсці ў касцёл, дзе ёсць Найсвяцейшы Сакрамэнт, і стаць там на каленях. Для мяне гэта нешта іншае, бо я па-іншаму перажываю сустрэчу з Богам, калі маю шлях да такога касцёла. Я там шукаю сілы для таго, каб вярнуцца ў штодзённасць і займацца тым, чым я займаюся. З прыходам у парафію ў мяне павялічылася колькасць выездаў, бо Душпастырства Моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам» (далей ДМХ — заўв.рэд.) вельмі любіць іх, і гэта для нас падкрэслівае важнасць супольнасці.

Выезд у горы — гэта адзін з самых яскравых успамінаў, мы былі разам больш 10 дзён 24/7 і перажывалі ўсё разам. Не, мы не маліліся ўвесь час, але былі адзінымі і для гэтага нам было дастаткова зрабіць прыпынак зыходзячы з г. Рысы, каб паслухаць цішыню. Каб атрымаць асалоду, можна проста маўчаць, разам гатаваць сняданне, абед і вячэру, і гэта разам стварае такую кампазіцыю, якая заўсёды застанецца ў сэрцы, таму што мы адчуваем, што мы з Богам.

Зазвычай цікавыя прыгоды пачынаюцца з тэлефоннага званка ксяндза Уладзіміра і слоў: «чым ты сёння займаешся?» (смяецца — заўв. аўт.).

— Якія ты маеш хобі, чым цікавішся?

— Я люблю глядзець фільмы. У нейкі момант я зразумела, што глядзець безсэнсоўныя фільмы, гэта безсэнсоўна (смяецца — заўв. аўт.). Я пачала глядзець фільмы для свайго развіцця. Зараз я лічу сябе кладзезям добрых фільмаў і, здаецца, магу, ведаючы чалавека, штосьці яму параіць. Мне падабаюцца гістарычныя фільмы, бо гісторыя — гэта цікава, гэта тое, на чым можна вучыцца, бачыць некаторыя жыццёвыя абставіны з боку. Ведаючы тое, што здарылася раней, я бачу наступствы канкрэтных сітуацый.

Таксама я люблю праводзіць час з сябрамі і іншымі людзьмі, пры гэтым маю у гэтым баланс. Часам я хачу пабыць адна. Здаецца, у гэтым я знаходжу нейкі свой сэнс.

Яшчэ я стараюся займацца сваім сабакам і люблю яго.

На пытанне, ці хоча Паліна распавесці што-небудзь пра ДМХ, яна ўсміхнулася і сказала: «так, канешне, а ў цябе ёсць вольныя 3 гадзіны?».

— Я памятаю сваю першую катэхезу на Лідскай. Я прыйшла ў верасні 2018 і ўбачыла моладзь, якая называлася «моладзь Хрыста», і я зразумела, што гэта так, таму што тое, пра што яны размаўлялі і як кожны з іх асабіста перажываў моманты нашай супольнай малітвы — неверагодна. Цікава, кожны генерыраваў нешта ўнікальнае, і я падумала: «Як блізка яны Бога, ого!‎‎ Якія ў іх думкі, ого!» Мяне гэта натхняла.

З цягам часу ў адносінах з удзельнікамі ДМХ я пачала разумець, што некаторых магу назваць сябрамі. Менавіта ў гэтых адносінах ёсць Бог. І я разумею, што хачу называць сяброўствам толькі тыя адносіны, ў якіх ёсць Бог.

Але нават у такой добрай атмасферы існуе пытанне камунікацыі, і часам ад гэтага мы перажываем цяжкасці ў адносінах, але ў такіх выпадках заўсёды ў нас ёсць два варыянты: разабрацца з праблемай і ўмацаваць нашыя адносіны з бліжнім, або замаўчываць агіды, абражацца на кагосьці і страціць тыя добрыя адносіны, якія былі.

ДМХ — гэта людзі, сярод якіх я ўбачыла жывую малітву. Яны моляцца не таму, што трэба памаліцца, бо вось настаў нейкі час (акрамя малітвы ў 22.30). Кожная малітва гэта кантакт з Богам. Тут вялікім прыкладам з'яўляюцца святары.

Важна тое, што моманты нефармальных адносін па-іншаму адкрываюць людзей. Часам новаму чалавеку не трэба прыйшоўшы доўга пра сябе расказваць, дастаткова разам перажываць нейкія сітуацыі, і ты будзеш разумець, хто гэты чалавек.

Мы пазнаём адно аднаго. Я разумею, што ёсць людзі, якіх я ведаю не адзін год, але я не перастаю іх пазнаваць.

Апекуном ДМХ з'яўляецца св. Папа Ян Павел II, які будучы маладым чалавекам, граў у тэатры. У коле сяброў у час пераследу за веру ў Польшчы ў тэатры была радасць, што ён разам з сябрамі належаць да Касцёла і займаюцца адной справай. Калі мы выбралі апекуном менавіта гэтага святога — мы разам паглядзелі фільм (які ўсім вельмі раю) «Караль — чалавек, які стаў Папам». Быў момант, калі Караль Вайтыла са сваімі паплечнікамі віталі адно аднаго словамі: „Unum cor et anima una“. Тлумачачы з латыні гэта азначае: «адзіныя сэрцам і душою» (Дз 4:32).

Нас гэта вельмі кранула, і мы вырашылі, што хочам падтрымліваць гэтую традыцыю. Зараз гэта стыль нашага развітання. Таму ідучы дадому або па ўласных справах, мы нагадваем адно аднаму, што мы адзіныя.

 

Размаўляла Паліна Івашкевіч

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.