Знаёмцеся — cпадарыня Вольга Луцэнка. Зараз яна працуе выхавацелем у дзіцячым садку, а ў недалёкім мінулым была настаўніцай беларускай мовы. Вольга мае вялікую сям’ю: любімага мужа, трох сыночкаў і прыгажуню-дачушку. Праз усё жыццё Вольга нясе ў сваім сэрцы малітву і моцную веру. Менавіта гэта дапамагае ёй крочыць па жыцці, нават калі цяжка.

— Якой была ваша дачушка ў дзяцінстве? — спытала я ў Марыі Ільдзеўны, мамы Вольгі.

— Волька вельмі добра танцавала. Бабулькі, калі збіраліся разам, прасілі яе станцаваць або заспяваць. Адным словам, спрытная і вясёлая такая. І паслухмяная, вельмі паслухмяная.

Нарадзілася Вольга ў вёсцы Камень, Мінскай вобласці, Валожынскага раёна. Бацькі былі людзьмі пабожнымі. Вольга распавядае, што першым чалавекам, які расказаў ёй пра Пана Бога і далучыў да веры была яе бабуля Стася:

— Памятаю, калі я была маленькай, бабуля брала нас з сабой на малітву, мяне і маю старэйшую сястру. Бацькі паехалі на працу за мяжу, а было гэта напярэдадні Вялікадня. І мы разважалі над стацыямі крыжовага шляху (яны былі ў выглядзе невялікіх абразікаў). Мая бабуля пачала іх нам паказваць: на адной на Езуса надзелі цярновы вянок… Я так расчулілася, што пачала плакаць. Тады бабуля сказала: «Чаго ты плачаш, унучанька? Ён жа скора ўваскрэсне!» Гэты момант я запомніла на ўсё жыццё.

Ад Бога часта чакаеш цудаў… Але яны ж заўсёды ёсць! Трэба адкрыць свае вочы і проста заўважыць іх, — кажа Вольга.

Марыя Ільдзеўна і Міхаіл Сцяпанавмч - бацькі Вольгі і сястра Ірына
Марыя Ільдзеўна і Міхаіл Сцяпанавмч - бацькі Вольгі і сястра Ірына

Адным з такіх цудаў быў адказ на дзіцячую малітву Вольгі. Аднойчы ёй вельмі захацелася чагосьці салодкага. Яна прыбегла да абраза Езуса Міласэрнага і пачала маліцца хаця б аб адной цукерачцы. Выцягнула руку, але нічога не здарылася. Потым дзяўчынка на гэта забылася і пабегла далей гуляць. А тут праз два тыдні да іх раптам прыязджаюць госці з Пастаў і прывозяць безліч цукерак!

Так падчас адной малітвы яна зразумела, што Пан Бог яе сапраўды пачуў і зрабіў для яе яшчэ больш, чым яна прасіла. Вось такім радасным успамінам з усмешкай дзеліцца Вольга.

Яшчэ адзін успамін з дзяцінства звязаны з малітвай яе маці, якая нягледзячы на стомленасць, заўсёды малілася за сваіх дачушак. Менавіта матуліна малітва абараняе іх праз усё жыццё.

Вучылася ў Мінску, а пасля паехала па размеркаванні працаваць у Кулікі.

— Там была звычайная школа і школа-інтэрнат. Я была настаўніцай у 7 і 9 класах, але большую частку часу выхоўвала дзяцей з тых сямей, якіх павінны былі пазбавіць бацькоўскіх правоў. Мне здаецца, што гэта быў для мяне ўрок ад Пана Бога. Ён паказаў, якія могуць быць дзеці з-за таго , у якіх яны растуць сем’ях… І памятаю, якім гучным болем гэта адгукалася ў сэрцы.

Праз некаторы час Вольга сустрэла Андрэя і хутка спраўдзілася яе даўняя мара аб стварэнні сваёй сям'і.

Адразу яны жылі з бацькамі мужа, але Вольга не сумавала. Бо і тут ёй вельмі пашанцавала – у новай сям'і дзяўчына знайшла чалавека, якога змагла назваць «другой маці». Яе свякроў — мудрая жанчына, што шчыра дапамагала маладой сям'і да канца свайго жыцця. Таму ў доме не было спрэчак, інакш кажучы, разладу паміж пакаленнямі.

— Калі да нас прыходзілі госці, яны заўсёды вельмі здзіўляліся, як мы ўсе ўжываемся. Я — каталічка, муж і яго бацька — праваслаўныя, а свякроў — пратэстанка. І тады я адказвала: «Чаму мы жывем у згодзе? Таму што ў нас адзін Бог, Езус Хрыстус і менавіта Ён нас і аб’ядноўвае».

Далей у жыцці здараліся розныя моманты: радасныя, сумныя, нават балючыя. Але дзякуючы ім Вольга кажны раз заўважала адну важную для сябе рэч, што менавіта шчырая вера робіць людзей шчаслівымі.

Калі Вольга разам з сям’ёй праз некаторы час пераехала ў новую кватэру, у яе не было шматлікіх жаданняў. Але адно важнае было — хацелася мець добрых суседзяў.

— Дагэтуль мы жылі ў ваенным гарадку і суседзі ў нас былі, мякка кажучы, не вельмі добрыя. Таму перад пераездам я малілася, просячы Пана Бога, каб на гэты раз Ён паслаў добрых суседзяў.

Аднойчы я ўбачыла Кацю Петрашкевіч, а потым мы пазнаёміліся бліжэй. Але на гэтым ўсё не скончылася.

Праз некоторы час прыехала да мяне матуля і была вельмі ўражана тым, што мы яшчэ не звярнуліся да святара, каб благаславіць кватэру.

Я гэта даўно збіралася зрабіць, але словы маці падштурхнулі мяне на пошукі спачатку Касцёла, а потым і ксяндза, да якога я змагу звярнуцца за дапамогай.

У той час я таксама даведалася, што Каця каталічка, як і я! І мы пачалі шукаць разам.

І ў гэтай «вандроўцы» нам вельмі дапамагла мая матуля. Яна сустрэла сваю знаёмую ў Катэдры, Пані Міхаліну (прым.рэд. — з ёй мы пазнаёміліся ў адным з парярэдніх інтэрв’ю), і тая расказала пра капліцу у мікрараёне Масюкоўшчына.

Так мы і знайшлі сваю парафію.

У капліцы Вольга сустрэла яшчэ адну знаёмую асобу, якую часта бачыла каля свайго пад’езда. Гэта была Людміла Чаган. Так споўнілася мара аб добрых сусядях, а Вольга кажа:

— Бог чуе мае просьбы і малітвы, а адказ на іх у шмат разоў пераўзыходзіць мае чаканні.

Дарэчы, на апошнім Парафіяльным Калядаванні дружныя суседзі з вуліцы Люцынскай разам прадставілі сумесны творчы нумар.

Зараз Вольга з’яўляецца членам суполкі «Маці ў малітве», каб таксама як і яе маці, духоўна падтрымліваць сваіх дзяцей.

— Я хачу сказаць, што ў жыцці шмат перашкод і іспытаў, але з Богам іх заўсёды можна перажыць. Шчырая малітва дапамагае бліжэй падысці да Бога. І адказ на яе таксама будзе. Галоўнае памятаць, што на ўсё воля Божая!

Размаўляла Паліна Капуста