Сёння запрашаем пазнаёміцца з яшчэ адным членам нашай парафіяльнай сям’і. Гэта Генадзь Манчынскі. Падчас размовы з гэтым чалавекам паступова заўважаеш, што пачынаеш прыпыняцца, супакойвацца. А калі час ад часу ў яго добрых вачах з’яўляюцца вясёлыя агеньчыкі, ты разумееш, што размова будзе цікавай.

«Нарадзіўся я ў 1971 годзе ў вёсцы Янчукі, Пастаўскага раёна, Віцебскай вобласці. Бацькі былі хрысціянамі, каталікамі. Тата памёр рана, мне было толькі 4 гады. Мама жывая і да гэтай пары, хутка ёй будзе 83 гады. Хрысціянскім выхаваннем займалася мама. Веру перадала яна. Хрысцілі мяне ў Глыбоцкім касцёле, — апавядае Генадзь, — калі было 5 гадоў, пераехалі ў Верхнядзвінск, усё свядомае дзяцінства і частку дарослага жыцця пражыў у гэтым горадзе.

У дзяцінстве чым мы хлопцы займаліся? У футбол гулялі, у хакей, спаборніцтвы ладзілі. Вельмі цешыліся, калі перамагалі. Яшчэ ў школьным хоры спяваў, наш хор у той час атрымаў званне ўзорнага. Мы вельмі ганарыліся гэтым.

Да веры двойчы прыходзіў. Першы раз праз бацькоў, другі ўжо ў свядомым узросце, пасля службы ў войску. Калі дзіцём быў, мама з цёткай катэхэзу мне выкладалі, да першай споведзі і Святой Камуніі давялі. Потым раз у год, перад навучальным годам, ездзілі ў Латвію, у бліжэйшы касцёл, да споведзі і на Імшу. Хаваліся яшчэ ад суседзяў, час такі быў. У пяці кіламетрах ад нас жыў мой дзядзька, дык мы суседзям казалі, што да яго едзем, а дзядзькавы сваім суседзям казалі, што да нас едуць, а самі дзвюма сем’ямі сядалі на аўтобус да Краславы ці Даўгаўпілса і — у касцел.

Верхнядзвінск. Вяселле.
Верхнядзвінск. Вяселле.

Пазней, калі студэнтам стаў — закруціла жыццё. Бывала, што і на рэзурэкцыйную Імшу ў Велікодную нядзелю не ўстану. Потым у войска забралі, а, калі вярнуўся, цётка з мамай надта хацелі вярнуць мяне ў касцёл. А я ж разумны, дарослы, вышэйшую адукацыю маю, на ўсё свой пункт гледжання ёсць. Сказаў ім тады, каб менш гаварылі, лепш пачытаць штосьці далі пра веру. Цётка мне падарыла Біблію. Я абяцаў, што сам разбяруся, у вышэйшай матэматыцы ж разабраўся. Калі самастойна прачытаў, то тады паверыў свядома і ў касцёл пачаў хадзіць. У Бібліі знайшоў адказы на многія пытанні. Дзіўна, але шмат “народных” мудрасцяў з Бібліі ўзяты.

Праз некаторы час пасля вяртання з войска, пайшоў працаваць на мытню, хоць па адукацыі быў інжынерам-будаўніком. Там важна было, каб супрацоўнікі былі з вышэйшай адукацыяй, а ў раёне на той час такіх людзей было няшмат. Потым былі курсы у Мінску, атрыманне другой вышэйшай адукацыі, ужо па спецыяльнасці.

У Мінску і пазнаёміўся з Алёнай, жонкай маёй. Спяваць вельмі любіў, таму далучыўся да хора касцёла Святога Роха, што на Залатой Горцы. Кіраўніком хора была сяброўка Алёны. Аднойчы я ішоў па калідоры, чакаючы чарговую рэпетыцыю, бачу: стаіць яна. І штосьці ўнутры ўскалыхнулася: “Вось тая, чый вобраз я сабе ўяўляў!”. А мне на той момант ужо амаль 30 год было. Прыглядзеліся адно да аднаго, сустрэліся, пагутарылі. Настолькі ўтульна было побач, камфортна адно з адным. Зразумеў, ну чаго яшчэ шукаць? Вырашыў у Пана Бога спытаць. Пайшоў у Чырвоны касцёл, спусціўся ў капліцу Маці Божай Будслаўскай. Там падчас малітвы і адкрыліся вочы, пераканаўся, што раблю правільны выбар. І прапанаваў Алёне стаць маёй жонкай. Яна крыху падумала і згадзілася. Сустрэліся мы на пачатку красавіка, а ў чэрвені, на свята Божага Цела, пасля працэсіі, мы заручыліся. І да гэтага часу пра тое не шкадую.

Цікавая гісторыя з вяселлем атрымалася. ЗАГС у Серабранцы на той час быў зачынены на рамонт, распісацца можна было, але ў будынку былога дзіцячага садка. Алёна сказала, што не пойдзе туды, бо замуж адзін раз выходзяць, і яна хоча, каб было прыгожа. І мы паехалі жаніцца ў Верхнядзвінск. Шалёныя былі, хоць і даволі дарослыя.

Бог даў нам трох дзетак. Старэйшы сын Ілля (15 год) і дзве дачушкі Марыя (13 год) і Дар’я (11 год).

Што для мяне быць татам? Праводзіць з дзецьмі час, забяспечваць, выхоўваць, у тым ліку і рэлігійна, адукацыю даць, дапамагаць, калі трэба, у прыняцці рашэнняў. Быць прыкладам духоўнага жыцця, прыкладам сапраўднага хрысціяніна, каб відаць было, што жыву з Богам і такое жыццё вельмі важнае.

Есць у нашай сям’і свае прынцыпы выхавання. Самы галоўны з іх — гэта сумленнасць. Вельмі не люблю хлусню, хітрасць, выкрутлівасць. У сваёй сям’і мы імкнёмся заўсёды казаць праўду адно аднаму. У выхаванні таксама вельмі дапамагае вера, асабліва, калі праводзіш паралель паміж узаемаадносінамі “Бог і людзі” і адносінамі “бацька-дзеці”. Напрыклад, прыпавесць “Пра блуднага сына”, а дакладней “Пра міласэрнага бацьку”. У ёй шмат багацця, падказак для узаемаадносінаў паміж бацькамі і дзецьмі.

І традыцыі сямейныя таксама маем. Любім бавіць час за настольнымі гульнямі, якімі нас забяспечвае хросны тата ўсіх траіх нашых дзетак, Віталь Маісееў. У нядзелю збіраемся разам, каб паглядзець які-небудзь фільм. Дзеці самі гатуюць прысмакі: гарбату, каву, пячэнне, цукеркі. Гэта такі класны, прыемны сямейны час. Любім выходзіць куды-небудзь разам, напрыклад, у боўлінг.

А яшчэ, лічу вельмі важным сустракацца ўсім членам сям’і за адным сталом. Калі толькі ёсць такая магчымасць, ямо ўсе разам, а не паасобку, кожны ў сваім пакоі, альбо перад тэлевізарам.

Ну і канешне ж, сумесная вечаровая малітва. Яе моц і дзейснасць я яшчэ раней адчуў, калі не жанаты быў. У той перыяд, зноў такі, калі з войска прыйшоў, з мамай адносіны сапсаваліся вельмі. Дарослы ўжо, сам зарабляю, а яна мяне ўсё спрабуе “павучаць”. Ну і было так: яна на сваім стаіць, я на сваім — не было зносінаў. Падзяліўся я гэтым з ксяндзом пробашчам. Ён запытаўся: “Разам моліцеся?” Кажу: “Не.” “Паспрабуйце”, — кажа. Цяжка было напачатку дастасавацца адно да аднаго, час знайсці, дзесьці і ганарыстасць сваю стрымаць. Але, як кажа Бог, “дзе двое ў імя Маё, там і Я між імі”. Так і атрымалася: зносіны наладзіліся, і апошнія гады, пакуль я не з’ехаў у Мінск, мы вельмі дружна жылі, жартавалі, сябрамі сапраўднымі сталі, знайшлі паразуменне.

Наша сям’я належыць да Equipes Notre-Dame (Суполкi Мацi Божай). Сустрэчы суполкі, малітва, а таксама духоўныя практыкі вельмі дапамагаюць духоўнаму ўзрастанню, пераадольванню цяжкасцяў. Асабліва практыка “Прысядзем разам”, сужэнскі дыялог. Многія лічаць, што сям’я “муж-жонка”, адзін раз стварылі, а далей яно само як-небудзь пойдзе. Працу ўкладаць у гэта сужэнства, развівацца не трэба. Але ж мы ў сваёй прафесіі пастаянна ўдасканальваемся, як хрысціяне працуем над сабой. А тут думаем — само сабой пойдзе. Не, не пойдзе, тут таксама трэба сваю кваліфікацыю павышаць.

Яшчэ я ў парафіяльным хоры спяваю, у спектаклі на “Балі ўсіх святых” браў удзел, прымаю ўдзел у парафіяльным калядаванні, з’яўляюся членам Мужчынскага клуба пры нашай парафіі. Страляць па мішэнях люблю. А яшчэ гадоў 5 таму гуляў у футбол у турніры Яна Боско за каманду “Таты”. Нават футболка з надпісам засталася. Дарэчы з ксяндзом Алегам на полі давялося сустрэцца, ён за каманду святароў іграў. Яны тады ў нас 4:3 выйгралі. 3:3 было, а напрыканцы яны яшчэ адзін гол забілі. Шкада было… Я гэта для чаго кажу, каб паказаць, што па-за колам “праца-сям’я-Касцёл у нядзелю” Бог дае магчымасці ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах, сябе праяўляць і мець больш напоўненае, цікавае жыццё».

Хочам дадаць: сям’я Генадзя і Алёны Манчынскіх атрымала благаслаўленне на служэнне ў Паўночным Сектары Equipes Notre-Dame. А яшчэ рассказаць пра тое, што Генадзь двойчы станавіўся чэмпіёнам па стральбе сярод працаўнікоў мытні Рэспублікі Беларусь.

Падрыхтавала Ірына Шаўструк
Фота: з сямейнага архіва Манчынскіх

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.