Памятаеце, сёння панядзелак! Таму мы спяшаемся пазнаёміць вас з яшчэ адной асобай.

Завуць мяне Віталій, і мне 40 год, маю сям'ю: любячую жонку Аню і чатырох дачок. Я нарадзіўся ў Мінску ў Серабранцы, у мяне ёсць родны брат Уладзімір. Мой дзед быў веруючы. У свой час ён быў старастам у царкве.

Чаму я прыйшоў у касцёл

Я быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве, але да 20 год вера мяне не цікавіла.

У 1996—1997 годзе, калі я быў у 10 класе, дзед падараваў мне Біблію і падпісаў: «унуку ад дзеда». Вось яна нейкі час ляжала, а пасля мне стала цікава, пра што там напісана. Таму я яе ўсю прачытаў. У мяне былі розныя думкі наконт прачытанага, але абмеркаваць іх не было з кім.

Неяк на дні нараджэння аднакласніка я сустрэў сваю будучую жонку — Аню. Тады я вырашыў крыху больш пра яе даведацца. Падчас адной сустрэчы яна паказала мне альбомы сваіх фотаздымкаў. Там былі фота з гор у Закапанэ, калі яны ездзілі моладзевай групай да сясцёр на іх першыя шлюбы. І я зразумеў, што існуе нейкае іншае жыццё, якое мне тады не было знаёма. Вельмі цікава было пабачыць, што людзі жывуць іншымі прынцыпамі, іншымі інтарэсамі. Дзякуючы Ані ў мяне з'явілася магчымасць паразмаўляць на тэму Бібліі. Я бачыў, што ёй гэта цікава. І я пачаў хадзіць з ёй у касцёл.

Калі я запрашаў яе ў нядзелю схадзіць у кіно або тэатр, яна заўсёды мне казала: «А я іду ў касцёл». На што я казаў: «Тады і я разам з табой!».

Вельмі часта ў касцёле спявалі нешпары, і я таксама спяваў. Я заўважыў, што ад маіх спеваў усе адварочваліся. Мне Аня казала шмат разоў, што я дрэнна спяваю, і людзі казалі, што лепш мне не спяваць, бо гэта немагчыма слухаць. Тады я вырашыў усіх уразіць: пайшоў да клерыка і сказаў, што хачу калі-небудзь выйсці да амбоны і заспяваць псальм, і каб усе абалдзелі. Асабліва хацелася ўразіць Аню. Клерык паспрабаваў дапамагчы мне, але нічога не атрымлівалася. І тады ён сказаў, што пры парафіі (Серабранка) адкрылі хор хлопцаў, што гэтым хорам кіруе жанчына-музыкант і, магчыма, у яе атрымаецца паставіць мне голас. Яна мяне паслухала і сказала, што ўсе дрэнна, але паспрабаваць можна. І вось 20 год таму я пачаў старацца спяваць, аднак да гэтага часу не навучыўся. Псальм я заспяваў, аднак не памятаю, як усё прайшло. Напэўна, само імкненне навучыцца запомнілася больш. Зараз, здаецца, ніхто не кажа, што спяваць не трэба.

Неяк мы былі ў Польшчы на рэкалекцыях, там дзяліліся на групкі, і ў кожнай групы штодня былі розныя абавязкі. У адзін з дней нашай групе трэба было спяваць на Імшы. Я адразу сказаў, што я не ўмею спяваць і не ведаю польскай мовы. А мне адказалі, што ў мяне ёсць абавязак, і я павінен яго выканаць. Я выйшаў перад касцёлам і заспяваў на польска-беларускай мове… Усе смяяліся і хаваліся пад лаўкі, і пасля гэтага мне нічога не страшна. Гэта было на ўсё жыццё.

Пасля я ўдзельнічаў у хорах у Серабранцы, «Магутны Божа» (Залатая Горка).

Калі мы прыйшлі ў нашую парафію, тут таксама запрашалі ісці ў хор. Спачатку я падумаў, што ўжо выканаў сваю місію, але пасля ўсё ж такі вырашыў паўдзельнічаць, і вось да гэтага часу спяваю. Хоць слыху няма, ведаў таксама, але мяне гэта не пужае.

Мая гісторыя з'яўлення ў парафіі

Калі мы жылі ў Серабранцы, то хадзілі на рараты, і для гэтага трэба было ехаць каля пяці прыпынкаў і вельмі рана прачынацца. І я думаў, як жа было б добра, каб мы жылі каля касцёла.

Так сталася, што мне прапанавалі выбраць кватэру ў мікрараёнах Масюкоўшчына або Каменная горка. Я даведаўся, што сям'я майго хросніка, Манчынскага Іллі, атрымала кватэру ў Каменнай горцы, і вырашыў, каб было цікавей выбраць Каменную горку. Калі мы сюды прыехалі, каля дома будавалі «драўляную ізбушку». Я думаў, што гэта праваслаўная пабудова. Яна яшчэ не функцыянавала, а мы працягвалі ездзіць на Імшу ў Серабранку. І калі наш пробашч запытаўся, дзе мы жывём, я адказаў, што на вуліцы Матусевіча. Ён кажа: «Гэта каля капліцы?» Я кажу: «Ды не, няма там ніякай капліцы, яна на Маці Божай Будслаўскай!». А ксёндз мне ізноў распавядае, што капліца ёсць на вуліцы Матусевіча, якраз недалёка ад майго дома. Тады я зразумеў, што гэтая «праваслаўная пабудова» і ёсць тая капліца. І мы пачалі туды хадзіць, дапамагаць, будаваць. Прысутнічалі на яе асвячэнні.

І так аказался, што мы жывём так блізка ля касцёла. Як і марылі!

Для нас важны Бог

У той час, калі мы былі ў Серабранцы, там быў вельм моцны Рух моладзі. Паколькі я жаніўся рана, у 21 год, і мы з Аняй сталі сям'ёй, то ўжо не вельмі падыходзілі да тых моладзевых суполак. Мы з Аняй пачалі думаць, дзе можам сябе рэалізаваць, пачалі ездзіць у Баранавічы на рэкалекцыі, і нам спадабалася. Мы з гэтай групай людзей ужо 18 гадоў разам. Мы сустракаемся, разам ездзім на рэкалекцыі і проста добра праводзім час.

Калі мы былі ў Серабранцы, то папрасілі сястру Рэнату, каб яна праводзіла сустрэчы не толькі для моладзі, але і для сем’яў. І ў нас адкрылася парафіяльная группа СМС – супольнасць маладых сем’яў. Мы ў ёй актыўна ўдзельнічалі.

У маім жыцці не было так, што вось сёння да мяне прыйшоў Бог, мы разам з Аняй з цягам часу Яго пазнавалі і гэтым жылі.

Калі мы прыехалі жыць сюды, мы працягвалі ездзіць у Серабранку на сустрэчы, але гэта было нязручна. А пасля ксёндз Алег прапанаваў нам паўдзельнічаць у іншым руху — рух Equipes Notre-Dame / Суполкi Мацi Божай. Як аказалася, паловай той суполкі з’яўляліся нашыя знаёмыя, якіх мы ведалі з Серабранкі (сям’я Шымакоў, Манчынскіх, Чаганоў). І так атрымалася, што мы згадзіліся на гэтую прапанову, і зараз мы ўдзельнікі новай суполкі.

Сям’я

У нас шматдзетная сям’я. Мы не планавалі з Аняй, ці будзе ў нас шмат дзяцей, але думалі, што можа так стацца, што ў нас іх будзе пяць і больш. Нам было цікава, як гэта — мець дзяцей.

Адказваючы на пытанне, ці цяжка быць татам, хачу адказаць, што не! Татам быць не складана, татам быць цікава!

Быць добрым мужам таксама не складана, але толькі калі жывеш хрысціянскімі прынцыпамі.

Цуд

Калі жаніліся, мы, маладая сям’я, не мелі дзе жыць. Адразу жылі ў інтэрнаце, пасля ў бацькоў на кватэры. У нас тады ўжо была Паліна, і мы не ведалі, як далей быць. Мы збіраліся выехаць за горад і жыць дзе-небудзь у Фаніпалі. Аднойчы духоўны кіраўнік запытаўся, як мае справы. Я расказаў пра нашыя жыццёвыя абставіны. На мой аповед ён адказаў, што ўсё будзе добра.

Аня на той момант была цяжарная, і мы пайшлі рабіць УЗІ. У нейкі момант медсястра паклікала мяне і кажа: «Глядзіце!» Я здзівіўся: «Што глядзіце?» А яна кажа: «Двое!» Я ізноў пытаюся: «Што двое?» Яна кажа: «Дзяцей у вас будзе двое!». І так атрымалася, што ў нас вельмі хутка ў сям’і стала трое дзяцей. На той момант дзяржава дапамагла нам пабудаваць кватэру ў Мінску. І не прыйшлося ехаць ў Фаніпаль.

Праца і яшчэ адзін цуд

Я працую інжынерам сістэм бяспекі, хаця хацеў быць будаўніком. Здаваў уступныя экзамены ў політэхнічны інстытут, але мне не хапіла балаў, хоць я і вельмі рыхтаваўся. Я каб не губляць час, пайшоў ў ПТВ на спецыяльнасць «электраманцёры пажарнай сігналізацыі». Пасля пайшоў працаваць у гэтую сферу, і мне спадабалася. Я скончыў інстытут па той жа спецыяльнасці і ўжо больш за 20 год працую ў гэтай галіне. Гэта мая адзіная праца.

Калі казаць пра розніцу таго, як я ўспрымаю змену маіх планаў тады, 20 год назад, і зараз, то яна, канечне, ёсць. Зараз я адношуся да ўсяго з супакоем, мая вера дае мне яго.

Мой адпачынак

Свой вольны час, як правіла, я праводжу з сям’ёй. Мы разам ездзім на дачу або на рэкалекцыі, гэта нас яднае яшчэ больш. Аднойчы я падчас адпачынку з’ездзіў у горы. Адчуваў сябе самым слабым звяном, але там было вельмі прыгожа і захапляльна. Таксама мы з Аняй з’ездзілі ў Меджугор’е. Там я зразумеў вартасць малітвы на ружанцы і паспеў яе палюбіць.

Некалькі цікавых фактаў з жыцця Віталія:

1. Першае месца ў жыцці Віталія займае Бог і сям’я.

2. На пытанне пра любімага святога ён кажа так: «Калі я быў у Навагрудку, пазнаеміўся з гісторыяй Благаслаўлёных сясцёр-мучаніц. Я вырашыў, што калі молішся і просіш заступніцтва ў іх, то адразу 11 сясцёр заступаюцца — гэта вельмі зручна (смяецца). Таму так, я выбраў іх».

3. Хобі Віталія – гэта яго сям’я, больш ні на што не хапае часу.

4. Віталій і Аня бралі шлюб у ЖЭСе, у парафіі ў Серабранцы не было тады капліцы.

5. На біблійныя сустрэчы Віталій ходзіць таму, што хоча навучыцца разбірацца і ведаць Біблію, каб яшчэ больш выкарыстоўваць яе ў сваім жыцці: «Я люблю не проста верыць, але і паглыбляць сваю веру».

6. Віталій спявае псальм, толькі калі прыйдзе чарга. Ёсць у хоры такое правіла.

У кожнага з нас свая гісторыя жыцця, і гэта вельмі захапляльна. Праз дзяленне з бліжнім часткай свайго жыцця можна зразумець яго вартасць і ўбачыць вялікую любоў Бога да кожнага чалавека. Як добра, што мы ўсе розныя і такія цікавыя, што Бог праяўляецца па-рознаму ў нашым жыцці. Гэта надае смак жыццю і адчыняе новыя гарызонты.

Падрыхтавала Паліна Івашкевіч