Кожны чалавек своеасаблівы і непаўторны. Сёння перад намі яшчэ адна гісторыя, яшчэ адзін партрэт — Саладкевіч Мікіта.

Мікіта мае цудоўную сям’ю: клапатлівую жонку Вольгу і двух дзетак — Кацю і Андрэя.

Пра дзяцінства Мікіта расказвае няшмат. «Зрэшты ўсё як у дзяцей: школа, гульні і часам бітвы з сястрой», — з усмешкай кажа ён.

А вось пра маладосць ёсць што ўспомніць. Менавіта тады і пачалася гісторыя кахання Вольгі і Мікіты. «Вучыліся ў адным універсітэце, ускосна ведалі адно аднаго, але адна сапраўдная сустрэча змяніла ўсе. Праз некаторы час мы даведаліся, што былі знаёмыя яшчэ раней (пазнаёміліся ў соцсетцы), але тады нічога не ўспыхнула».

 

Словы «прыклад для пераймання» у сям’і Саладкевічаў не пусты гук. Кожны з іх знаходзіць тую рысу характару, або той учынак, манеру паводзін у іншым, на якую трэба раўняцца.

Мікіта паважае Вольгу за яе яскравы розум і мудрасць у вырашэнні складаных і не вельмі пытанняў. Вольга шануе Мікіту за яго спакойны і памяркоўны характар, які не дае разгарацца спрэчкам і сваркам у сям’і. А для дзяцей іх бацькі проста самыя лепшыя!

Менавіта прыклад веры жонкі дапамог знайсці Мікіце свой асабісты шлях да Бога:

«Маё дзяцінства не звязана з Касцёлам, не было адкуль з’явіцца веры. Але пасля знаёмства з Вольгай усё змянілася. Яна мела жыццёвую ўстаноўку, што не выйдзе замуж за неверучага чалавека. А для кахання, як ведаеце, няма нічога немагчымага. Таму я вырашыў, што нічога не страчу, калі паспрабую зразумець гэтую частку яе жыцця. Так крокам за крокам я наблізіўся да спазнання Бога. Не толькі нічога не страціў, але і шмат атрымаў!»

Зараз Мікіта разам з сям’ёй прымаюць актыўны ўдзел у жыцці Касцёла. Іх сям’я стала часткай руха Equipes Notre-Dame, які, як кажа Мікіта, «добра ўплывае на іх сям’ю».

Мікіта захапляецца машынамі, любіць вандраваць, спазнаваць штосьці новае. Галандыя, Германія, Швейцарыя ўжо прымалі яго разам з жонкай у госці. Але зараз з вандроўкамі стала цяжэй, дзеткі не дазваляюць.

Мікіта лічыць, што кожны хрысціянін павінен быць знаёмым з Новым Запаветам, гэта сапраўдная скарбніца мудрасці Хрыста.

Падрыхтавала Паліна Капуста

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.