Метады распазнавання плоднасці (МРП) — гэта метады натуральнага планавання сям'і.
Дадзеныя метады раскрываюць жаночую фізіялогію з улікам фундаментальных даследаванняў і адкрыццяў мінулага стагоддзя. Навукова пацверджана, што сужэнская блізкасць можа прывесці да зачацця толькі на працягу некалькіх дзён у цыкле жанчыны.
Метады распазнання плоднасці грунтуюцца выключна на саманазіранні, што дазваляе вылучыць у цыкле жанчыны плодны перыяд. Не ўжываецца ніводны сродак, які стымулюе або знішчае натуральную плоднасць, а атрыманыя веды дапамагаюць абараніць далікатнае жаночае здароўе ад кантрацэптываў і зразумець, якім чынам яны ўплываюць на арганізм. Тым самым неабходныя веды папярэджваюць разбуральны, а часам непапраўны ўплыў кантрацэптываў на здароўе жанчыны, а значыць і будучых дзяцей.
У выпадку планавання зачацця МРП дазваляюць вельмі рана даведацца, што жыццё дзіцяці ўжо пачалося, і прыняць яго з любоўю з першых дзён.
Гэтыя метады простыя як для планавання зачацця, так і для павелічэння інтэрвалу паміж нараджэннем дзяцей. А патрабуюць яны менш за 10 хвілін вашага часу ў дзень.
Вельмі добра, калі муж і жонка навучаюцца МРП разам. Калі мужчына ведае магчымасці сваёй жонкі да зачацця і выношвання, ён бярэ на сябе адказнасць за новае зачатае жыццё. Калі ўмоваў няма, то трэба дапамагчы іх стварыць, бо гэта справа абаіх. Мужчыны, якія зразумелі жаночую фізіялогію, разумеюць прычыну зменлівага настрою сваёй жонкі, зменлівасці яе жаданняў, разумеюць, калі паклапаціцца і падтрымаць, а калі — даць пабыць сам-насам. МРП дапамагаюць навучыцца ўзаемнай павазе, здольнасці зразумець адно аднаго, а таксама развіваюць узаемную адказнасць пары.
У нашай парафіі праходзяць курсы вывучэння сімптатэрмальнага метаду распазнавання плоднасці падвойнага пацверджання англійскай мадыфікацыі, якія праводзіць Алена Шымак.
Наша парафіянка і настаўніца курсаў мае неабходныя дыплом і сертыфікат, якія дазваляюць ёй вучыць іншых людзей. Сама яна навучалася ў акушэра-гінеколага Людмілы Баракавай.
Не мае значэння, якога Вы ўзросту, якая ў Вас працягласць і рэгулярнасць цыклаў. Метад распазнання плоднасці дапаможа Вам у любой сітуацыі разабрацца са сваім здароўем.
У Алены навучаюцца як дарослыя жанчыны, так і маладыя дзяўчаты.
Чамусьці прынята лічыць, што вывучэнне МРП — гэта для маладых, а сталым жанчынам неяк нават непрыстойна прыйсці на навучальныя курсы. На самай справе МРП дапамагае перажыць набліжэнне менапаўзы больш якасна, пазбегнуць непатрэбнай гарманальнай тэрапіі, якая толькі яшчэ больш расхіствае здароўе.
Маладыя дзяўчаты, якія пакуль не замужам, прымаюць рашэнне вывучаць свой арганізм, каб зразумець, як ён працуе, і тым самым лепш пазнаваць сябе.
Курс МРП уключае 10 заняткаў. Заняткі праходзяць у рытме раз у два тыдні ў аўторак, сераду або чацвер. Перад кожнымі заняткамі ідзе дамова пра дзень. Групы закрытыя: калі курс пачынаецца, новыя ўдзельнікі не прымаюцца. Заняткі праводзяцца па адрасе вул. Лідская, 4.
Па ўсіх пытаннях звяртайцеся, калі ласка, па нумары +375 (33) 636-57-30.
Шчыра запрашаем на курсы вывучэння МРП усіх неабыякавых да свайго здароўя, сям’і і хрысціянскага перажывання сужэнскіх адносін!