Хто зразумее жанчыну лепш за іншую жанчыну, альбо аповед пра парафіяльны Жаночы клуб.

Гэта гісторыя пачалася не так даўно, усяго толькі пару гадоў таму: у няпростыя часы некалькім жанчынам прыйшла такая думка, каб час ад часу сустракацца разам не толькі для малітвы, але і для шчырай душэўнай размовы. Наша парафія багатая на розныя малітоўныя групы і рухі для людзей розных узростаў, але такога, асаблівага, фармату дагэтуль у нас не было. На той час мужчынскі клуб ужо ладзіў свае сустрэчы. Жанчыны нашай парафіі вырашылі стварыць сваё кола пад цёплымі крыламі нашых сясцёр.

Неяк з самага пачатку стала зразумела, што жаночы клуб – гэта месца, дзе кожная жанчына можа адчуваць сябе ўтульна, дзе можа духоўна ўзрастаць, атрымліваць малiтоўную падтрымку і парады і праз гэтыя стасункі нават лепш зразумець сябе і іншых людзей.

Вось што зараз пішуць жанчыны, якiя бяруць удзел у сустрэчах клуба.

Спадарыня Алена: 

«Мне хацелася больш неафіцыйных стасункаў з людзьмі, якія маюць блізкія мне жыццёвыя прынцыпы. Хацелася «падзарадкі», я марыла адарвацца ад усіх хатніх спраў, працоўных пытанняў і праблем, хацелася маленькага свята сярод шэрых будняў i, канешне, духоўнага падсілкавання. Усё гэта я знайшла ў нашым клубе». 

Спадарыня Ірына:

«Жаночы клуб для мяне – гэта, у першую чаргу, месца адпачынку маёй галавы. Там жанчыны, якія мяне разумеюць: тое, чым і як я жыву, чаму для мяне важнае не матэрыяльнае, а духоўнае. Гэта своечасовая і важная дапамога, калі цябе і твае дзіўныя дзеянні не разумеюць іншыя. Гэта вялікая малітоўная падтрымка.

Я дзякую сёстрам і дзяўчатам за шчырыя разважанні, малітву, за супольна праведзены час».

Спадарыня Вольга: 

«Памятаю, калі ўпершыню прыйшла на сустрэчу «Жаночага клуба», то адчула цяпло, радасць, супакой і што Бог нас, жанчын, моцна любіць! Сястра Марыанна запрасіла нас у хатнюю капліцу, дзе мы разам разважалі пра ролю жанчыны ў сям'і і ўвогуле ў жыцці, гаварылі пра тое, якая яна прыгожая ў Божых вачах, і маліліся… Незабыўная паездка ў Навагрудак, дзе мы пазнаёміліся з жыццём благаслаўлёных сясцёр-мучаніц, наведванне тэатра, майстар-клас па ўпрыгожванні святочнага стала на Божае Нараджэнне, проста сустрэчы, каб адпачыць ад хатнiх спраў і працы, пабыць разам з такімі рознымі па характары, але такімі аднолькавымі ў любові да Бога, да бліжняга жанчынамі! Смех, спевы, гульні, падарожжы, нейкая дапамога адна адной, дзяленне перажываннямі, супольная малітва – гэта ўсё нас аб'ядноўвае ў Жаночым клубе на чале з нашымі любымі сёстрамі Марыаннай і Назарыяй!» 

Спадарыня Ганна:

«Жаночы клуб – гэта адпачынак ад будзённасцi ў прыемнай кампанii, шчырыя размовы, дзяленне вопытам, духоўная падтрымка. Дзякую Богу, што маю магчымасць праводзiць час адпачынку менавiта ў такой кампанii і, што асабліва важна, у кампаніі веруючых жанчын!»

Спадарыня Наталля:

«Наш клуб для мяне – гэта тое месца, куды заўсёды хочацца прыйсці, каб пабачыцца з духоўна блізкімі жанчынамі, пагаварыць на розныя тэмы, нават паплакаць, пасмяяцца, пагуляць у гульні, паехаць у падарожжа, нягледзячы на дрэннае надвор'е, падзяліцца сваім жыццём».

Сястра Марыанна:

«Для мяне гэта першы досвед такога служэння, ён вельмі цікавы, узбагачае і маю жаноцкасць таксама».

Няважна, колькі гадоў мае жанчына, не мае значэння, адно ў яе дзіця альбо пяцёра, – важна толькі шчырае сэрца, адкрытае на Бога і любоў: тады ёй абавязкова будзе добра, утульна i па-сяброўску цёпла сярод ветлiвых, шчырых, добразычлiвых і прыязных жанчын нашай парафіі.

Хоць за штодзённымі клопатамі жанчын і парафіяльнымі абавязкамі сясцёр збірацца рэгулярна ў Жаночага клуба не заўсёды атрымліваецца, але, можа, менавіта таму кожная сустрэча – пярлінка ў скарбніцу нашых добрых успамінаў і асаблівы зарад радасці на доўгі час.

Каб далучыцца, можна звярнуцца да с. Марыанны Алешчык CSFN (+375447556516).

 

Тэкст: Вікторыя Маўчанская
Фота: Удзельніцы «Жаночага клуба»

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.