Малітва на кожны дзень
Святы Максімільяне, натхнёны Божай любоўю, * выпраменены святлом Беззаганнай Панны, * ты паказваў Божаму люду розныя формы апасталавання * для перамогі дабра і для пашырэння Валадарства Божага ў цэлым свеце; * выпрасі нам святло і сілу, * каб мы маглі рабіць дабро і прыцягваць іншых да любові Хрыста. * Заступіся перад Панам за нас, * каб мы, авалоданыя гэтым самым натхненем любові, * верай і дзеяннем маглі сведчыць аб Хрысце сярод нашых братоў * і дайсці разам з табою да ўладання Бога ў вечнай хвале. * Амэн.
Ойча наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу.
О Марыя без граху першароднага зачатая, * маліся за нас, да Цябе ўцякаючых, * і за усіх, хто да Цябе не ўцякае, * а асабліва за ворагаў Касцёла і Тваёй апекі адданых.
Першы дзень
"Каб ў душы нашай расцвілі кветкі цнот, яны павінны быць сагрэты цяплом Беззаганай Маці" (св. Максімільян Кольбэ)
Святы Максімільяне, вазьмі нашую сям`ю пад сваю апеку і заступіся за яе, каб у ёй развіваліся цноты любові Бога і бліжніх.
Другі дзень
"Давайце старацца больш паглыбляць любоў да Беззаганнай і да Яе безупынна звяртацца, як дзеці да Маці" (св.Максімільян Кольбе).
Святы Максімільяне, ты пайшоў дабравольна на смерць, каб дзеці не засталіся сіротамі, заступіся за нас і дапамажы нам быць дзецьмі Божымі.
Трэці дзень
"Чалавек імкнецца быць вялікім, мудрым, багатым, слаўным, шчаслівым, кахаючым і каханым. Але ніякае шчасце гэтай зямлі яго не задаволіць, самога Бога толькі прагне" (св.Максімільян Кольбе).
Святы Максімільяне, разважлівы і радасны, выпрасі нам гэтую ласку ў Бога, каб мы ўмелі выбраць сапраўднае дабро і цешыцца з яго.
Чацвёрты дзень
Божы Провід у бясконцай сваёй міласэрнасці, праз Беззаганную, накіраваў у гэтую так крытычную хвіліну маму да размоўніцы. І так Пан Бог раззарваў усе сеці д`ябла" (св.Максімільян Кольбе).
Святы Максімільяне, тваёй апецы даручаю выбар майго стану. Ты прайшоў цяжкасці і ваганні, таму мяне зразумееш і дапаможаш. Пакорна прашу Цябе аб гэтым.
Пяты дзень
"Час цяперашняй працы - гэта час прыгатавання да будучай барацьбы пад сцягам Беззаганнай. Надарэмна напаўнялі б вы галаву рознай прыгожай і патрэбнай інфармацыяй, калі б нехапіла ўнутраных, дзіцячых адносін да Беззаганнай" (св.Максімільян Кольбе).
Святы Максімільяне, ты добра разумеў сэнс навукі, дапамажы мне ў вучобе для дабра маёй душы, Касцёла і Айчызны.
Шосты дзень
"Кахайце Беззаганную практычна праз добрае выконванне сваіх абавязкаў, бо гэта Яе воля, воля Пана Езуса" (св.Максімільян Кольбе).
Святы Максімільяне, заахвочвай нас да стараннага і радаснага выконвання нашай працы і сцеражы нас ад занядбання нашых абавязкаў.
Сёмы дзень
"Калі любоў агарне нас і пранікне ў нас, ахвяры стануцца патрэбай душы. З ахвяры нараджаецца духоўная радасць" (св.Максімільян Кольбе).
Праз твае рукі, святы Максімільяне, ахвярую Беззаганнай сваю працу і свае цярпенні. Дапамажы мне іх знесці.
Восьмы дзень
"Малітва і перш за ўсё малітва зяўляецца эфектыўнай зброяй у барацьбе за свабоду і шчасце душы" (св.Максімільян Кольбе).
Святы Максімільяне, ты ёсць прыкладам добрай малітвы, дапамажы нам умела выкарыстоўваць дар малітвы для асвячэння сваёй душы і душаў бліжніх.
Дзевяты дзень
"Хто ахвярна кахае Беззаганную, той збавіцца, асвяціцца і іншым асвяціцца дапаможа" (св.Максімільян Кольбе).
Святы Максімільяне, ты праз ўсё сваё жыццё аж да гераічнай смерці прайшоў з Беззаганнай, дапамажы і нам шчасліва перайсці ў вечнасць пад апекай Беззаганнай Маці.
Каралева Нябёсаў, ажыўляй у нас веру ў змартвыхпаўстанне і жыццё вечнае.