Святы Людовік дэ Манфор
О Спрадвечная і Ўцелаўлёная Мудрасць! О любы і годны пакланення Езу, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, адзіны Сын Спрадвечнага Айца і Марыі, заўсёды Дзевы! Аддаю Табе глыбокую пашану ва ўлонні і глыбіні Твайго Айца, у вечнасці, і ў дзявоцкім улонні Марыі, Тваёй годнай Маці, у хвіліну Твайго ўцелаўлення.
Дзякую Табе за тое, што Ты прынізіў Сябе і прыняў постаць нявольніка, каб вызваліць мяне з жудаснага нявольніцтва дэмана.
Праслаўляю Цябе і ўсхваляю за тое, што Ты пажадаў ува ўсім быць паслухмяным Марыі, Тваёй святой Маці, каб праз Яе ўчыніць мяне Сваім верным нявольнікам. На жаль, я быў няўдзячным і нясталым, а таму не захаваў вернасці абяцанням, якія ўрачыста склаў падчас Святога Хросту. Я не выканаў сваіх абавязкаў і таму не заслугоўваю таго, каб называцца Тваім дзіцём і Тваім нявольнікам. І, паколькі ўсё ўва мне заслугоўвае Твайго гневу, я не асмельваюся больш сам наблізіцца да Тваёй святой велічы.
Таму я прашу заступніцтва і міласэрнасці ў Тваёй Святой Маці, якую Ты даў мне як Пасрэдніцу перад Тваім Абліччам. Менавіта праз Яе я спадзяюся атрымаць ад Цябе ласку скрухі сэрца і прабачэння маіх грахоў, ласку атрымаць і захаваць Мудрасць.
Таму вітаю Цябе, о Беззаганная Марыя, жывы Табернакль Боскасці, дзе схаваная Спрадвечная Мудрасць жадае быць ушанаваная анёламі і людзьмі.
Вітаю Цябе, Каралева Неба і зямлі, Табе падпарадкоўваецца ўсё, акрамя Бога.
Вітаю Цябе, надзейны прытулак грэшнікаў, Твая міласэрнасць ахоплівае ўсіх. Выслухай маю просьбу, поўную жадання мець Боскую Мудрасць, і прымі дзеля гэтага абяцанні і ахвяры, якія Табе прыносіць мая мізэрнасць.
Я, (Імя), няверны грэшнік, аднаўляю сёння і складаю ў Твае рукі мае абяцанні, якія я прынёс падчас Святога Хросту. Я навечна выракаюся шатана, яго пыхі і яго справаў і цалкам аддаюся Езусу Хрысту, уцелаўлёнай Мудрасці, каб несці свой крыж кожны дзень свайго жыцця, каб быць больш верным Яму, чым дагэтуль.
Я абіраю Цябе сёння, у прысутнасці ўсяго нябеснага двара, за сваю Маці і Гаспадыню. Аддаю Табе і прысвячаю ў якасці нявольніка маё цела і маю душу, мае даброты ўнутраныя і знешнія і нават вартасць маіх добрых учынкаў мінулых, сённяшніх і будучых. Пакідаю табе поўнае права распараджацца мной і ўсім, што мне належыць, без выключэння, як Ты гэтага пажадаеш, дзеля большай хвалы Божай цяпер і на вякі.
Прымі, о дабразычлівая Дзева, гэтую маленькую ахвяру майго нявольніцтва ў знак пашаны і еднасці Твайго Мацярынства са Спрадвечнай Мудрасцю. Прымі гэта як ушанаванне Вашай супольнай улады над гэтай маленькім чарвяком і нягодным грэшнікам, якім я з’яўляюся, а таксама як падзяку за прывілеі, якімі Цябе абдаравала Святая Тройца.
Я заяўляю, што з гэтага моманту як Твой сапраўдны нявольнік я жадаю шукаць толькі Тваёй хвалы і ўва ўсім быць паслухмяным.
O цудоўная Маці! Прадстаў мяне Твайму Сыну як вечнага нявольніка, каб, адкупіўшы мяне праз Цябе, Ён таксама прыняў мяне праз Цябе.
O Маці міласэрнасці! Удзялі мне ласку атрымаць сапраўдную мудрасць Божую і быць у ліку тых, каго Ты любіш, навучаеш, кіруеш, насычаеш і абараняеш як Сваіх дзяцей і нявольнікаў.
O Дзева верная, зрабі мяне дасканалым вучнем ува ўсім, паслядоўнікам і вучнем уцелаўлёнай Мудрасці, Езуса Хрыста, Твайго Сына, каб праз Тваё заступніцтва і па Тваім прыкладзе я дасягнуў поўні Яго веку на зямлі і Яго хвалы ў небе. Амэн.