Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Асабліва дзякуем аніматарам, якія на працягу лета дапамагалі ў правядзенні ’’Канікулаў з Богам’’ для дзяцей і моладзі. Летнікі для скаўтаў і скаўтак. Дзякуем за ўдзел у пілігрымках. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
3 верасня (аўторак): Успамін св. Грыгорыя Вялікага, папы і доктара Касцёла
Нарадзіўся ў Рыме ў 540 г. у знакамітай сенатарскай сям’і і ва ўзросце 32 гадоў стаў прэфектам Вечнага Горада. Праз нейкі час ён пакінуў пасаду і ўступіў у кляштар, заснаваны ў яго радавым палацы. У саракагадовым узросце прыняў пасвячэнне дыяканату з рук Папы Пелагія ІІ і на працягу сямі гадоў выконваў абавязкі нунцыя пры двары цэзара ў Канстанцінопалі. У 590 г. Грыгорый быў выбраны Папам. Падчас яго пантыфікату да Касцёла былі далучаныя тры вялікія народы: прынялі хрысціянства англічане, а таксама былі навернутыя з арыянскай ерасі лангабарды і іспанцы.
Грыгорый выкарыстоўваў касцёльныя сродкі на дабрачынную дзейнасць. Яго асаблівы клопат пра сацыяльныя справы стаў характэрнаю рысаю яго душпастырства і прыкладам для ўсіх наступных Папаў. Грыгорый напісаў шмат тэалагічных працаў, а яго Маральная тэалогія паўплывала на ўсю эпоху Сярэднявечча. Некаторыя гаміліі Грыгорыя ўвайшлі і ў сучасны брэвіярый. Святы Грыгорый Вялікі з’яўляецца адным з чатырох заходніх Айцоў Касцёла і лічыцца апекуном музыкантаў, спевакоў і харыстаў, а таксама касцёльных школаў.
1. На гэтым тыдні прыпадае:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай.
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса.
Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.
Таксама ў першыя пятніцы месяца будзе адбывацца ўсяночная адарацыя ў інтэнцыі абароны жыцця і сям'і. Адарацыя пачнецца пасля святой Імшы на 19.00 і працягнецца да 7-й гадзіны раніцы.
Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
Інтэнцыя Жывога Ружанца на верасень: Молімся за дзяцей і моладзь з нашых сем’яў, каб час навукі ў школе і на катэхезе паспрыяў іх асабістаму інтэлектуальнаму і духоваму развіццю; аб апецы Маці Божай у справе будовы парафіяльнага касцёла.
2. Нагадваем, што з 1 верасня 2019 зменіцца расклад набажэнстваў на зімовы час.
Расклад набажэнстваў:
СВЯТАЯ ІМША Ў НЯДЗЕЛЮ: 9.00, 10.30, 12.00, 13.30, 18.00
у суботу: 8.00 і 19.00
у будні: 7.00 і 19.00
3. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2019/2020 навучальны год. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу. Пачатак заняткаў 8 верасня 2019 г.
4. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара.
5. Запрашаем новых кандыдатаў у дзіцячы і моладзевы музычны гурт нашай парафіі, а таксама ў парафіяльны хор.
6. Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да каталіцкіх скаўтаў у нашай парафіі.
Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.