Шчыра дзякуе за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

20 жніўня (аўторак) Успамін св. Бэрнарда, абата і доктара Касцёла

Нарадзіўся ў 1090 г. у Бургундыі (Францыя). У 1112 г. разам з чатырма з пяці сваіх братоў і яшчэ трыццацю паплечнікамі распачаў манаскае жыццё ў цыстэрцыянскім кляштары ў Сіто. Дзякуючы яму гэтая манаская супольнасць стала вельмі хутка развівацца, і праз тры гады Бэрнард узначаліў заснаваны ім кляштар у Клерво. Бэрнард меў сувязі з многімі выдатнымі асобамі таго часу, сярод якіх былі Папы і каралі, і набыў вядомасць як цудоўны прапаведнік, што заклікаў да крыжовых паходаў.

Усяго ён заснаваў 69 цыстэрцыянскіх фундацый і, ведучы аскетычнае манаскае жыццё, адмаўляўся ад любых пасадаў, якія яму прапаноўвалі. Бэрнард, у жыцці якога было нямала фізічных і духоўных пакутаў, шмат падарожнічаў па розных краінах. Ён памёр 20 жніўня 1153 г. у Клерво, дзе і быў пахаваны. Бэрнард, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў ордэна цыстэрцыянцаў, сваім жыццём увасобіў ідэал манаха і быў адной з самых яркіх постацяў Касцёла ў Сярэднявеччы. Заступніцтва святога Бэрнарда Клервоскага просяць пры дзіцячых хваробах, пры хваробах жывёлы, падчас бураў і навальніцаў, а таксама ў хвіліну смерці. Святы лічыцца апекуном пчаляроў і пчолаў.

21 жніўня (серада) Успамін св. Пія X, папы

Джузепе Сарто, будучы Папа Пій Х, нарадзіўся 2 чэрвеня 1835 г. на поўначы Італіі ў беднай сям’і. Ён прыняў святарскае пасвячэнне і ў 1884 г. стаў біскупам Мантуі, а праз адзінаццаць гадоў — патрыярхам Венецыі і кардыналам. 4 жніўня 1903 г. ён быў абраны Папам і з самага пачатку свайго пантыфікату праявіў сябе як душпастыр і рэфарматар: выступаў за тое, каб дзеці прымалі Першую святую Камунію як мага раней, падтрымліваў часты ўдзел у Эўхарыстыі, рэфармаваў рэлігійнае жыццё духавенства і вернікаў, паспрыяў паляпшэнню падрыхтоўкі святароў, аднавіў грыгарыянскі харал, Рымскі Імшал, Брэвіярый і каляндар.

Дэвізам пантыфікату Пія Х былі словы: «Аднавіць усё ў Хрысце» (Эф 1, 10). Папа займаў актыўную пазіцыю ў тагачасным палітычным жыцці і адыгрываў у ім далёка не апошнюю ролю. Калі Пію Х не ўдалося прадухіліць пачатку Першай сусветнай вайны, ён гэта вельмі цяжка перажыў і звярнуўся да ўсіх католікаў свету са спецыяльным пасланнем, у якім падкрэсліваў, што Хрыстус з’яўляецца «Князем супакою». Пій Х памёр праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, якую ён прадбачыў, і яго назвалі «першай яе ахвярай». Ён быў пахаваны ў базыліцы святога Пятра ў Рыме. На месцы яго пахавання адбылося шмат цудаў.

22 жніўня (чацвер): Успамін НПМ Каралевы

24 жніўня (субота): Свята Святога Барталамея, апостала
Святы Барталамей, (што па-габрэйску азначае сын Таламея ці сын аратая), хутчэй за ўсё, меў імя Натанаэль. Ён нарадзіўся на пачатку І ст. у Кане Галілейскай, а да Хрыста яго прывёў апостал Філіп. Пасля ўваскрасення Збаўцы Барталамей абвяшчаў Евангелле ў Арменіі, Месапатаміі і Індыі, аздараўляючы хворых і апантаных. Апостал быў забіты ў сярэдзіне І ст.: з яго жыўцом садралі скуру. Святы Барталамей з’яўляецца апекуном шахцёраў і мяснікоў, а таксама яго заступніцтва просяць пры нервовых і скурных хваробах.

1. У закрыстыі можна запісваць дзяцей на катэхезу на наступны навучальны год.

2. З 25 жніўня па 1 верасня адбудуцца ’’Канікулы з Богам’’ для дзяцей і моладзі. Запісы ў закрыстыі.

Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.