Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

20 чэрвеня (чацвер) – УРАЧЫСТАСЦЬ НАЙСВЯЦЕЙШАГА ЦЕЛА І КРЫВІ ХРЫСТА
Абавязковае свята. Святыя Імша а 12.00 і 19.00.

21 чэрвеня (пятніца) – Успамін св. Алаізія Ганзагі, законніка
Нарадзіўся 9 сакавіка 1568 г. на поўначы Італіі. Нягледзячы на сваё высокае паходжанне, ва ўзросце 17 гадоў адмовіўся ад спадчыны і ўступіў у Рыме ў Таварыства Езуса (ордэн езуітаў). Глыбокая пабожнасць і суровы лад жыцця спалучаліся ў Алаізія з вялікаю любоўю да хворых і да ўсіх, каму была патрэбная дапамога. Падчас эпідэміі чумы, якая лютавала ў Рыме, ён аддана дапамагаў хворым і клапаціўся пра годнае пахаванне тых, хто загінуў ад пошасці. У выніку Алаізій заразіўся сам і памёр 21 чэрвеня 1591 г. ва ўзросце 23 гадоў. Яго рэліквіі спачываюць у рымскім касцёле святога Ігнацыя. Святы Алаізій Ганзага з’яўляецца апекуном моладзі і студэнтаў, а таксама тых, хто выбірае свой жыццёвы шлях. Яго заступніцтва просяць пры заразных хваробах і хваробах вачэй.

1. Праз увесь месяц чэрвень штодня ў капліцы у 18.30 адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і “Чэрвеньскае набажэнства” на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У нядзелю набажэнства а 11.45.

2. У закрыстыі можна запісваць дзяцей і моладзь на катэхезу на наступны навучальны год, а таксама на Канікулы з Богам, якія пройдуць у жніўні ў нашай парафіі.

3. Запрашаем прыняць удзел у пілігрымцы да Будслава. Запісацца на пілігрымку можна ў закрыстыі. Адбудзецца таксама аўтобусная пілігрымка.

Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.