Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
29 красавіка (панядзелак): СВЯТА СВ. КАЦЯРЫНЫ СІЕНСКАЙ, ПАННЫ І ДОКТАРА КАСЦЁЛА, АПЯКУНКІ ЕЎРОПЫ.
Кацярына Бенінказа нарадзілася ў 1347 г. і была 24-м дзіцем у сям’і фарбавальшчыка з Сіены (Цэнтральная Італія). Ва ўзросце 12 гадоў Кацярына, згодна з жаданнем бацькоў, павінна была выйсці замуж, аднак глыбокая рэлігійнасць і багатае ўнутранае жыццё схілілі яе да таго, каб уступіць у трэці закон дамініканаў. У кляштары Кацярына навучылася чытаць і пазнаёмілася з навукай Касцёла. Кнігі і стасункі з вялікімі законнікамі сфармавалі яе духоўнасць і адкрылі шлях да незвычайных містычных перажыванняў.
Падчас падзелу Заходняга Касцёла Кацярына актыўна падтрымлівала законнага Папу і па яго просьбе пераехала ў Рым. Там яна і памерла ва ўзросце 33 гадоў, у апошнія гады жывячыся выключна Эўхарыстыяй. Яна пакінула мноства лістоў і «Трактат аб Божым Провідзе», дзе акрамя яе містычнага вопыту выказваецца таксама заклапочанасць станам тагачасанага Касцёла і грамадства.
1 мая (серада): Успамін св. Юзафа рамесніка
2 мая (чацвер): Успамін Св. Атаназія, біскупа і доктара Касцёла.
Святы Атаназій Вялікі з’яўляецца адным з найбольш значных дзеячаў усходняга Касцёла. Ён нарадзіўся каля 298 г. у Александрыі ў Егіпце. У 328 г. ён становіцца біскупам Александрыі і разам з гэтым вышэйшым кіраўніком Касцёла ў Егіпце і Лівіі. Біскуп Атаназій рашуча абараняў правы Касцёла ад парушэння з боку цэзара і некаторых біскупаў, якія лічылі Атаназія занадта маладым для таго, каб займаць такое высокае становішча.
Ён таксама адстойваў пастановы Нікейскага Сабору (325 г.) і нястомна змагаўся з арыянскай ерассю. З-за сваёй прынцыповай пазіцыі неаднаразова высылаўся і ўвогуле правёў у выгнанні 17 гадоў. Захавалася шмат ягоных працаў, лістоў і кніг, сярод якіх і жыццяпіс славутага пустэльніка Антонія, дзе падаюцца правілы манаскага жыцця. Гэты твор пасля Бібліі быў адной з самых папулярных кніг хрысціянскай старажытнасці. Атаназій перажыў усіх сваіх нядобразычліўцаў і памёр у Александрыі 2 мая 373 г.
3 мая (пятніца): СВЯТА СВ. СВ. ФІЛІПА І ЯКУБА, АПОСТАЛАЎ.
У пераліку апосталаў Філіп з’яўляецца пятым. Ён быў вучнем святога Яна Хрысціцеля і паходзіў з Бэтсаіды, што на Генісарэцкім возеры, дзе працаваў рыбаком. Там яго сустрэў Езус і паклікаў у супольнасць дванаццаці апосталаў. Пасля ўваскрасення Хрыста Філіп спачатку вёў місіянерскую дзейнасць у сябе на радзіме, а пасля накіраваўся ў Фрыгію (Малая Азія), дзе навярнуў і ахрысціў шмат паганаў. Там каля 80 г., ва ўзросце 87 гадоў, апостал прыняў мучаніцкую смерць: быў прыбіты да крыжа і пабіты камянямі.
Якуб Меншы (Малодшы) быў сынам Клеафаса і Марыі, сястры Найсвяцейшай Панны Марыі. Часта яго атаясамліваюць з Якубам, «братам Пана», які карыстаўся ў Ерузалеме вялікім аўтарытэтам і быў празваны «Праведны». Розныя крыніцы называюць яго таксама першым біскупам Ерузалему. У 62 г. першасвятар Анна асудзіў Якуба на смерць, і апостала скінулі са сценаў святыні, пасля чаго яго дабіў нейкі гарбар.
Рэліквіі абодвух святых спачываюць у Рыме, у базыліцы Дванаццаці Апосталаў. Святыя Філіп і Якуб лічацца апекунамі капялюшнікаў, крамнікаў, гарбароў.
1. На гэтым тыдні прыпадаюць:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да святарства
і манаскага жыцця.
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.
Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.
Інтэнцыя Жывога Ружанца на май: Молімся за дзяцей, моладзь і дарослых з нашай парафіі, якія ў гэтым месяцы прымуць Першую Святую Камунію і сакрамэнт канфірмацыі, каб поўны ўдзел у Св. Імшы і ўдзяленне Духа Святога, прынесла ў іх жыцці шматлікія плёны добрых учынкаў. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.
2. Ад сённяшняй нядзелі распачынаем запісы на летні дзіцячы лагер.
3. Праз увесь месяц май штодня у капліцы пасля вячэрняй Св. Імшы будуць адбывацца ”Маёвыя набажэнствы” да Найсвяцейшай Марыі Панны. У нядзелю пасля св. Імшы а 12 гадзіне.
4. У наступную нядзелю на св. Імшы ў 13.30 кс. біскуп Аляксандр Яшэўскі ўдзеліць сакрамэнт бежмавання групе моладзі і дарослых нашай парафіі.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.