Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
22 лютага (пятніца) – СВЯТА КАТЭДРЫ СВ. ПЯТРА АПОСТАЛА
23 лютага (субота) – Успамін св. Палікарпа, біскупа і мучаніка
Святы Палікарп нарадзіўся каля 70 г., ва ўзросце прыблізна трыццаці гадоў быў пасвечаны апосталам Янам на біскупа Смірны (сучасны Ізмір у Турцыі). Св. Ігнацый з Антыёхіі сустрэўся з ім падчас падарожжа ў Рым і потым з Траады напісаў да яго ліст. Абвінавачаны ў знявазе язычніцкіх звычаяў, Палікарп адважна вызнаў веру ў Хрыста перад праконсулам.
Як паведамляе апісанне яго мучаніцтва «Martirium Polycarpi» — адзін з найстарэйшых у Касцёле дакументаў, што сведчыць пра культ святых, — Палікарпа прымушалі праклясці Хрыста, аднак ён мужна адказаў: «Я служу Яму ўжо восемдзесят шэсць гадоў, і Ён ніколі не зрабіў мне нічога дрэннага. Як жа я магу абразіць майго Валадара і Збаўцу? Я — хрысціянін!» Святы быў асуджаны на спаленне, але паколькі полымя не пашкодзіла яму, быў забіты мячом. Захаваўся ліст Палікарпа да Філіпянаў, які з’яўляецца важным сведчаннем апостальскай Традыцыі і канону Святога Пісання. Святы з’яўляецца апекуном тых, хто пакутуе ад вушных хваробаў.
1. Працягваем Каляду – душпастырскія наведванні парафіянаў. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа падаць картку з адрасам. Перад тым, як прыйсці да вас, мы патэлефануем і папярэдзім.
Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць.
2. Сакрамэнт канфірмацыі ў нашай парафіі адбудзецца 5 мая. Дарослыя, якія не прынімалі гэтага сакраманту могуць запісацца ў закрыстыі для падрыхтоўкі. Першае спатканне сёння 17 лютага пасля Св. Імшы ў 13.30 у капліцы.
3. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.