Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
28 студзеня (панядзелак): Успамін Святога Тамаша Аквінскага, святара і доктара Касцёла.

Святы Тамаш нарадзіўся каля 1225 г. Быў выхаванцам абацтва Монтэ Кассіно. У маладым узросце ўступіў да ордэна дамініканаў. Вывучаў тэалогію ў Калоніі пад кіраўніцтвам Альберта Вялікага, а пасля ў Парыжы, дзе пасля сам выкладаў. З’яўляецца самым знакамітым прадстаўніком філасофіі і тэалогіі схаластычнай. Яго галоўныя працы: “Сумма тэалогіі” і “Сумма супраць паганаў” з’яўляюцца арыгінальнай сінтэзай філасофіі і тэалогіі схаластычнай. Напісаў таксама каментарый да Святога Пісання. Памёр 7 сакавіка 1274 г. па дарозе на сабор у Ліоне. З’яўляецца патронам каталіцкіх школ.
31 студзеня (чацвер): Успамін Святога Яна Боско, святара.
Святы Ян Боско, святар Турына, усё жыццё прысвяціў працы з моладзю. Дзеля апекі над моладзю залажыў таварыства святароў салезянаў і таксама кангрэгацыю Дачок Марыі Ўспамогі Хрысціянаў. Памёр у Турыне 31 студзеня 1888 года.
2 лютага (субота): Свята Ахвяраване Пана.
Успамінаецца дзень, калі прынеслі Езуса ў святыню, каб выканаць прадпісанне Старага Запавету. Свята спаткання Хрыста з сваім народам адзначалася ў Ерузаліме з 5 веку, а ў 7 веку было прынята на Захадзе. Гэтым святам акончваюцца урачыстасці, звязаныя з аб’яўленнем свету Слова Уцелаўлёнага.
Згодна са старадаўняй традыцыяй у свята Ахвяравання Пана благаслаўляюцца свечкі, так званыя грамніцы, якія запальваюцца падчас буры (грому) з малітваю аб апецы і абароне.
Св. Імша а 8.00, 12.00 і 19.00.
1. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса.
Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.
Інтэнцыя жывога ружанца на люты: Молімся аб здароўі для хворых, палёгку для церпячых і добрую смерць для паміраючых. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.
2. Паводле традыцыі ў паслякалядным часе адбываецца душпастырская візітацыя нашых сем’яў - каляда. Картачкі з адрасам, калі ласка аддаваць да закрыстыі. Перад тым, як прыйсці да вас мы спачатку патэлефануем.
Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць.
3. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.