Святы Ян быў любімым вучнем Пана Езуса. Быў сведкам Перамянення Пана і пакутаў у Аліўным Садзе. На Апошняй Вячэры заснуў на грудзях Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Пан Езус аддаў яму ў апеку Сваю Маці. Святы Ян напісаў Евангелле, тры апостальскія лісты і Апакаліпсіс. Згодна з прадказаннем Езуса Хрыста Святы Ян памёр натуральнай смерццю ў сталым узросце. Евангелле Святога Яна, якое дапаўняе іншыя, мае найглыбейшы выклад Божых таямніц. Ва Усходнім Касцёле Святому Яну нададзены тытул тэолага. У хрысціянскім іканапісе сімвалам Святога Яна ёсць арол.
Ян — адзін з дванаццаці апосталаў Езуса Хрыста, пакліканы сярод першых вучняў разам з ягоным братам Якубам.
Ян і Якуб былі сынамі Зэбэдэя і Саламеі, адной з жанчын, якія служылі Пану сваёй маёмасцю. Абодва браты былі рыбакамі, і Езус паклікаў іх на беразе Генісарэцкага возера: пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне, яны пайшлі за Хрыстом (гл. Мц 4, 21; Мк 1, 19).
Як паведамляе евангеліст Марк, Езус назваў братоў «Сынамі грома», магчыма, за іх парыўчы характар, які праявіўся, між іншым, у жаданні спаслаць агонь з неба на самаранскую вёску, дзе іх не прынялі (гл. Лк 9, 54), а таксама ў просьбе даць ім сесці ў Валадарстве Нябесным праваруч і леваруч ад Хрыста (гл. Мк 10, 35–37).
З евангельскага аповеду вынікае, што Ян і яго старэйшы брат Якуб былі у блізкіх адносінах з апосталам Пятром і разам з ім уваходзілі ў лік выбраных вучняў — «фаварытаў», ад назвы гары Перамянення, на якую Пан павёў толькі іх траіх. Яны таксама асобна ад іншых апосталаў сталі сведкамі ўваскрашэння дачкі Яіра (гл. Мк 5, 37) і малітвы Хрыста ў Аліўным садзе (гл. Мк 14, 33).
На Апошняй вячэры апостал Ян ляжаў на грудзях Збаўцы (гл. Ян 13, 23).
З апосталаў узгадваецца толькі адзін Ян сярод тых, хто быў пад крыжам Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Езус Хрыстус менавіта яму даручыў у апеку сваю Маці, Найсвяцейшую Панну Марыю.
Паводле падання, пасля Унебаўзяцця Панны Марыі апостал Ян скіраваўся ў Эфес і іншыя гарады Малой Азіі, дзе абвяшчаў Евангелле. Яго пропаведзь суправаджалася шматлікімі вялікімі цудамі, таму колькасць тых, хто верыў у Хрыста паводле яго слова, з кожным днём павялічвалася.
Падчас пераследу хрысціянаў, развязанага імператарам Неронам, апостала Яна ў кайданах прывялі ў Рым. За вернасць Хрысту яго асудзілі на смерць. Аднак выпіўшы кубак з атручаным віном, апостал застаўся жывым. У памяць пра гэта ў свята св. Яна, апостала і евангеліста, у Касцёле існуе традыцыя благаслаўлення віна.
Сасланы на выспу Патмас, Ян пражыў там шмат гадоў. Менавіта там ён бачыў аб’яўленні апошніх часоў, якія апісаў у кнізе Апкаліпсісу.
Пасля працяглага выгнання апостал Ян атрымаў свабоду і вярнуўся ў Эфес, дзе працягваў сваю дзейнасць, асцерагаючы хрысціянаў ад ерасяў. Паміж 85 і 95 гадамі ён напісаў там Евангелле, непераўзыдзенае ў сваёй тэалагічнай узнёсласці, за што апостала і евангеліста Яна называюць таксама Багасловам, а яго сімвалам лічыцца арол.
Святы Ян заклікаў хрысціянаў любіць Пана і адзін аднаго, каб такім чынам выканаць закон Хрыста. Любоў да Бога і бліжняга ён прапаведуе ў трох сваіх пасланнях, якія ўвайшлі ў Новы Запавет, і сам з’яўляецца прыкладам любові.
Апостал Ян адышоў у вечнасць каля 100 г. Лічыцца, што ён — адзіны з апосталаў, які памёр сваёй смерцю. На абразах св. Яна, апостала і евангеліста, найчасцей выяўляюць у пажылым узросце, з кнігай, анёлам або арлом. Часам яго выяўляюць маладым юнаком без барады, якім ён быў у часы зямнога жыцця Збаўцы.