Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы і прыгатаванне яе да перыяду адвэнту, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
3 снежня (панядзелак): Успамін Святога Францішка Ксаверыя, святара.

Святы Францішак – іспанец, пазнаёміўся ў Парыжу са Святым Ігнацыям Лаёлам, заснавальнікам Таварыства Езуса. Пад яго ўплывам стаў адным з яго гарлівых супрацоўнікаў у новым законе. Быў высланы на місію ў Індыю і навярнуў шматлікія паганскія народы. Потым распачаў Евангелізацыю ў Японіі. Меў намер падацца яшчэ і ў Кітай, але Бог яго паклікаў да вечнасці на гары Санцян каля Кантону 3 снежня 1552 года. Надзвычайная апостальская дзейнасць была плёнам яго глубокага ўнутранага жыцця і вернасці духоўным практыкаванням. Святы Францішак Ксаверый з’яўляецца апекуном каталіцкіх місій. Яго свята прыпамінае абавязак падтрымкі місій малітвай і ахвярай.
6 снежня (чацвер): Успамін Святога Мікалая, біскупа.
Святы Мікалай быў біскупам Міры ў Малой Азіі ў пачатку IV стагоддзя. Яго культ пашырыўся на Захадзе пасля перанясення рэліквій святога да Бары ў Італіі. У пастырскай дзейнасці ён адзначаўся міласэрнасцю. Бог узнагародзіў яго гарлівасць і любоў дарам здзяйснення цудаў. Легенда кажа, што ноччу Святы Мікалай клаў міласціну ў дамы патрабуючых. Адгэтуль пайшоў звычай адорваць дзяцей падарункамі ў гэта свята.
7 снежня (пятніца): Успамін св. Амброзія, біскупа і доктара Касцёла.
8 снежня (субота) УРАЧЫСТАСЦЬ БЕЗЗАГАННАГА ЗАЧАЦЦЯ НПМ – абавязковая прысутнасць на літургіі.
У гэты дзень, мы праслаўляем таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, якая Божаю ласкаю была захавана ад першароднага граху, кожны католік мае абавязак прыняць удзел у святой Імшы.
Дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны папам Піем IX у Апостальскім лісце (буле) Ineffabilis Deus («Невымоўны Бог») ад 8 снежня 1854 г.
Святая Імша ў 8.00, 12.00, 19.00.
1. На гэтым тыдні прыпадаюць:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
2. Сёння мы распачалі час Адвэнту – час чакання на Прыйсце Пана, час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Памятаем, што гэта час посту. На Адвэнт прынята рабіць пастановы. Заахвочваем таксама і вас прыняць на сябе постныя пастановы. Пастараймася напрацягу гэтага перыяда больш засяродзіцца над справамі нашага духоўнага жыцця. Належыць абмежаваць наш удзел у гучных забавах.
3. Згодна са старадаўняй традыцыяй у нашай парафіі будуць адбывацца ранішнія Святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас запрашаем на РАРАТЫ ад панядзелку да пятніцы ў 6.45 раніцы.
4. У закрыстыі можна набыць каляндары на 2019 год, аплаткі на вігілійны стол і свечку CARITAS.
5. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.