Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за дапамогу ў рэмонтах. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
1 кастрычніка (панядзелак) успамін Cвятой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, панна і доктар Касцёла

Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У пятнаццацігадовым узросце здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў.
Маладая кармэлітка зносіла выпрабаванні з годнай здзіўлення мужнасцю: з яе твару ніколі не знікала ўсмешка, а сама яна заўсёды была гатовая служыць бліжнім. Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кніжцы «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла. У гісторыі Касцёла яна стала трэцяй святой жанчынай, якая атрымала гэты тытул.
2 кастрычніка (аўторак) успамін св. Анёлаў Ахоўнікаў
4 кастрычніка (чацвер) успамін св. Францішка.
Нарадзіўся паміж 1181 і 1182 гг. у Асізі (Цэнтральная Італія) у сям’і багатага купца П’етро Бэрнардонэ. У маладыя гады Францішак быў поўным энергіі аматарам забаваў і жыццёвых задавальненняў, які марыў стаць рыцарам. Падчас вайны паміж Асізі і Перуджай Францішак на год трапіў у палон і за гэты час перажыў унутранае навяртанне. Маючы каля 25 гадоў, у невялічкім касцёле Сан Дам’яно ён пачуў голас Хрыста, які прамовіў да яго з крыжа: «Францішку, адбудуй Мой заняпалы Касцёл». Паслухмяны гэтаму наказу, зразуметаму літаральна, святы адбудаваў той касцёл.
Калі бацька Францішка запатрабаваў вярнуць грошы, выдаткаваныя на адбудову, пагражаючы пры гэтым пазбавіць сына спадчыны, той сам адрокся ад усёй маёмасці, пакінуў бацькоўскі дом і ў карычневым габіце басанож пайшоў вандраваць як жабрак. Да святога пачалі далучацца тыя, хто падзяляў яго ідэалы, і такім чынам утварыўся жабрачы ордэн францішканцаў. Верная супрацоўніца Францішка св. Клара заснавала жаночую галіну ордэна — другі закон св. Францішка (кларыскі). Жыццё і дзейнасць св. Францішка Асізскага, напоўненыя любоўю да ўсяго існага і замілавання навакольным светам, у найбольш глыбокім сэнсе прычыніліся да адбудовы ўсяго Касцёла на падставе нескажоных хрысціянскіх ідэалаў.
У гэты дзень таксама абыходзіць сваі імяніны наш сусед кс. Пробашч Францішак Рудзь
1. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса.
Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.
Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
Інтэнцыя Жывога Ружанца на кастрычнік: Молімся аб добрых плёнах XV Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання».
2. Пачынаючы ад 1 кастрычніка ў нашай капліцы будуць ладзіцца ружанцовыя набажэнствы. У звычайныя дні ў 18.30, у нядзелю ў 11:30.
Панядзелак – на польскай мове
Аўторак – адказная І Ружа Ружанцовая
Серада – моладзь
Чацвер – сем’і Суполкі Маці Божай END
Пятніца – дзеці
Субота – ІІ Ружа Ружанцовая
3. 4–6 кастрычніка ў Цэнтры сям’і ў Мінску (вул. Прытыцкага, 107а) пройдзе вялікі семінар для абаронцаў жыцця.
4. У першую пятніцу каастрычніка праходзіць Сусветная Дзіцячая Эўхарыстычная Гадзіна – дзеці моляцца аб супакоі ў свеце.
Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.