Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Асабліва дзякуем аніматарам, якія на працягу лета дапамагалі ў правядзенні ’’Канікулаў з Богам’’ для дзяцей і моладзі. Летнікі для скаўтаў і скаўтак. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
3 верасня (панядзелак): Успамін св. Грыгорыя Вялікага, папы і доктара Касцёла

Нарадзіўся ў Рыме ў 540 г. у знакамітай сенатарскай сям’і і ва ўзросце 32 гадоў стаў прэфектам Вечнага Горада. Праз нейкі час ён пакінуў пасаду і ўступіў у кляштар, заснаваны ў яго радавым палацы. У саракагадовым узросце прыняў пасвячэнне дыяканату з рук Папы Пелагія ІІ і на працягу сямі гадоў выконваў абавязкі нунцыя пры двары цэзара ў Канстанцінопалі. У 590 г. Грыгорый быў выбраны Папам. Падчас яго пантыфікату да Касцёла былі далучаныя тры вялікія народы: прынялі хрысціянства англічане, а таксама былі навернутыя з арыянскай ерасі лангабарды і іспанцы.

Грыгорый выкарыстоўваў касцёльныя сродкі на дабрачынную дзейнасць. Яго асаблівы клопат пра сацыяльныя справы стаў характэрнаю рысаю яго душпастырства і прыкладам для ўсіх наступных Папаў. Грыгорый напісаў шмат тэалагічных працаў, а яго Маральная тэалогія паўплывала на ўсю эпоху Сярэднявечча. Некаторыя гаміліі Грыгорыя ўвайшлі і ў сучасны брэвіярый. Святы Грыгорый Вялікі з’яўляецца адным з чатырох заходніх Айцоў Касцёла і лічыцца апекуном музыкантаў, спевакоў і харыстаў, а таксама касцёльных школаў.

8 верасня (субота): Свята Нараджэнне НПМ
Святкаванне нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі нясе глыбокі тэалагічны змест. Нараджэнне Марыі было непасрэдным прадказаннем надыходу Збавіцеля. Айцы Касцёла казалі, што Марыя папярэднічае прыходу Месіі, таксама як і прыход світання абяцае поўны бляску дзень.

Гэта свята нагадвае нам аб тым, што Марыя была звычайным чалавекам. Хоць яна і захоўвалася ад заразы граху, аднак праз усё жыццё мела вольную волю і не была нічым абмежавана. Як і кожны з нас, яна мела бацькоў, цешылася, дапамагала ім ва ўсіх справах, а таксама мела сяброў і родных. Аднак яе давер, паслухмянасць і поўны свядомасці адказ Богу «так» учынілі, што словы з гімна Magnificat «хваліць яе будуць усе пакаленні» актуальныя і сёння.

1. На гэтым тыдні прыпадае:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай.
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса.
Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.

2. Нагадваем, што з 1 верасня 2018 змяніўся расклад набажэнстваў на зімовы час.
Расклад набажэнстваў:
Святая Імша ў нядзелю: 9.00, 10.30, 12.00, 13.30, 18.00
у суботу: 8.00 і 19.00
у будні: 7.00 і 19.00

3. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2018/2019 навучальны год. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу. Пачатак заняткаў 9 верасня 2018 г.

4. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара.

5. Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да каталіцкіх скаўтаў у нашай парафіі.

6. Запрашаем новых кандыдатаў у дзіцячы і моладзевы музычны гурт нашай парафіі, а таксама ў парафіяльны хор.

7. У панядзелак 3 верасня ў касцёле св. Сымона і Алены пасля св. Імшы а 19.00 адбудзецца арганізацыйная сустрэча для пілігрымаў на сустрэчу з Папай Францішкам.

Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.