Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы і вакол капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні прыпадае:
31 ліпеня (аўторак) – Успамін св. Ігнацыя Лаёлы, святара
1 жніўня (серада) - Успамін Святога Альфонса Марыі Лігуоры, біскупа і доктара Касцёла
Нарадзіўся 27 верасня 1696 г. у прадмесці Неапаля ў Італіі. У 16-гадовым узросце атрымаў тытул доктара права і на працягу 10-ці гадоў працаваў адвакатам. Расчараваўшыся ў адвакацкай дзейнасці, вырашыў распачаць новае жыццё і ў 1726 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Напачатку Альфонс займаўся місіянерскай дзейнасцю сярод вясковага насельніцтва ў ваколіцах Неапаля. У 1732 г. заснаваў манаскую супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля — ордэн рэдэмптарыстаў, мэтаю якога стала абвяшчэнне Евангелля духоўна занядбаным і бедным з дапамогаю місій і рэкалекцый.
Простыя людзі вельмі любілі і паважалі Альфонса, які быў добрым прапаведнікам і спаведнікам. У 1762 г. Папа прызначыў яго біскупам адной невялікай дыяцэзіі непадалёк ад Неапаля. Альфонс Марыя Лігуоры памёр 1 красавіка 1787 г. Сярод яго шматлікіх твораў найбольш вядомымі сталі «Маральная тэалогія» і «Homo apostolicus» («Апостальскі чалавек»). Святы з’яўляецца апекуном спаведнікаў, духоўных кіраўнікоў і тэолагаў.
4 жніўня (субота) – Успамін Святога Яна Марыя Віянэя, святара
Святы Ян Марыя Віянэй, нарадзіўся 8 мая 1786 г. у сям’і бедных французскіх сялянаў. Яго маладосць праходзіла ў гады французскай рэвалюцыі, калі Касцёл у Францыі пакутаваў ад жорсткага пераследу, але Ян патаемна наведваў заняткі па рэлігіі і прыняў першую святую Камунію. Спачатку яго жаданне стаць святаром не магло здзейсніцца з-за малых поспехаў у вучобе. З вялікімі цяжкасцямі Яну Віянэю ўдалося атрымаць святарскае пасвячэнне, і ён быў прызначаны пробашчам у Арс непадалёк ад Ліёна.
Сваім адданым служэннем ён пераадолеў рэлігійную абыякавасць мясцовых жыхароў і стварыў квітнеючую парафіяльную супольнасць. Ян Марыя засноўваў школы, таварыствы, дзіцячыя дамы і цалкам прысвячаў сябе душпастырскай працы. Ён мала спаў, амаль нічога не еў, увесь дзень праводзіў у касцёле і спавядаў да позняй ночы. У Арс прыязджала ўсё больш людзей, якія хацелі атрымаць ад яго тую ці іншую параду. Ян Віянэй памёр 4 жніўня 1859 г. Яго цела спачывае ў базыліцы, пабудаванай над старым касцёлам у Арсе. Святы з’яўляецца апекуном пробашчаў.
1. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
Дадатковая св. Імша а 12 гадз.
Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.
Інтэнцыя жывога ружанца на месяц жнівень: Молімся аб цвярозасць у сем’ях нашай парафіі і ўсяго народа; аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.
2. Жнівень – гэта месяц цвярозасці. Заклікаем вас на працягу ўсяго жніўня ўстрымацца ад ужывання алкагольных напояў. Свае абяцанні можна задэкляраваць у спецыяльнай «Кнізе цвярозасці».
Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.