Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
21 мая (панядзелак) – Успамін НПМ Маці Касцёла
24 мая (чацвер) – Свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара
26 мая (субота) -  Успамін св. Філіпа Нэры, святара

Нарадзіўся ў Фларэнцыі ў 1515 г., ва ўзросце 18 гадоў адмовіўся прыняць спадчыну і накіраваўся ў Рым, дзе вывучаў тэалогію і на працягу 16 гадоў працаваў хатнім натаўнікам у адной сям’і. Філіп вёў вельмі сціплае жыццё, напоўненае малітвай і пакаяннем; пэўны час супрацоўнічаў са св. Ігнацыем Лаёлам. Ночы ён часта праводзіў на малітве ў катакомбах, размешчаных пад горадам, і меў шмат містычных ласкаў і бачанняў. Падчас адной з такіх малітваў у катакомбах святога Себасцьяна ён убачыў вогненны шар, які ўвайшоў у ягоныя вусны, а яго сэрца пашырылася пад уздзеяннем нейкай невядомай велізарнай сілы. Гэтае здарэнне паўплывала на ўсё яго далейшае жыццё: ён прысвяціў сябе місіянерскай дзейнасці на вуліцах і плошчах Вечнага Гораду.

Нетрадыцыйнаю формаю апостальства і палымянымі казаннямі, поўнымі радасці, ён прыцягваў да сябе шматлікіх прыхільнікаў, аднак сярод духавенства ў яго было шмат непрыяцеляў, бо Філіп папракаў касцёльных дзеячаў у кан’юнктуры і прывязанасці да матэрыяльных выгодаў. У 1551 г. 38-гадовы Філіп Нэры прыняў святарскае пасвячэнне і далучыўся да супольнасці святароў, з якой праз год стварыў т. зв. «Араторый» — будучы закон аратарыянаў (філіпінаў).

Мэтай дзейнасці гэтай супольнасці апостальскага жыцця стала абуджэнне ў сэрцах людзей радасці ад блізкасці да Бога праз асабістую пабожнасць і энтузіязм. Філіп Нэры жыў гэтым кожны дзень і хутка апынуўся ў цэнтры ўвагі ўсяго Рыму. У араторыі — доме малітвы — збіраліся святары і свецкія вернікі, каб вывучаць Святое Пісанне і разам маліцца. Гэтая дзейнасць прыносіла багаты духоўны плён, дзякуючы чаму Філіпа Нэры пачалі называць апосталам Рыму. Ён быў блізкім сябрам святых Ігнацыя Лаёлы, Караля Барамэя і Францішка Сальскага. Па парады да яго звярталіся біскупы, кардыналы і Папы, ён быў аточаны ўсеагульнай любоўю.

Яму некалькі разоў прапаноўвалі кардынальскае званне, але ён адмаўляўся. Свой зямны шлях Філіп Нэры завяршыў 26 мая 1595 г. у келлі пры касцёле Санта Марыя ін Валічэла, дзе да гэтага часу ў капліцы св. Філіпа знаходзяцца яго рэліквіі. За вясёлую натуру Філіпа Нэры, які заўсёды быў гатовы да забаваў і добрых жартаў, часам называюць «святым камедыянтам», таму ён лічыцца апекуном гумарыстаў, а яшчэ яго заступніцтва просяць пры жаночай бясплоднасці і хваробах рук і ног.

1. Сёння падчас Св. Імшы на 13.30 будзем святкаваць першую гадавіну Першай Святой Камуніі дзетак нашай парафіі.

2. Таксама сёння  заканчваецца катэхетычны і фармацыйны год. Запрашаем дзяцей і моладзь на салодкі стол і супольную забаву ў 14.30.

Шчыра дзякуем кожнаму, хто ў гэтым годзе дапамагаў у душпастырстве дзяцей і моладзі сваім ахвярным служэннем, асаблівым чынам нашым дарагім сёстрам, катэхеткам, кіраўнічкам хораў, шэфам ‘’Божых Каровак’’, ‘’Ваўчанятаў’’, скаўтаў і скаўтак. Няхай Пан Бог шчодра адудзячыць усім, хто ў вельмі разнастайны спосаб нас падтрымліваў і дапамагаў. Дзякуем Пану Богу за Вас і Вашае служэннне!

3. У чацвер 24 мая падчас урачыстай Святой Імшы а 19.00 нашыя кандыдаты будуць уведзеныя ў паслугу міністранта. Запрашаем усю Літургічгую Службу Алтара разам з бацькамі да супольнай малітвы.

4. У наступную нядзелю 27 мая ў нашай парафіі ўрачыстасць Першай Святой Камуніі. У сувязі з гэтым расклад св. Імшы будзе наступны: 9.00, 10.30 (Святая Камунія – група 1), 13.00 (Святая Камунія – група 2), 18.00. (Не будзе Св. Імшы а 12.00).

Першая Споведзь у пятніцу 25 мая: 17.00 - група 2, 19.45 – група 1.

5. 3 чэрвеня па вуліцах сталіцы пройдзе Эўхарыстычная працэсія. Па традыцыі працэсіі будзе папярэднічаць святая Імша, якая распачнецца ў 9.00 каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

Падчас працэсіі — ад 9.00 да 14.00 — у мінскіх касцёлах, капліцах і іншых месцах малітвы горада святыя Імшы цэлебравацца не будуць. Таксама ў нашай капліцы не будзе св. Імшы а 9.00, 10.30, 12.00 і 13.30.

У нашай капліцы ў гэты дзень адбудзецца св. Імша ў 19.00

6. Нагадваем, што з 1 чэрвеня змяняецца расклад набажэнстваў на час летніх канікулаў. У буднія дні св. Імша будзе толькі а 19.00, а нядзельная вечаровая св. Імша пераносіцца з 18.00 на 19.00.

Расклад набажэнстваў:

Святая Імша ў нядзелю: 9.00, 10.30, 12.00, 19.00
у суботу і будні: 19.00

7. У закрыстыі можна запісваць дзяцей і моладзь на катэхезу на наступны навучальны год, а таксама на Канікулы з Богам, якія пройдуць з 26 жніўня да 2 верасня ў нашай парафіі.

8. У панядзелак 28 мая пасля вечаровай Св. Імшы (прыкладна ў 19.45) арганізацыйнае спатканне для бацькоў перад выяздам дзяцей у чэрвені на “Канікулы з Богам”.

9. Запрашаем прыняць удзел у пілігрымцы да Будслава. Запісацца на пілігрымку можна ў закрыстыі. Адбудзецца таксама аўтобусная пілігрымка.

10. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.