Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем дырэктару «Нацыянальнага Карытас» Рыма-каталiцкага Касцёла ў Рэспублiцы Беларусь ксяндзу Віталію Дабраловічу за прысутнасць і дапамогу ў развіцці парафіяльнага Карытас. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
14 мая (панядзелак): СВЯТА СВ. МАЦЕЯ, АПОСТАЛА
Пасля здрады і самазабойства Юды, аднаго з дванаццаці апосталаў, было вырашана выбраць на яго месца іншага. З двух кандыдатаў, якія належалі да ліку бліжэйшых вучняў Хрыста і Яго надзейных паслядоўнікаў, жэрабе выпала на Мацея, імя якога азначае «дар Ягвэ». Ён, хутчэй за ўсё, паходзіў з Бэтлеему і быў адным з 72 вучняў, пра якіх гаворыцца ў Евангеллі. Ён напэўна ўдзельнічаў ва ўсіх падзеях жыцця Хрыста, пачынаючы ад хросту ў Ярдане аж да ўваскрасення і спаслання Святога Духа.
Пасля далучэння да супольнасці апосталаў Мацей навучаў у Юдэі, «за Эфіопіяй» і, магчыма, у Македоніі і Калхідзе (на Каўказе). Яму прыпісваюць шматлікія цуды. Адносна яго смерці існуюць дзве версіі. Паводле першай, Мацей памёр натуральнай смерцю ў Македоніі, а паводле другой, апостал вярнуўся ў Юдэю, дзе быў пабіты камянямі, і калі ён яшчэ жыў, нейкі жаўнер адсек яму галаву сякерай. У момант смерці яму было каля 63 гадоў. Святы Мацей лічыцца апекуном рамеснікаў, якія займаюцца будаўніцтвам, сталяроў, разьбяроў, кавалёў, а таксама ахоўнікам ад коклюшу і бясплоднасці.
16 мая (сераду) - успамін св. Андрэя Баболі, святара і мучаніка
Нарадзіўся каля 1591 г. Пасля заканчэння сярэдняй школы уступіў у ордэн езуітаў у Вільні. Прайшоўшы курс філасофіі і тэалогіі ў Віленскім універсітэце, у 1622 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і цалкам прысвяціў сябе душпастырскаму служэнню ў тых мясцінах, куды яго выпраўляла духоўнае кіраўніцтва. З 1642 г. ён вёў адданую місіянерскую дзейнасць на Піншчыне. У той час рэлігійнае жыццё палешукоў было ў вельмі занядбаным стане: у народзе панавалі шматлікія забабоны, людзі амаль не ўдзельнічалі ў набажэнствах.
Андрэй Баболя хадзіў праз балоты з вёскі ў вёску, несучы святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся. Ён добра ведаў творы ўсходніх айцоў Касцёла і заўсёды мог аргументавана адстойваць аўтарытэт каталіцтва ў розных рэлігійных дыспутах. Дзякуючы яго намаганням шмат людзей навярнулася да Бога і паядналася з Каталіцкім Касцёлам. З-за гэтага Андрэя Баболю называлі апосталам Піншчыны і «душахватам».
У той жа час рэзка абвастрыліся адносіны паміж канфесіямі, у першую чаргу — з праваслаўнаю. Супярэчнасці на рэлігійнай глебе імкнуліся выкарыстаць для дасягнення сваіх брудных мэтаў розныя сілы. Адной з такіх сілаў былі казакі, якія дзейнічалі цалкам бескантрольна і тэрарызавалі ўсё мясцовае насельніцтва. У сераду 16 мая 1657 г. казакі уварваліся ў Янаў Палескі (сучаснае Іванава Брэсцкай вобл.), дзе яны забілі ўсіх каталікоў і жыдоў, не зважаючы на ўзрост, пол і паходжанне.
Даведаўшыся, што незадоўга перад гэтым з Янава выйшаў Андрэй Баболя, выправіліся за ім у пагоню. Схапіўшы, яго страшэнна збілі і, прывязанага паміж двума канямі, прыцягнулі ў Янаў. Там казакі некалькі гадзін люта здзекаваліся са сваёй ахвяры, выдумляючы ўсё новыя жахлівыя катаванні, пасля чаго два ўдары шабляй перарвалі зямное жыццё святога. Яго знявечанае цела было прывезена ў Пінск, пазней — у Полацк. Савецкія ўлады перавезлі рэліквіі святога ў Маскву і, як знак удзячнасці Папу за дапамогу ў час голаду на пачатку 20-х гг., перадалі іх у Рым. Пасля кананізацыі Андрэя Баболі, якая адбылася ў 1938 г., рэліквіі былі перададзены Польшчы і цяпер знаходзяцца ў Варшаве. Святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі, 4-м апекуном Польшчы і патронам чыгуначнікаў.
1. Праз увесь месяц май, штодня ў капліцы у 18.30 будзе адбывацца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, ружанец і ”Маёвыя набажэнствы” да Найсвяцейшай Марыі Панны. У нядзелю набажэнства а 11.45.
2. Працягваем запісы на летні дзіцячы і моладзевы лагер.
3. У наступную нядзелю 20 мая падчас св. Імшы на 13.30 будзем святкаваць першую гадавіну Першай Святой Камуніі дзетак нашай парафіі.
4. Таксама 20 мая адбудзецца заканчэнне катэхетычнага года для дзяцей і моладзі нашай парафіі. Сумесная забава а 14.30 каля капліцы.
5. У нядзелю 27 мая ў нашай капліцы адбудзецца асаблівая урачыстасць. А 10.30 і 13.00 св. Імша з удзяленнем Першай Святой Камуніі двум групам дзяцей нашай парафіі.
6. 3 чэрвеня па вуліцах сталіцы пройдзе Эўхарыстычная працэсія.
У гэтым годзе нашая парафія адказная за прыгатаванне другога алтара.
Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласк.